Зборную па баскетболе хочуць ачоліць тры замежнікі, заробак – 400 тыс. рублёў

У федэрацыі лічаць, што больш ім ніхто не дасць. Бо галоўны трэнер жаночай нацыянальнай зборнай, якая стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы Анатоль Буяльскі, атрымлівае 200 тысяч Як даведалася Еўрарадыё, конкурс на пасаду галоўнага трэнера мужчынскай зборнай Беларусі па баскетболе працягнуты да 1 сакавіка. Пакуль знайшліся тры прэтэндэнты – літовец, аўстрыец і італьянец. Аднак невядома, ці ведаюць яны, што ім “свеціць” заробак у памеры 200 долараў.

Анекдатычныя пошукі пераемніка Аляксандра Барысава, які пайшоў у адстаўку яшчэ летась, пачалі ў студзені. Тэлефон фэдэрацыі баскетбола быў надрукаваны ў шэрагу дзяржаўных газет. Дзіўна, але “клюнулі” на прапанову толькі замежнікі – спецыялісты з Літвы, Аўстрыі і Італіі.

Па словах выканаўчага дырэктара федэрацыі Леаніда Мінько, будучы трэнер будзе зарабляць 400 тысяч! Не долараў, а беларускіх рублёў:

“Заробак - 400 тысяч. А хто ім больш дасць? У нас і Буяльскі атрымлівае 200 тысяч, цяпер на палову стаўкі працуе…Гэтыя замежнікі… іх трэба забяспечваць: жыллём, машынай, даваць грошы на харчаванне. Яны ж не будуць за свой рахунак працаваць”.


Аднак замежнікі пакуль не даслалі ў Мінск усе патрэбныя дакументы, якія пацвярджаюць іх кваліфікацыю, таму іх нават і кандыдатамі не лічаць.

У федэрацыі баскетбола кажуць, што некалькі беларускіх спецыялістаў ад пасады галоўнага трэнера адмовіліся, што не дзіўна. А трэнеры дзіцяча-спартовых школаў з рэгіёнаў (!) прамаўчалі. Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, дзіцячыя трэнеры зараз атрымліваюць нават больш, чым абяцалі галоўнаму трэнеру зборнай. На паўтары стаўкі пры добрам стажы заробкі даходяць да 650 тысяч.

Еўрарадыё пацікавілася ў трэнера дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 1 Маладзечна Анатоля Яфімава, якім яму ўяўляецца чалавек, які ачоліць зборную Беларусі:

“Гэта мусіць быць трэнер-фанатык. Фанатык, якому не патрэбныя грошы”.

Пытанне пошукаў галоўнага трэнера будзе абмеркаванае на паседжанні прэзідыюма федэрацыі 28 лютага. Як даведалася Еўрарадыё, федэрацыя схіляецца да прызначэння ўсё ж айчыннага спецыяліста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі