15 гадоў і 100 мільёнаў за забойства маці на вачах у сына

“У сітуацыі, калі зразумеў, што зрабіў, ён разрэзаў цела на кускі, схаваў у возеры. Потым яшчэ тыдзень рабіў выгляд, што шукае былую жонку, прыходзіў у дзіцячы садок і пытаўся, ці можна пазбавіць Ганну бацькоўскіх правоў… Я думаю, што ён абавязкова будзе падаваць на апеляцыю”, — расказвае журналістам пасля вынясення прысуда Уладзімір, які жыў з загінулай два апошнія гады.

Абвяшчэнне прысуду займае каля пяці хвілін. Казлова заводзяць ў залу паседжанняў літаральна праз натоўп журналістаў і сваякоў Сардэчкінай — будынак суда Завадскога раёна стары і не прадугледжвае асобных выхадаў для абвінавачваных. У самой зале поўна міліцыі — праваахоўнікі стаяць шэрагам перад журналістамі, некалькі міліцыянераў ахоўваюць жалезную клетку з Казловым.

Ён прысуд успрымае вельмі спакойна, без эмоцый. 15 гадоў — максімальны тэрмін, які пагражаў Казлову. Акрамя гэтага, мужчына павінен выплаціць сястры Сардэчкінай 100 мільёнаў кампенсацыі маральнай шкоды і 12,5 — матэрыяльнай.

Адвакат прасіў прысудзіць Казлову мінімальна магчымы тэрмін — шэсць гадоў пазбаўлення волі. На працягласць тэрміну зняволення магло паўплываць прызнанне віны і дапамога следству — Казлоў падрабязна расказваў аб усім, што зрабіў са сваёй былой жонкай. Аднак родныя і блізкія загінулай у шчырасць раскаяння Канстанціна Казлова не асабліва вераць. Грамадзянскі муж Ганны Уладзімір гаворыць, што родныя не прынялі такога раскаяння.

“Вы спытайце ў тых, хто бачыў ўсё збоку. У родных Ані спытайце. Спытайце, ці прынялі яны прызнанне. Калі чалавек падчас суда 15 разоў мяняе свае паказанні, ён раскаяўся, ён прызнаў сваю віну? Навошта мяняць паказанні, калі ты прызнаў віну і ўсё расказаў?”.

З залы суда Казлова выводзяць чатыры міліцыянты, яшчэ столькі ж ладзяць для яго адмысловы калідор. У натоўпе чуваць воклічы — мала далі. Пасля забойства (следства высветліла, што ён задушыў былую жонку рукамі) Казлоў у ванне разрэзаў цела Ганны на кавалкі, якія пасля вынес з кватэры ў некалькіх заплечніках і выкінуў у Цнянскае вадасховішча, папярэдне паклаўшы ў заплечнікі гантэлі.

Больш за 15 гадоў калоніі за забойства былой жонкі Казлоў атрымаць не мог — Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае асобнага пакарання за расчляненне трупа. Большыя тэрміны зняволення ўключна з выключнай мерай — расстрэлам — прадугледжаныя толькі за забойства з асаблівай жорсткасцю, альбо за забойства некалькіх чалавек.

Падчас суда Канстанцін Казлоў расказаў, што забіў былую жонку, бо “не змог дамовіцца з ёй аб часе наступнага спаткання з сынам”. Следства высветліла, што малалетні сын Казлова і Сардэчкінай бачыў сцэну забойства маці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі