Затое з чыстым сумленнем: актораў Купалаўскага высяляюць з арэнднага жылля

Акторы Марына Гардзіёнак і Міхаіл Зуй / kupalauski.by
Акторы Марына Гардзіёнак і Міхаіл Зуй / kupalauski.by

58 супрацоўнікаў мінскага тэатра імя Янкі Купалы звольніліся ў знак пратэсту пасля таго, як Мінкульт вырашыў скасаваць дамову з дырэктарам тэатра Паўлам Латушкам. Сярод звольненых — 37 актораў. Як мінімум 12 з іх давядзецца не толькі шукаць сябе на новай ніве, але і паралельна шукаць новае жыллё. Арэндныя кватэры, у якіх жыла частка трупы, трэба вызваліць у найбліжэйшы час.

У купалаўцаў зусім не галівудскія заробкі. Шмат у каго ёсць дзеці. Але яны рызыкнулі ўсім — і напісалі заявы.

— Паглядзім, што будзе. Многія нашы супрацоўнікі жывуць у арэндным жыллі ў комплексе "Магістр", гэта жыллё даецца на момант працоўных адносін. Паколькі працоўныя адносіны скончыліся, мы чакаем, што будзе, — расказвае Еўрарадыё актор Міхаіл Зуй. Яго перспектывы застацца ў арэндным жыллі вельмі цьмяныя.

— Мы зразумелі, што ў гэтай сітуацыі пакуль што іграць спектаклі немагчыма, пакуль не высветліцца пытанне з затрыманымі, пакуль не панясуць пакаранне тыя, хто пераступіў закон у дачыненні да затрыманых, — расказвае Міхаіл пра сваё асабістае рашэнне пайсці з тэатра. — Сітуацыя ў краіне для нас відавочная. Адбыліся выбары, вынікам якіх я не давяраю. І тая жорсткасць, якая вылілася на вуліцы з боку сілавых структур. Адсутнасць прававога поля, неабароненасць людзей.

На мой погляд, гэта незаконна. Масавыя затрыманні і тая несувымерная жорсткасць, з якой абыходзяцца з затрыманымі, таму што пераважная большасць выпадкаў, наколькі я ведаю, гэта людзі, якія абсалютна ніяк не стваралі пагрозы для грамадскага парадку.

Мне кажуць: "Вось вы акторы, а лезеце ў палітыку". Але мне здаецца, гэта не палітыка, гэта натуральная чалавечая рэакцыя на рэчы, пра якія я казаў. Гэта жаданне абараніць сябе, сваіх блізкіх.

Зато с чистой совестью: актёров Купаловского выселяют из арендного жилья
Актор Міхаіл Зуй / kupalauski.by

Актрыса Марына Гардзіёнак расказала Еўрарадыё, што на яе рашэнне звольніцца моцна паўплывалі падзеі 9–13 жніўня, якія адбываліся ў Беларусі.

— У мяне ёсць дзіця, яму 14 гадоў. Сёння гэта адбылося з іншымі дзецьмі. Але разумееце, мяжы ўжо няма. Пункта вяртання няма. Гэта значыць, што заўтра ў парку маё дзіця можа трапіць пад любую раздачу.

Дзявятага чысла я яшчэ, можа быць, не верыла. Дзясятага чысла я пераканалася асабіста, я хадзіла, я ўбачыла, я атрымала газ у твар. Скажыце, што рабіць далей?

Жыллёвае пытанне для Марыны адно з галоўных, але не вырашальнае.

— Мяне хвалюе, дзе я цяпер буду прапісаная і куды маё дзіця пойдзе ў школу. А так я не жыву далёкімі перспектывамі. Цяпер я вырашаю праблемы па меры іх паступлення. Ёсць прапановы працы, іх нямала. Я думаю, што, калі я не буду працаваць у Купалаўскім тэатры, я проста памяняю прафесію.

Я прыйшла ў гэты тэатр, я там нарадзілася як актрыса, я ў ім расла. У гэтай краіне калі ўсё заглухне і я буду вымушаная застацца тут, я не вярнуся ў тэатр. На базе дзяржаўнага тэатра — не, я не хачу. На базе нейкага свабоднага тэатра — можа быць.

 

Зато с чистой совестью: актёров Купаловского выселяют из арендного жилья
Актрыса Марына Гардзіёнак / kupalauski.by

Супрацоўнікі тэатра кажуць, што былі б удзячныя неабыякавым беларусам за дапамогу ў вырашэнні жыллёвага пытання на ўмовах арэнды. У рэдакцыі Еўрарадыё ёсць кантакт адказнага за гэта — актора Сяргея Чуба. Калі можаце дапамагчы — пішыце ў "Телеграм" @euroradio_minsk, і мы звяжам вас з ім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі