Замежнаму студэнту, які зарэзаў беларуса з-за дзяўчыны, далі 11 гадоў

Замежнаму студэнту, які зарэзаў беларуса з-за дзяўчыны, далі 11 гадоў

У Мінску Заводскі раённы суд вынес рашэнне ў крымінальнай справе замежнага студэнта Рустама Ібрагімава, якога абвінавачвалі ў забойстве беларускага хлопца. Як паведамляе TUT.by, Ібрагімава прызналі вінаватым і прызначылі яму 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У лістападзе мінулага года паміж 18-гадовым Ібрагімавым, грамадзянінам Азербайджана, які навучаўся ў Мінску ў авіяцыйнай акадэміі, і 21-гадовым мінчанінам Алексеем Крывашэем здарыўся канфлікт з-за дзяўчыны. Яна сустракалася з Аляксеем, але Рустам, яе былы хлопец, не хацеў яе адпускаць.

Хлопцы вырашылі сустрэцца ля авіяцыйнай акадэміі, каб высветліць адносіны. Распачалася бойка, у выніку нецвярозы Ібрагімаў схапіў нож і ўдарыў Крывашэя. Той сканаў у рэанімацыі.

Ад пачатку замежнаму студэнту пагражала да 15 гадоў турмы. Сваю віну ён адмаўляў і сцвярджаў, што толькі абараняўся ад нападу.

Сваякі забітага кажуць, што пасля бойкі мусілі судзіць таксама іншых удзельнікаў інцыдэнту, бо там былі і сябры Рустама. Яны, дарэчы, не адмаўлялі, што таксама білі Аляксея, але ж смерць надышла ад нажавога ранення і вострай страты крыві.

Забойства прызналі наўмысным: Аляксей атрымліваў пагрозы ад Рустама яшчэ да самога інцыдэнту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі