Знайсці расійскіх вайскоўцаў у беларускіх клініках ў прымежных рэгіёнах журналістам Deutsche Welle не ўдалося. Лекар адной з клінік, размешчанай у райцэнтры ля мяжы з Украінай, распавяла журналістам, што каранавірусных пацыентаў у клініцы няшмат, а "пра расійскіх вайскоўцаў мы таксама чулі, але да нас яны не паступалі". Па словах медыка, яна мела стасункі з калегамі ў трох іншых бальніцах Брэсцкай вобласці, у іх расейскіх вайскоўцаў таксама няма. Пры гэтым лекар нагадала, што пасля пачатку вайны ў лютым 2022 года беларускім бальніцам, якія знаходзяцца побач з мяжой, было загадана трымаць месца ў рэзерве.
"Пра тое, што такі загад быў адменены, нам не паведамлялі, і я цалкам дапускаю, што таму і пакідаюць койкі свабоднымі", — адзначыла лекар.
Іншы суразмоўца Deutsche Welle — медработнік з больніцы ў Бабруйску — распавёў, што да іх у клініку прыязджала камісія з удзелам вайскоўцаў. Абмяркоўвалі магчымасць вызваліць частку ложкаў "на выпадак паступлення параненых". Выданне адзначае, што побач з Бабруйскім знаходзіцца палігон "Асіповіцкі". Менавіта там, па інфармацыі беларускіх незалежных СМІ, праходзяць навучанне мабілізаваныя, якія прыбылі з Расіі.
Нагадаем, у пачатку тыдня Генштаб УСУ ў сваёй зводцы паведамляў, што ў Брэсцкай вобласці, асабліва ў раёнах, дзе знаходзяцца расійскія вайскоўцы, "значна узмацняецца сацыяльнае напружанне". Па версіі ўкраінскага Генштаба, гэта адбываецца праз тое, што мясцовыя бальніцы перагружаныя працай з расійскімі вайскоўцамі, якія "масава хварэюць праз нездавальняючыя умовы ўтрымання ў намётавых гарадках". У выніку лекары вымушаныя адмаўляць у лячэнні грамадзянам Беларусі. Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч пазней абвяргаў гэтыя сцвярджэнні. Заявіў, што "ў нас пустуюць койкі ва ўсіх рэгіёнах".