Вы тут

Жоўтыя вазы ў цэнтры Мінска перафарбуюць толькі ў наступным годзе

Фота з телеграм-канала "Минск и минчанин"

Жоўтыя вазы на праспекце Незалежнасці ў цэнтры Мінска перафарбуюць у 2020 годзе. Балюстрадзе вернуць гістарычны колер. Гэта "Гаррамаўтадар" паведаміў у адказ на шматлікія лісты з Міністэрства культуры, піша TUT.by. 

Вазы на балюстрадзе ад вуліцы Янкі Купалы да плошчы Перамогі перафарбавалі ўлетку 2018 года. Замест колеру разбеленай вохры яны сталі ярка-жоўтымі. Між тым балюстрада — аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі (мае нацыянальнае значэнне): яна знаходзіцца ў Дзяржаўным спісе матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Супрацоўнікі Мінкульту напісалі некалькі запытаў у Мінгарвыканкам наконт неабходнасці вярнуць вазам гістарычны колер. Гарадскія ўлады пераадрасавалі запыт у "Гаррамаўтадар": менавіта на яго балансе лічацца вазы на праспекце.

Таксама петыцыю супраць жоўтага колеру ваз склалі мінчукі. Камітэт архітэктуры Мінгарвыканкама загадаў "Гаррамаўтадару" вярнуць вазам ранейшы колер. Але прадпрыемства не мела фінансавання, таму паабяцала перафарбаваць вазы да 1 траўня 2019 года. У жніўні 2019 года стала вядома, што Мінгарвыканкам дазволіў "Гаррамаўтадару" пакінуць вазы жоўтымі.

Цяпер прадпрыемства зноў абяцае вярнуць вазам гістарычны колер, але ўжо ў 2020 годзе. Маўляў, ідзе добраўпарадкаванне праспекта Незалежнасці ад вуліцы Свярдлова да плошчы Перамогі. У рамках добраўпарадкавання будуць рэстаўраваць і балюстрады каля плошчы Перамогі. "Улічваючы гэта, а таксама тое, што наступіў неспрыяльны перыяд для правядзення работ, у "Гаррамаўтадары" лічаць немэтазгодным перафарбоўваць вазы ў гэтым годзе", — удакладняе начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.