Затрыманы кіраўнік “Квіз, пліз!" у Мінску Павел Калодкін

Павел Калодкін / фота з асабістага архіва

Затрыманы кіраўнік “Квіз, пліз!" у Мінску Павел Калодкін. У панядзелак, 1 верасня, каля 16:40 ён знаходзіўся ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Карла Маркса. 

Аб затрыманні Паўла Еўрарадыё паведаміла яго жонка Алеся.

"Паша ездзіў па справах, забіраў у сяброў мае рэчы, збіраўся дадому. У раёне 16:57 ён патэлефанаваў і паведаміў, што яго вязуць у Партызанскі РУУС. Я прыехала сюды раней і ўбачыла, што ён заязджае на тэрыторыю ўчастка на сваёй машыне. Побач сядзеў супрацоўнік міліцыі", — кажа суразмоўца. 

1 верасня студэнты сталічных ВНУ выйшлі на пратэст, патрабуючы пераліку галасоў на выбарах і вызвалення палітвязняў. Яны хадзілі па цэнтры Мінска, скандуючы крычалку "Саша, ты адлічаны!". Многіх удзельнікаў пратэсту затрымалі. 

"Паша даўно не студэнт, — працягвае Алеся. — Хлопец і дзяўчына, якіх выпусцілі з пастарунка, распавялі, што ездзілі па цэнтры і раздавалі пратэстоўцам ваду. Іх затрымалі. Аўтамабіль дзяўчыны канфіскавалі з фармулёўкай: "Праверка, крадзеж". Працэдура можа доўжыцца ад 10 дзён да месяца. Проста нейкае беззаконне!"

Каля 18:35 Алеся зноў звязалася з нашай рэдакцыяй і паведаміла, што муж патэлефанаваў яшчэ раз:

"Ён распавёў, што пад'язджаў да дома. Яго спынілі дзве машыны з мігалкамі, сказалі, што падазраюць у крадзяжы аўтамабіля. Яго машыну канфіскуюць. Цяпер праходзіць вопіс і складаецца пратакол".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.