“Залатая семачка” і бананы не прыжыліся на беларускай глебе

Чыноўнікі рапартуюць аб поспехах дзяржпраграмы па імпартазамяшчэнні, але некаторыя з тых поспехаў існуюць толькі на паперы З падачы кіраўніка дзяржавы беларускія чыноўнікі актыўна прасоўваюць на ўсіх узроўнях дзяржаўную праграму па імпартазамяшчэнні. І не менш актыўна піяраць нібыта станоўчыя вынікі гэтых намаганняў. Так, паводле афіцыйных звестак, толькі ў 2008 годзе была арганізаваная вытворчасць айчынных аналагаў па 68 таварах са спісу немэтазгодных для ўвозу з-за мяжы. Сёння ў краіне дзейнічае 511 імпартазамяшчальных праектаў. На іх рэалізацыю толькі летась было патрачана каля 1 мільярда долараў. Вырабляюць у Беларусі тавары самыя розныя: ад сусветных марак цыгарэт, шатландскіх віскі і армянскіх каньякоў да цукерак, соку і сланечнікавага алею.

Але як стала вядома Еўрарадыё, не ўсе імпартазамяшчальныя праекты, аб паспяховай працы якіх чыноўнікі паспелі адрапартаваць, існуюць насамрэч. Так, пэўны час таму старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчанка расказаў, што на Гомельскім тлушчавым камбінаце сумесна з расійскай кампаніяй “Поўдзень Расіі” вырабляюць алей “Залатая семачка”. Апынулася — гэты праект не існуе.

Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік аддзела маркетынгу Гомельскага тлушчавага камбіната Аляксандр Арлоў.

Аляксандр Арлоў: “Гэты праект зараз замарожаны, будзем так казаць. Ён нейкі час праіснаваў, але зараз расійскі бок адкладае яго далейшую рэалізацыю з незразумелых прычынаў, ніяк не аргументуючы гэта. Яны не даюць нам ніякай аргументацыі, проста кажуць, што свае праблемы вырашаюць. Нібыта, пакуль ім не да гэтага — крызіс”.

Хоць і нядоўга, але праект існаваў, і “Залатую семачку” ў Гомелі рафінавалі і разлівалі па бутэльках. Вось толькі наўрад ці гэтае супрацоўніцтва з расійскай кампаніяй можна назваць імпартазамяшчальным праектам. Сутнасць імпартазамяшчэння ў тым, каб беларусы набывалі, напрыклад, “Залатую семачку” не расійскай, а айчыннай вытворчасці. А менавіта з гэтым і ўзнікае пытанне.

Аляксандр Арлоў:
“Яны плацілі нам як за паслугу і забіралі гэты алей. Па сутнасці гэта быў іх алей. Яны давалі нам сыравіну, мы яе рафінавалі і разлівалі па бутэльках, але гэты алей ад пачатку да канца заставаўся іх. Яны яго забіралі і рэалізавалі па сваіх каналах. І мы, па сутнасці, і не ведаем ягонага лёсу. Рэалізаваны ён у Беларусі ці, можа, у Бранскай вобласці, памежнай з нашай Гомельскай вобласцю, што таксама верагодна”.

Зараз Гомельскі завод шукае іншых партнёраў за мяжой, каб сумесна выпускаць алей. Але пакуль безвынікова. Рэч у тым, што паслугі гомельцаў па рафінаванні замежнай сыравіны і разліву гатовага прадукта ў бутэлькі каштуюць столькі, што тым жа расіянам больш выгодна ўсё рабіць самім і прывезці сюды. Алей усё адно будзе таннейшы за выраблены ў Беларусі.

Аляксандр Арлоў: “Я вам па сакрэце скажу, што ў крамах горада Гомеля алей нашай вытворчасці каштуе даражэй за алей расійскай вытворчасці. Ён прывезены з Расіі, але, нягледзячы на лагістыку, каштуе танней. Груба кажучы, наш каштуе 4 рублі, а расійскі — 3,5 рублі”.

Згодна са словамі супрацоўніка тлушчавага камбіната, ніякіх прэтэнзій да іх з боку кіраўніцтва раёна ці канцэрна “Белдзяржхарчпрам” не было. Маўляў, праект жа “замерз” па віне расіян. А ў Гомелі гатовыя аднавіць супрацоўніцтва хоць сёння.

Аляксандр Арлоў: “З нашага боку ўсе ўмовы, усе намаганні, уся падтрымка на ўсіх узроўнях прысутнічае — калі расійскі партнёр адновіць сваю цікаўнасць, то мы адразу працягваем працаваць”.

Праўда, ні слова не сказаў пра тое, што зроблена на камбінаце для таго, каб гэтае супрацоўніцтва стала для расійскага боку больш фінансава прывабным.

Днямі тэлеканал СТВ паказаў сюжэт з Лідскага зеленгаса: тут мясцовыя эксперыментатары ўжо некалькі гадоў запар вырошчваюць у цяпліцах каву, бананы, ананасы. А ў выніку робяць выснову, што і гэтую садавіну ўжо можна ўключаць у праграму імпартазамяшчэння і вырошчваць самім, а не прывозіць з Афрыкі.

Вось толькі дырэктар зеленгаса Андрэй Ніціевіч кажа, што сталічныя журналісты паспяшаліся, мякка кажучы, з высновамі.

Андрэй Ніціевіч: “Яны там троху перабольшылі. Ну, адзін раз удалося, гэты год добры ўраджай. А што на наступны год? Раптам не атрымаецца? Гэта ж трэба прамыслова, серыйна — тады толькі можна казаць пра паліцы крамаў”.

Увогуле ж, кажа, плады ў іх выраслі выпадкова, бо зеленгас займаецца вырошчваннем саджанцаў экзатычных раслін і прадае іх аматарам зеляніны ў хаце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі