11 гадоў таму Лукашэнка скасаваў Вярхоўны Савет і пашырыў свае паўнамоцтвы

24 лістапада 1996 года адбыўся рэферэндум, на якім беларусы прынялі папраўкі прэзідэнта ў Канстытуцыю. У выніку, на змену Вярхоўнаму Савету прыйшла Палата прадстаўнікоў, а Аляксандр Лукашэнка атрымаў даволі шырокія паўнамоцтвы. 11 гадоў таму адбыўся рэферэндум па пытаннях змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, прапанаваных Аляксандрам Лукашэнкам. Напярэдадні супрацьстаянне ўраду і прэзідэнта краіны дасягнула свайго апагею.

Супраць прапановы Лукашэнкі выступілі старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі, старшыня Канстытуцыйнага суда Вячаслаў Ціхіня, кіраўнік Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар, а таксама шматлікія дэпутаты і высокапастаўленыя асобы. Некаторыя актыўныя ўдзельнікі гэтага супрацьстаяння неўзабаве па нявысветленых абставінах зніклі без вестак.

Сярод іх — Віктар Ганчар і міністр унутраных спраў Юры Захаранка. Дэпутат Андрэй Клімаў трапіў за краты, а Сямён Шарэцкі іміграваў. Тагачасны дэпутат Анатоль Лябедзька, прыгадваючы лістападаўскія падзеі 96-га, гаворыць, што тады быў шанец для Беларусі, каб пайсці зусім іншай дарогай.

Анатоль Лябедзька: “Тады была сітуацыя рэальнага двоеўладдзя. Быў Лукашэнка са сваімі памкненнямі да ўсталявання аўтарытарнага праўлення. Як супрацьвага была значная частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання, а таксама Канстытуцыйны суд на першым этапе.

Гэта сітуацыя двоеўладдзя стварала моцную палітычную інтрыгу. Усё магло пайсці як па адным сцэнарыі, так і па другім. На жаль, тады і Вярхоўны Савет, і Канстытуцыйны суд, і дэмакратычная супольнасць (палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі), яны прайгралі той раунд. Лукашэнка пайшоў на ўжыванне сілы.

Ён выкарыстаў палітычную і іншую падтрымку з боку Расіі і выйграў той раунд. Далей усё пайшло на аслабленне таго супраціву. Пасля гэтага фактычна знік суд, не толькі Канстытуцыйны, але і наогул.

Ці магло ўсё быць іначай? Магло… хай і з невялікімі шанцамі, калі б кіраўніцтва Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага суда заняло больш жорсткую, прынцыповую і паслядоўную пазіцыю. Патрэбна было браць на сябе адказнасць і ініцыятыву. Тады можна было б разлічваць на выхад людзей на вуліцу, на іх падтрымку”
.



Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі