14-гадовая Насця баіцца распісвацца з бацькам яе дзіцяці

14-гадовая Насця баіцца распісвацца з бацькам яе дзіцяці

14-гадовая Насця зацяжарала ад 27-гадовага Віктара – гэтая гісторыя зімой усклыхнула ўсю Беларусь. Віктара тады судзілі за сексуальныя адносіны з малалетняй і тры месяцы ён правёў у СІЗА. Аднак справу перагледзелі і пакаранне адтэрмінавалі на тры гады, каб дапамагаў маладой маме гадаваць дзіця.

 

У сакавіку Еўрарадыё адведала пару — тады ўсё выглядала нармальна. Праз чатыры месяцы пасля сустрэчы цікавімся ў Віктара, што адбываецца ў жыцці "маладых", якія 13 красавіка сталі бацькамі дзяўчынкі Вікторыі.

Хлопец распавядае, што да 15-годдзя Насця з дачкой мусяць жыць у яе мамы. Пасля Дня нараджэння дзяўчыны пара плануе распісацца. Пакуль жа Віктар фінансава забяспечвае дачку:

14-гадовая Насця баіцца распісвацца з бацькам яе дзіцяці

"Грошы я ім не даю, бо не давяраю маці Насці, але набываю ўсё сам: падгузнікі, дзіцячае харчаванне, вільготныя сурвэткі. Напрыклад, упакоўка 90 штук "памперс", троечка, сёння каштуе 350 тысяч".


Па словах Віктара, зарабляе ён добра: нядаўна атрымаў больш за 7 мільёнаў. Праўда, з-за працы не можа часта бачыць дачку, а яшчэ давесці да ладу хату і парамантаваць "Жыгулі", якія так і стаяць у двары. Да таго ж пасадзіў агарод, але, сцвярджае, Насця... не хоча палоць, адсюль і канфлікты.


"Натуральна, складваецца ўсё цяжка, бо яна нічога не ведае, нічога не хоча рабіць, нічога не разумее, — скардзіцца на 14-гадовую дзяўчыну, якая нядаўна нарадзіла і даглядае дзіця, мужчына. — Усё даводзіцца рабіць самому. Хіба пойдзе яна агарод палоць? Вы што, смеяцеся? Яна ніколі гэтага не рабіла і проста не ведае, як гэта робіцца. Ды і не заўсёды мяне слухаецца — у кожнага ж свой характар. Усё гэта дзіцячыя канфлікты. Пазлуецца тыдзень, і ўсё нармальна. Хоча гуляць — не нагулялася".

14-гадовая Насця баіцца распісвацца з бацькам яе дзіцяці

Насця бачыць сітуацыю па-іншаму.


"Тэлефануе і просіць прыйсці папалоць. Я палю. А з ім нешта робіцца: пачынае на мяне крычаць, ні за што мяне ўдарыў! — скардзіцца дзяўчына. — Чаму я ўвогуле мушу палоць гэтыя агароды? Я ж там не жыву. У мяне ў мамы ёсць агарод, у мяне маленькае дзіця, сам ён у хаце сядзіць, а я мушу палоць?"


Насця запэўнівае, што Віктар не праяўляе ніякай цікавасці да дзіцяці — бачыў дачку месяц таму, калі прыязджалі яго бацькі і хацелі пазнаёміцца з унучкай. Не дапамагае ён і грашыма. Хаця фінансавая сітуацыя незайздросная: маці дзяўчыны вымушаная за свой кошт узяць адпачынак на 90 дзён, каб дапамагаць Насці даглядаць дзіця, пакуль самой маладой маме не споўніцца 15 гадоў. Цяпер жыве Насця з маці і дачкой на сваю дапамогу па страце кармільца (яе бацька загінуў) — а гэта 200 рублёў (два мільёны недэнамінаваных). Дапамогу і выплаты, якія налічваюцца бацькам у сувязі з нараджэннем дзіцяці, дзяўчына атрымае толькі цягам гэтага месяца.


Маці Насці, Вольга Уладзіміраўна, у шоку ад таго, што адбываецца:


"Як дурніца, ездзіла ў Гомель на суд, плакала, прасіла, каб вызвалілі. Суддзя яшчэ ў мяне пыталася: "Вы ўпэўненыя ў гэтым чалавеку, што так просіце?". Нармальны быў чалавек. Я ніколі ў жыцці не падняла на яе руку. А ён падняў! Я яму пасля гэтага сказала, што, Віця, Насця да цябе не пойдзе жыць. Ну як жыць, калі яна яго баіцца!?"


Цягам бліжэйшых трох гадоў за Віктарам усталяваны прафілактычны нагляд. У гэты перыяд ён мусіць быць законапаслухмяным грамадзянінам. Участковы інспектар міліцыі Асташкавіцкага Сельскага Савета Аляксандр Алепінаў у каментарыі для Еўрарадыё сцвярджае, што са скаргамі на Віктара дзяўчына не звярталася. Самога хлопца інспектар характарызуе станоўча.


Чаму Насця не заяўляе на Віктара ў міліцыю, калі той падымае на яе руку, дзяўчына адказаць не можа: магчыма, баіцца, ці спадзяецца, што ўсё яшчэ можа наладзіцца. Хоць і выдаліла былога каханага з сяброў "Вконтакте".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі