Журналісткі Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызнаюць

Журналісткі Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызнаюць

9 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска пачаўся суд над журналісткамі тэлеканала "Белсат" 27-гадовай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) і 23-гадовай Дар'яй Чульцовай. Яны знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020-га, калі былі затрыманыя ў доме на "Плошчы Перамен" падчас стрыму з разгону мірнай вулічнай акцыі. Іх абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК). Па гэтым артыкуле максімальна пагражае да трох гадоў зняволення. Андрэева і Чульцова прызнаныя палітзняволенымі.

Сцвярджаецца, што стрым спрычыніўся да арганізацыі вулічнай акцыі, пасля чаго спыніўся рух грамадскага транспарту. Шкоду ацанілі на суму больш за 11,5 тысячы рублёў.

Разглядае справу журналістак суддзя Наталля Бугук. У залу змаглі патрапіць нямногія з прадстаўнікоў незалежных СМІ, у дзяржаўных такой праблемы не было. Суддзя адхіліла хадайніцтва адвакатаў аб змене меры стрымання, Кацярыну Андрэеву і Дар'ю Чульцову пакінулі пад вартай.

Пракурор заявіў, што журналісткі "шляхам агучвання інфармацыі" ажыццявілі "збор актыўных удзельнікаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "з мэтай стварэння масавасці для магчымасці супрацьстаяння дзеянням супрацоўнікаў праваахоўных дзеянняў". Андрэева і Чульцова сваёй віны не прызнаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі