Зборную Беларусі па футболе чакаюць гульні з харватамі і англічанамі

У паўднёваафрыканскім Дурбане адбылося лёсаванне адборачных гульняў футбольнага чэмпіянату свету 2010 года. Зборная Беларусі патрапіла ў 6-ю групу, якую эксперты называюць “групай смерці”. Беларусам давядзецца згуляць з удзельнікамі нядаўняга фантастычнага матчу на стадыёне “Уэмблі”, англічанамі і харватамі. Харвацкая зборная цяпер паказвае выдатны футбол, можна меркаваць, што ў 2008-2009 гадах яна можа толькі прыбавіць.

А англічане, якія не патрапілі на чэмпіянат Еўропы, будуць прагнуць рэваншу. Няпросты сапернік і зборная Украіны, няўдачнік адборачнага цыкла чэмпіянату Еўропы.

Відавочныя аўтсайдэры нашай групы – каманды Казахстана і Андоры.

Такім чынам задача выхаду беларускай зборнай на чэмпіянат свету 2010 года, якая пастаўленая перад галоўным трэнерам немцам Берндам Штанге (на здымку), становіцца практычна невыканальнай.

“Мы ўжо зразумелі, што перад намі будзе няпростая задача. Нам дасталася моцная група… Безумоўна, Харватыя і Англія будуць фаварытамі, але і іншых нельга недаацэньваць”, - так Б. Штанге, які прысутнічаў на лёсаванні, пракаментаваў яго вынікі.

У астатнія “еўрапейскія” групы патрапілі:

Група1: Мальта, Албанія, Венгрыя, Данія, Швецыя, Партугалія.

Група 2: Люксембург, Латвія, Малдова, Швейцарыя, Ізраіль, Грэцыя.

Група 3: Сан-Марына, Славенія, Славакія, Паўночная Ірландыя, Польшча, Чэхія.

Група 4: Ліхтэнштэйн, Азербайджан, Уэльс, Фінляндыя, Расія, Нямеччына.

Група 5: Эстонія, Арменія, Боснія і Герцагавіна, Бельгія, Турцыя, Іспанія.

Група 7: Фарэрскія Выспы, Аўстрыя, Літва, Сербія, Румынія, Францыя.

Група 8: Чарнагорыя, Грузія, Кіпр, Ірландыя, Балгарыя, Італія.

Група 9: Ісландыя, Македонія, Нарвегія, Шатландыя, Нідэрланды.

Наўпрост у фінальны турнір чэмпіянат свету прайдуць пераможцы групаў. Восем лепшых камандаў з тых, што займуць другія месцы, будуць разбітыя на пары і па выніках двух матчаў – дома і на выяздзе – разыграюць апошнія 4 пуцёўкі на сусветнае першынство.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі