Зікрацкі пра адпушчаных палітвязняў: памілаванне магчымае, калі ты асуджаны

Зікрацкі пра адпушчаных палітвязняў: памілаванне магчымае, калі ты асуджаны

Учора ўвечары, 19 жніўня, Юлія і Пётр Слуцкія, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко — фігуранты так званай справы “Прэс-клуба” — выйшлі на свабоду. Вызвалілі іх пасля таго, як яны нібыта напісалі прашэнне аб памілаванні.

Юрыст, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі лічыць, што па законе гэта немагчыма, бо памілаваць можна, толькі калі суд прызнаў цябе вінаватым:

— Першае, пра што мы мусім сказаць, — памілаванне ўжываецца да тых, хто быў асуджаны па крымінальных справах. Калі крымінальная справа не скончана, то ніякага памілавання не можа быць. Гэта абсалютна адназначна вызначае Крымінальны кодэкс. 

І калі асоба была асуджана, то яна мае права напісаць прашэнне аб памілаванні. Гэтае прашэнне папярэдне разглядае камісія па памілаванні, і потым рашэнне аб памілаванні прымае прэзідэнт.

Як адбылося ў бягучай сітуацыі, мне проста цяжка ўсвядоміць. Таму што я разумею, што ў сітуацыі, калі крымінальная справа не скончана, прысуду не было, таму ніякай гаворкі аб памілаванні не можа і ісці. 

Таму калі б мы гаварылі пра выкананне Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, то, калі нехта выйшаў з-пад варты, гэта магло б сведчыць пра тое, што да яго была зменена мера стрымання ці ён увогуле страціў статус абвінавачванага ці падазронага па справе і быў выпушчаны на волю. Гэта пакуль дзве магчымасці, якія я бачу юрыдычна.

 

Юрыст лічыць, што гэткімі дзеяннямі ўлады спрабуюць пачаць палітычную гульню з Захадам:

— Відавочна, што гэта палітыка. Учорашняе вызваленне — гэта палітыка. Улады вырашылі пачаць гульню і вызваляць палітзняволеных. Хутчэй за ўсё, яны чакаюць, што гэта крыху знізіць градус напружання ў грамадстве і што грамадства не будзе так рэагаваць далей на тую безмеж, якая робіцца ў гэтай краіне. Будзем назіраць, ці будуць далейшыя крокі па вызваленні іншых палітзняволеных ці мы задаволімся тымі асобамі, якія былі вызваленыя.

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях дапускае, што гэта не апошняе вызваленне сярод палітвязняў:

— Хутчэй за ўсё, улады дайшлі да таго, што яны вымушаны вызваляць палітвязняў, для таго каб паказаць нейкія саступкі, для таго каб паказаць магчымасць нейкага дыялогу. Але ў гэтай гульні яны спрабуюць выцягнуць хоць нешта. І для іх важна, каб яны падавалі нейкі парадак дня, і таму гэтыя прашэнні аб памілаванні, прызнанні віны і заклікі да іншых не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту — я думаю, гэта будзе паўтарацца даволі часта.

Юлія Слуцкая неўзабаве пасля вызвалення распавяла ў інтэрв'ю сваім калегам з Press Club пра сапраўдную прычыне іх вызвалення:

— У Крымінальным кодэксе ёсць артыкул, у якім апісана, на якіх падставах можа быць спыненая крымінальная справа. Яна прадугледжвае прызнанне віны і двухразовае пагашэнне шкоды.

Я вельмі доўга думала над гэтай прапановай і не давала згоды. Але я бачыла, што мы сядзім доўга і канца гэтаму няма, што гэта цалкам бескарысна і бессэнсоўна.

Я разумела, што прызнанне віны не патрабуе ад нас нікога агаворваць, акрамя нас саміх. А мы гэта перажывем, бо мы дарослыя і разумныя людзі, якія разумеюць, што адбываецца.

Нам трэба было проста выйсці. Рашэнне было на мне, і я яго прыняла, проста потым папрасіла каманду прыслухацца да мяне і прыняць яго. Нас усіх чакалі родныя і блізкія, якія пакутавалі не менш за нас ўсе гэтыя месяцы. І ўсё роўна рашыцца на гэта было няпроста.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі