Жыхар Брэста дамогся аднаўлення дзіцячай пляцоўкі, якую знішчылі камунальнікі

Жыхар Брэста дамогся аднаўлення дзіцячай пляцоўкі, якую знішчылі камунальнікі

Як распавядала Еўрарадыё на пачатку чэрвеня, у адзін з двароў брэсцкага мікрараёна Усход прыйшлі камунальнікі і моўчкі пачалі дэмантаваць металічныя канструкцыі дзіцячых пляцовак.


Відавочцам гэтага стаў Віталь Казак, мясцовы жыхар, які спыніў дзеянні супрацоўнікаў ЖРЭУ. Частку дзіцячай пляцоўкі, хоць і з канфліктам, але атрымалася ўратаваць. Падчас разбіральніцтва мужчына дазнаецца, што рабочыя дзейнічалі згодна з ініцыятывай кіраўніцтва ЖРЭУ. Камунальнікі маюць загад ліквідаваць дзіцячыя пляцоўкі і ў многіх іншых жылых дварах горада.
Па словах Казака, дэмантаж адбываўся без шырокага абмеркавання кампетэнтнымі структурамі.

На дзеянні камунальнікаў жыхары Ленінградскай напісалі заяву ў пракуратуру, Следчы камітэт, скаргі ў мясцовыя органы ўлады і нават звярнуліся да прэзідэнта. Віталь Казак распавядае, які адказ прыйшоў з адміністрацыі прэзідэнта:

Казак: “Прыйшла папера, ў якой было каротка напісана, што “накіроўваем Вашы патрабаванні разабрацца ў Брэсцкі аблвыканкам…”. Але ж аблвыканкам ужо “разабраўся”! Мы прайшлі ўсе нашы інстанцыі і абласныя, і гарадскія — тры месяцы ніхто нічога не збіраўся рабіць. Адзінае, што зрабілі, то дзіцячую пляцоўку ў маім двары ўсё ж такі аднавілі”.

Сапраўды, Віталь Казак дамогся таго, каб камунальнікі аднавілі дзіцячыя пляцоўкі, якія самі і ліквідавалі. Аднак мужчына не збіраецца спыняцца на гэтым. Апынулася, што з падобнай праблемай сутыкнуліся і жыхары шматлікіх іншых дамоў Брэста. Станоўчы вынік супрацьстаяння Казака з камунальнікамі — адзінкавы прыклад.

Падчас разбіральніцтва стала вядома аб прадпісанні пракуратуры. У ім — патрабаванне праверыць усе дзіцячыя пляцоўкі ў горадзе на прадмет наяўнасці небяспечных для жыцця і здароўя дзяцей элементаў. Аднак у прадстаўленых дакументах гаворка ідзе не пра поўны знос пляцовак, а толькі пра ліквідацыю недахопаў.

Па словах Віталя Казака, супрацоўнікі ЖРЭУ па-свойму зразумелі вырашэнне праблемы з траўманебяспечнымі канструкцыямі.

Казак: "Яны вырашылі так: навошта нам нешта рэмантаваць, наводзіць парадак, калі можна зрабіць інакш: зрэзаць усё, а пасля, што цяпер, дарэчы, і адбываецца, аднавіць за кошт жыхароў. У маім раёне ЖРЭУ расклейвае аб’явы: “Праводзіцца сход з нагоды пакупкі за кошт жыхароў дзіцячага інвентара".

Дзеянні камунальнікаў Віталь Казак называе незаконнымі і патрабуе, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці. Для таго, каб прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, ён днямі правёў шэраг вулічных сходаў, на якіх і распавёў грамадзянам пра сваё супрацьстаянне з камунальнымі службамі. Адбыліся яны ў межах агітацыйных пікетаў кандыдата ў прэзідэнта Таццяны Караткевіч.

Па словах даверанай асобы кандыдата Ігара Маслоўскага, Віталь Казак звярнуўся да штаба Караткевіч, бо не змог законнымі шляхамі самастойна правесці пікеты ў Брэсце.

Маслоўскі: “Мы прадставілі пляцоўку, бо ўлады забараняюць правядзенне мітынгаў, сходаў, пікетаў. Забараняюць і партыям, і прафсаюзам. Фактычна, забараняюць ўсім грамадска-палітычным суб’ектам і нават простым грамадзянам праводзіць такія сходы. Цяпер ёсць такая магчымасць, і мы агучваем гэтыя праблемы публічна, адкрыта на вуліцах нашых гарадоў. Мы будзем гэта рабіць увесь час выбарчай кампаніі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі