Жыхары пасёлка Дружны супраць будаўніцтва заводу па вытворчасці пестыцыдаў

Больш за 500 жыхароў пасёлка Дружны (Пухавіцкі раён, Мінская вобласць) на грамадскіх слуханнях 3 красавіка прагаласавалі супраць будаўніцтва ў рэгіёне заводу па вытворчасці пестыцыдаў. Аб гэтым паведаміла актывістка кампаніі супраць будаўніцтва прадпрыемства жыхарка пасёлка Наталля Мацэпан. Па яе словах, на слуханнях прысутнічалі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Галіна Ваўчуга, галоўны санітарны лекар Беларусі Валянціна Качан, прадстаўнікі аблвыканкаму, адміністрацыі прадпрыемства па вытворчасці пестыцыдаў і больш за 500 мясцовых жыхароў. Н.Мацэпан адзначыла, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не жадалі пускаць усіх ахвотных у залу, але пасля ўмяшання прадстаўнікоў прэсы ім прыйшлося гэта зрабіць.

Па меркаванні Н.Мацэпан, прадстаўнікі ўлады прыехалі растлумачыць мясцовым жыхарам, што ўсе экалагічныя патрабаванні выкананыя і будаўніцтва заводу не нясе небяспекі, але іх заявы насілі дэкларацыйны характар. Яна лічыць, што "чыноўнікі не далі здавальняючых адказаў на пытанні па тэхналогіях спальвання адкідаў, аб'ёму выкідаў, па маніторынгу, які плануецца ажыццяўляць". Так, апынулася, што маніторынг выкідаў шкодных дыяксінаў і фуранаў у Беларусі раней не праводзіўся, таму ёсць неабходнасць у прыцягненні замежных спецыялістаў. На заўвагу, што прадпрыемства адносіцца да першага класа небяспекі і не павінна будавацца поруч з Мінскай ЦЭЦ-5, В.Качан спаслалася на тое, што галоўны санітарны лекар мае паўнамоцтвы прыняць рашэнне аб памяншэнні санітарна-небяспечнай зоны.

Грамадскія слуханні скончыліся галасаваннем, і практычна ўсе прысутныя мясцовыя жыхары выказаліся супраць будаўніцтва заводу. "Мы ведаем, што выкіды прадпрыемства нясуць небяспеку, і мы не спынімся, пакуль не абаронім сябе і сваіх дзяцей", - заявіла Н.Мацэпан.

Нагадаем, пухавіцкімі раённымі ўладамі прынята рашэнне аб вылучэнні зямлі для правядзення праектных работаў прадпрыемствам ЗАТ "Аўгуст-Бел" (уласнік - расійская фірма "Аўгуст") па вытворчасці сродкаў абароны раслін. На заводзе плануецца выпускаць ядахімікаты, пестыцыды, гербіцыды для сельскай гаспадаркі, а таксама праводзіць утылізацыю ўгнаенняў з пратэрмінаванай прыдатнасцю з усёй Беларусі. Будаўніцтва заводу запланавана поруч з Мінскай ЦЭЦ-5.

БелаПАН