Зоркі байкатавалі мюзікл “Прарок”? (фота)

Пасля 20 верасня замест Іллі Алейнікава галоўную ролю прарока будзе выконваць беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Учора 30 жніўня адбылася прэм’ера, можна сказаць, першага беларускага мюзікла “Прарок”. Музыку да яго напісаў Ілля Алейнікаў, сцэнар і лібрэта – акцёр Мікалай Дуксін, а пастаноўкай займаўся модны польскі рэжысёр Януш Юзэфовіч, вядомы як аўтар першага маскоўскага мюзікла «Метро».

За паўгода рэпетыцый было зроблена шмат, але адразу пасля спектакля Мікалай Дуксін паведаміў зале, што за дзень да прэм’еры былі прблемы з гукам ды святлом, і трупа была вымушаная спадзявацца на рускае “авось”. І насамрэч пашанцавала. Мюзікл праходзіў пры аншлагу і з актыўнай рэакцыяй гледачоў на ўсе дзеянні. Але самыя гучныя авацыі былі пасля нечаканага з’яўлення на сцэне Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай. Яны выконвалі ролі старых, якія ўсё жыцё кахаюць адзін аднаго нягледзячы ні на якія жыццёвыя праблемы. Адразу пасля прэм’еры Аляксандр Ціхановіч расказаў нам, як ён трапіў у мюзікл і ці не будзе ўдзел у “Прароку” перашкаджаць уласнай гастрольнай дзейнасці:

“Калі Алейнікаў толькі пачаў працаваць над мюзіклам, ён сказаў, што ў яго ёсць задумка і ў гэтай ролі сужэнцаў ён бачыць толькі нас. Яна спецыяльна пісалася для нас, і мы вельмі радыя паспрабаваць сябе і ў гэтым жанры. Справа ў тым, што ў мюзікла ёсць некалькі складаў. Я думаю што першы час будзе ездзіць, вядома, першы склад. Ну, а далей будзем неяк старацца, Алейнікаў жа таксама артыст з актыўным гастрольным графікам”.

Складана сказаць, якія ўражанні пасля прэм’еры былі ў гледачоў. Хтосьці казаў, што для беларусаў мюзікл гэта нова, а таму і цікава, але ў Маскве “Прарок” быў бы трэцім сортам. Ну а хтосьці казаў (і мы з гэтым згодныя), што на мюзікл трэба схадзіць кожнаму, але крыху пазней, бо пакуль ён усё ж яшчэ сыраваты. Тым больш што ў хуткім часе замест Алейнікава ў галоўнай ролі будзе выступаць беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч. Пасля прэзентацыі Зміцер расказаў, што ён адчуваў, знаходзячыся за заслонай, і падзяліўся сваімі ўражаннямі:

“Жаданне было. Ведаеш, калі я быў тры месяцы пры акцёрскай працы, і адчуванне, што ты зараз не тут, не вельмі весела. Але гэта нармальны працэс, і я рады, што ўсё атрымалася. Таму што сёння вельмі малы працэнт таго што не ўдалося. Большасць удалася, да таго ж паўплывала такая эмацыянальная рэч, як прэм’ера”.

Як высветлілася, рэжысёр “Прарока” Януш Юзэфовіч не прысутнічаў на прэзентацыі. Мы даведаліся, што ў яго былі справы, дый кантракт з рэжысёрам скончыўся аккурат у дзень прэм’еры, і ён ужо працуе над іншым праектам. Пра далейшае жыццё “Прарока” і ўражанні ад прэм’еры мы спыталі ў Іллі Алейнікава:

“Калі мы даехалі да канца, я сказаў: “Дзякуй, Божа, што паслаў мне гэтую музыку і што мы нарэшце адыгралі прэм’еру”. Напэўна, былі нейкія памылкі. І зараз у нас будзе тры тыдні, каб, па-першае, адпачыць, а па-другое, распачаць наступны тур рэпетыцый. Каб давесці ўсё да розуму, каб не было гэтага нервавання. І пачнем яго іграць, да таго ж моцна. Спачатку абкатаем усю Беларусь, ну а потым паедзем за мяжу”.

Дадам, што “Прарок” паедзе ў тур па Расіі, Еўропе, Азіі ды Амерыцы, ну а пытанне мовы будзе вырашацца субтытрамі. І яшчэ адзін цікавы факт. У перадпрэм’ерныя дні чакалася, што на прэзентацыю прыедзе шмат расійскіх зорак, але чамусьці яны так і не даехалі. Беларускія зоркі таксама не наведалі “Прарока”. Чаму вядомыя дзеячы культуры абвясцілі мюзіклу байкот, так ніхто і не растлумачыў.

Сюжэт “Прарока” разгортваецца вакол цэнтральнай фігуры — сляпога старца, які расказвае пра сваё жыццё і выклікае гучны водгук у іншых персанажаў. Мэта аўтараў — паказаць, што і сёння ёсць як сапраўдныя, так і штучныя прарокі. Да таго ж, штучныя перапоўнілі сучасны свет: ад палітыкі, навукі, філасофіі, фінансавых колаў да самой рэлігіі. Падчас дзеяння старац наноў пражывае жыццё, якое з’едліва каментуецца такім “штучным” прарокам.

Галоўнага “штучнага” прарока ў спектаклі грае Ілля Алейнікаў (Зміцер Вайцюшкевіч у другім складзе). Сляпога старога грае акцёр Мікалай Дуксін, ён жа аўтар сцэнара «Прарока». Ролю закаханых старых выконваюць Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Адну з маладых каханак сляпога грае Тэона Дольнікава, зорка з расійскіх мюзіклаў «Метро» і «Нотр–Дам дэ Пары». Таксама ў другім акцёрскім складзе ролю сляпога старога ў маладосці выконвае беларускі выканаўца Аляксандр Сухараў, вядомы па гурце “Экивоки”.


Зміцер Вайцюшкевіч перад прэм’ерай прагульваўся каля Палаца спорту.


Перад прэм’ерай Ілля Алейнікаў хваляваўся і шмат паліў.


За 10 хвілін да пчатку дзяўчынка паўтарае свае словы перад гумовай жанчынай.


Прарок і сляпы стары размаўляюць пра каханне.


За сваё жыцце сляпы пабываў за кратамі.


Ціхановіч і Паплаўская спяваюць на гары смецця.


Апошнія хвіліны мюзікла Прарок разважае пра прадказанні.


На паклоне Алейнікаву дарылі кветкі, а Ціхановіч ды Паплаўская былі ў замілаванні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі