Замяталін прапанаваў абкласці падаткам галівудскія фільмы

Каб падтрымаць беларускае кіно, трэба ўвесці падатак на галівудскае. Такую ці то прапанову, ці то паведамленне агучыў дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін, былы галоўны ідэолаг краіны. Як даведалася Еўрарадыё, амерыканскіх фільмаў у мінскіх кінатэатрах 30%, але іх глядзяць 70% усіх гледачоў.
Уладзімір Замяталін распавёў пра гэтую прапанову “Беларусьфільма” ў інтэрв’ю “Народнай газеце”. Але пракаментаваць гэтую заяву адмаўляецца. Еўрарадыё пагутарыла аб сэнсе падатку з дырэктарам “Кінавідэапракату” Васілём Коктышам. Ён распавёў нам, што размовы пра новы падатак ішлі даўно.

Васіль Коктыш: “Замяталін нічога не вынайшаў, я пра гэта чуў і ад іншых асоб, гэта абмяркоўвалася ў кулуарах. Пра гэты падатак, каб неяк падтрымаць нацыянальную кінастудыю… Замяталін тут не першы. Кінастудыя падтрымліваецца цяпер дзяржаўнымі грашыма. Калі прымуць рашэнне падтрымаць за кошт падатку – падтрымаем”.

Па словах Васіля Коктыша, у мінскіх кінатэатрах 30% фільмаў – амерыканскія. І адмаўляцца ад гэтага кіно ніхто не будзе, бо менавіта яго абірае большасць гледачоў. Іншая справа, што на ім можна зарабіць.

Васіль Коктыш: “У нас 30% амерыканскага кіно. Але на гэтыя 30% прыходзіцца 70% гледачоў. Ну што я магу сказаць… Калі мы не дамо 30% амерыканскага кіно, то згубім 70% гледачоў. Мы не настолькі багатыя, каб утрымліваць гэтыя вялізныя кіназалы, якія, на жаль, былі пабудаваныя такімі, іх ужо не перабудуеш. Нам не патрэбныя залы на 1300 месцаў і на 900 месцаў, але яны ўжо ёсць”.

Каб зарабіць на Галівудзе, трэба падняць кошт на квіткі. Маўляў, калі гледачам падабаецца, яны згодзяцца плаціць крыху больш. Аднак гэтага можа не здарыцца, бо тое ж самае кіно можна глядзець не толькі ў кіназалах.

Васіль Коктыш: “У нас няма куды расці коштам на квіткі. У нас па тэлебачанні ідуць фільмы бясплатна, у нас шмат танных дыскаў. Пры такой канкурэнцыі, калі мы падымем кошты на квіткі, то мусім быць падрыхтаванымі да такой сітуацыі, якая была ў 1997 годзе. Тады ў кіно ў Мінску ніхто не хадзіў, а ўсе глядзелі на відэа ці па тэлеканалах”.

Даведка Еўрарадыё:
За дзесяць месяцаў гэтага году сярэдні кошт квітка ў Мінску – 3 113 рублёў. Праўда, у сярэдні кошт уваходзяць і дзіцячыя квіткі. На беларускія і на замежныя фільмы кошт квітка аднолькавы. Ён змяняецца толькі ў залежнасці ад камфортнасці залы і ад працягласці фільма.


Практыка абкладання падаткам галівудскага кіно існуе ў некаторых краінах, напрыклад, у Францыі, дзе галівудскае кіно займае ў афішах кінатэатраў каля 72%. У нас, па словах Уладзіміра Замяталіна, яно займае каля 99%. У Францыі гэтая практыка існуе ўжо 20 гадоў, але плёну яна не прыносіць.

Васіль Коктыш: “Такі падатак ёсць у Францыі, напрыклад. А ў Нямеччыне яго няма. У Нямеччыне 80% галівудскіх фільмаў, у Францыі – недзе 72%. Там існуе сетка кінатэатраў, якія адмовіліся ад паказу галівудскага кіно, і яны падтрымліваюцца дзяржавай. А тыя, якія паказваюць Галівуд, зарабляюць грошы. І навошта дзяржаве падтрымліваць тых, хто сам зарабляе? Смешна было б, калі б у нас даціравалі кінатэатр “Кастрычнік”. Але ж ёсць і іншыя кінатэатры”.

Васіль Коктыш кажа, што ён не супраць падатку. Але разам з тым ён упэўнены, што на Францыю з яе сістэмай нам раўняцца не варта. Тым больш, што французскі кінематограф быў вельмі паспяховым у 70-ыя гады, а сёння запатрабаваныя толькі іх камерцыйныя праекты, якія зроблены па лякалах Галівуда.

Васіль Коктыш: Кіраўніцтва “Еўропа сінема”, якое падтрымлівае нацыянальныя кінастудыі, у тым ліку Францыі, за кошт дзяржаўных субсідый. Яны кажуць, што сапраўды 20 гадоў Францыя падтрымлівае сваё кіно, і ні да чаго добрага яны не прыйшлі. Нам не трэба раўняцца на Францыю і Італію, нам можна раўняцца толькі на Берлін”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі