Зміцер Масцяніца: "Эскарыял" для мяне - справа гонару!"

"Калі спектакль пастаўлены па п’есе, я заўжды гэта ўдакладняю, бо лічу, што ў такім выпадку п’есу трэба прачытаць. Гэта такі мой ціск на гледача", – акцэнтуе нашу ўвагу рэжысёр спектакля і выканаўца ролі караля Зміцер Масцяніца.

Увогуле, спектакль "Эскарыял" – гэта спектакль пра адзіноту. Абсалютную і сярод людзей. Усе тры галоўныя персанажы спектакля – кароль, мёртвая каралева і шут – па-свойму адзінокія. Гэта гісторыя пра каханне, жыццё і смерць, уладу.. У ім кожны знойдзе сваю лінію развіцця падзей.

Пачынаецца дзея з трывожнай музыкі і брэху сабак. На сцэне з’яўляецца худая, зломаная фігура, здаецца, звар’яцелага караля. Тонкія, нервовыя рысы твару, доўгія валасы, на яго абліччы адбітак суму.

 

Па словах Змітра Масцяніцы, спектакль тэатру даўся з руплівай працай.

Зміцер Масцяніца: "Шчыра кажучы, мы не аднойчы пераносілі прэм’еру, узнікала шмат тэхнічных пытанняў. Я нават рады, што спектакль быў пераадолены ўсім калектывам. Калі гэты спектакль у нас прападзе, мы будзем аб ім шкадаваць. А для нас гэта вялікі паказчык".

Сцэна падчас спектакля была падзелена на 2 часткі: тая, дзе каралева з каралём, каля трона і яна - мёртвая. І другая частка, дзе каралева яшчэ жывая ў марах шута.

 

 

Усе ўдзельнікі спектакля - акцёры пастаяннай трупы  тэатра EYE. Як кажа рэжысёр спектакля – у тэатр дастаткова цяжка трапіць ў асноўны склад, таму дэбютантаў у прэм’еры бяруць рэдка.

Ганна Селязнёва, якая ў "Эскарыялі" выконвае ролю мёртвай каралевы, падзялілася з Еўрарадыё эмоцыямі, якія ў яе выклікаў гэты досвед.

Ганна Селязнёва: "Спектакль мне даў вельмі розныя адчуванні: часам было лёгка разумець гэтую ролю, часам - не з-за кантрасту таго, што адбывалася на сцэне. Усвядоміць усё гэта унутры сябе і мяняцца кожную хвіліну. Гэта вельмі няпроста".

 


Ідэя паставіць "Эскарыял" нарадзілася ў Змітра Масцяніцы яшчэ ў часы вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Але, як кажуць, "першы блін" выйшаў комам. З тых часоў задума аўтара наконт гэтай пастаноўкі радыкальна змянілася: з размоўнага спектакль стаў пластычным.

 

 

Зміцер Масцяніца: "Тады спектакль зусім не атрымаўся, і я паставіў сабе мэту, разабрацца з "Эскарыялам". Для мяне гэта справа гонару. "Эскарыял" з’яўляецца адной з самых цяжкіх п’ес, за якія людзі проста баяцца брацца. І мне было страшна! Мне дагэтуль страшна! Бо я яшчэ не атрымаў водгукаў ад гледачоў".


У гэтым годзе тэатр EYE прадставіць спектакль "Эскарыял" на фестывалі эксперыментальных тэатраў "Той самы фестываль", які ладзіць Акадэмія мастацтваў.

"І менавіта таму мы вырашылі ўзяць у ім удзел. Мы адпавядаем духу фестывалю, а фестываль адпавядае нашаму. Бо акрамя традыцыйных беларускіх калектываў, якія ў нас паўсюль удзельнічаюць, на фестывалі заяўленыя яшчэ госці з Германіі, Чэхіі, ЗША ды іншых краін свету", – тлумачыць Зміцер Масцяніца.

 

 

Спектакль праходзіць на адным дыханні. На працягу ўсяго часу акцёры то трымаюць гледача ў напружанні, то нібыта ўцягваюць у "гульню", то зноўку вяртаюцца да перажывання сваёй адзіноты. Спектакль суправаджаецца жывой музыкай і арыгінальным святлом, што дазваляе гледачу яшчэ лепш зразумець стан душы кожнага з герояў.

 

 

 

 

Другі паказ спектакля адбудзецца 26-га сакавіка ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі