Жыхароў горада Ліда вымушаюць здымаць спадарожнікавыя антэны

Але ўсталяваць сабе “талерку” законна — немагчыма. Супрацоўнікі ЖЭСу ходзяць па дамах і выносяць жыхарам папярэджанні, газеты друкуюць зварот Лідскага ЖЭСу да людзей, на пад’ездах вісяць аб’явы. Людзям пагражаюць штрафы ад дзвюх да пятнаццаці базавых велічыняў – то бок ад 62 да 465 тысяч рублёў.

Здымаць антэны вымушаюць тых, хто ўсталяваў іх самавольна, але самавольшчыкамі аказваюцца абсалютна ўсе. Справа ў тым, што працэдуры законнай устаноўкі спадарожнікавых антэн распрацавана ніколі не было, і таму цяпер усе, у каго яны ёсць, лічацца “самавольшчыкамі”.

Жыхары Ліды распавядаюць, што да іх асабіста прыходзяць работнікі ЖКГ і выносяць ім папярэджанні. Але хто хоча здымаць нятанную антэну проста так? Людзі хочуць узаконіць антэны і пакінуць вісець, але вось на што натыкаюцца.

Жыхар Ліды: “Я хадзіў у нашу “архітэктуру”, мне там сказалі (калі мякка), што яны не ведаюць, пра што я ім кажу. Справа ў тым, што няма дакумента, які рэгулюе парадак узгаднення дазвольнай дакументацыі на ўстаноўку спадарожнікавых антэн. Кажуць, яго распрацоўваюць цяпер.

Але што мне рабіць, калі ў мяне адна талерка ўсталяваная ў 1999 годзе, яшчэ да з’яўлення Правілаў карыстання жыллёвымі памяшканнямі, а другая ў 2003-м? Да таго ж, я яшчэ тады прыходзіў у “архітэктуру”, але мне сказалі тое самае – што нічога не ведаюць. Параілі ставіць на дах.

Прыйшоў у ЖКГ, мне забаранілі ставіць на дах, сказалі – на балкон. А зараз атрымліваецца, што я самавольна паставіў талерку ў сябе на балконе, але хіба гэта так? Я пытаўся дазволу! Не былі распрацаваныя дакументы – хіба гэта мая віна?”


Людзі не разумеюць, чаму талеркі, якія столькі часу нікому не перашкаджалі, пачалі перашкаджаць цяпер. Пра каго думае ЖЭС, калі спрабуе пакінуць горад без улюбёных каналаў? Але Віктар Вайтулевіч, выконваючы абавязкі дырэктара Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, кажа, што ўсё робіцца дзеля людзей.

Віктар Вайтулевіч: “Уявіце, што будзе, калі ў ста кватэрах будуць стаяць сто антэн? Да чаго будзе падобны фасад дома? А калі абваліцца “талерка” і заб’е кагосьці? Талеркі ставіць увогуле забаронена! Як яны ўсталёўваюца? Яны ж робяць дзіркі ў сценах! Хіба гэта нармальна? Мы хочам гарантаваць бяспеку людзей, народа. Ці ёсць у мяне талерка? Не, няма. Мне хапае сацыяльнага пакету, я гляджу беларускае тэлебачанне, навіны – на астатняе часу няма”.

У архітэктурнай службе горада сітуацыя яшчэ больш дзіўная. Каб усталяваць “талерку” законна, чалавеку неабходна звярнуцца туды. Але намеснік кіраўніка ўстановы Віктар Рудой шчыра прызнаецца, што ніхто не ведае, як гэта робіцца.

Віктар Рудой: “Па праўдзе кажучы, я гэтыя дакументы не чытаў і не бачыў яшчэ. Цяпер выходзіць новая пастанова, трэба ўсю гэтую інфармацыю перагледзець. Па ідэі, калі ўсталёўваюць антэну, трэба з намі гэта ўзгадняць.

Але… трэба цяпер пачынаць у гэтым усім разбірацца. Трэба даводзіць да ладу гэтыя ўсе дакументы. Абазначыць саму працэдуру дазволаў. Пакуль не магу нічога вам патлумачыць. Калі стаяць старыя антэны, то… Бог іх ведае. Нічога не магу сказаць, прабачце”.


Ніводнай законнай “талеркі” у Лідзе няма – гэта пацвердзіў Віктар Вайтулевіч. Менавіта за яго подпісам выйшла распараджэнне аб ліквідацыі спадарожнікавых антэн у Лідзе. Нягледзячы на ўсё гэта, у рэдакцыі лідскіх газет разаслалі лісты са зваротам да жыхароў, каб тыя здымалі “талеркі”. У лідчан на гэта з’яўляюцца справядлівыя нараканні.

Жыхар Ліды: “ЖКГ нібыта паказывала “архітэктуры” праект пастановы выканкаму. То бок яна яшчэ не прынятая. Тады тым больш, калі яе яшчэ толькі прымуць, як яна можа тычыцца антэн, усталяваных раней?”

Юрысты кажуць, што калі няма распрацаванага парадку ўзаконьвання спадарожнікавых антэн, то не можа быць і адказнасці за самавольнасць. У Мінску адпаведны дакумент ёсць, але ён тычыцца толькі сталіцы. А лідчан немагчыма пакараць за парушэнне таго, чаго няма.

Жыхар Ліды: Ды і як можна палохаць штрафамі, калі тэрміны адказнасці прайшлі (нават па новым Адміністрацыйным кодэксе ўжо больш за 3 гады прайшло)?

Хутчэй за ўсё, вялікія штрафы – пакуль толькі пагрозы. Але ўся сітуацыя патрабуе тлумачэння. У Лідзе існуе як мінімум дзве версіі прычын такой раптоўнай жорсткасці да спадарожнікавых антэн.

Жыхар Ліды: “У Лідзе кажуць, што ўвесь вэрхал з-за таго, што хутка запусцяць два новыя “нехарошыя” тэлеканалы са спадарожніка. Каб людзі іх не змаглі паглядзець, “палююць” на “талеркі”. Другая версія, якую я чуў, гэта тое, што ўсё гэта – лабіраванне інтарэсаў кабельных аператараў, то бок кабельнага тэлебачання”.

На гэты момант некаторыя лідчане ўжо знялі свае “талеркі”. Астатнія чакаюць, як будуць далей развівацца падзеі.



Фота diary.ru

ДАДАТАК


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі