ЗША за месяц дэпартавалі 117 кубінскіх мігрантаў

За апошні месяц ЗША дэпартавалі 117 кубінскіх мігрантаў. Як паведамляе ВВС, у пятніцу дзвюх жанчын накіравалі ў Гавану на рэйсе, спецыяльна арганізаваным для вяртання нелегалаў. Раней мігрантаў вярталі на Кубу на камерцыйных авіярэйсах і на марскіх суднах.

Дэпартацыі звязаныя са зменамі ў міграцыйнай палітыцы Злучаных Штатаў. Раней кубінцы, якія траплялі на тэрыторыю ЗША, маглі заставацца ў краіне без атрымання візы. Але папярэдні прэзідэнт Барак Абама адмяніў для іх асаблівы міграцыйны рэжым за некалькі дзён да таго, як пакінуў Белы дом. Гэтае рашэнне было прынятае ў сувязі з паляпшэннем адносінаў з Кубай.

Улады Вострава Свабоды даўно дамагаліся гэтага рашэння. Яны тлумачылі, што з-за магчымасці застацца ў ЗША і атрымаць від на жыхарства многія кубінцы адважваюцца на небяспечныя падарожжы.