Вы тут

Зачынена студыя нацыянальнай татуіроўкі “1863”: унікальны майстар у Варшаве

У студыі нацыянальнай татуіроўкі "1863" / архіў

Аднойчы Еўрарадыё пісала пра татуіроўшчыка Віктара Цыркуновіча, які адкрыў у невялічкім горадзе Беразіно студыю нацыянальнай татуіроўкі “1863”. 

Больш за два гады за невялікія грошы майстар набіваў на скуры сваіх кліентаў беларускія арнаменты, валошкі, папараць-кветкі, а пасля падзей 2020-га яшчэ і акцыю зладзіў: “Пагоня нават на самую вялікую спіну — усяго за 50 рублёў”

Віктара Цыркуновіча ведаюць далёка за межамі яго роднага горада. У студыю ў бчб-стылі з партрэтамі Кастуся Каліноўскага ды іншых беларускіх дзеячаў на сценах да нядаўніх пор прыязджалі людзі з усёй Беларусі. Нават у больш мірныя часы вярцелася пытанне: няўжо ўлады так вось проста заплюшчваюць вочы на гэтую майстэрню, якая працуе ў двух кроках ад прыпынку маршрутак, што прыбываюць са сталіцы? 

Студыю так і не закрылі, але абставіны, якія складваліся вакол “1863” апошнім часам, прымусілі ўладальніка зачыніць дзверы, павярнуць ключ і перабрацца ў Варшаву. 

Што ж здарылася і ці думае майстар займацца любімай справай далей?

Віктар Цыркуновіч / Еўрарадыё

Віктар Цыркуновіч: Здарылася тое, што здарылася з усімі людзьмі, якія былі і застаюцца неабыякавыя да таго, што адбываецца ў Беларусі. Я пачаў адчуваць, што за мной назіраюць і неяк імкнуцца перашкаджаць маёй дзейнасці.    

Спачатку даведаўся, што да нас збіраюцца прыйсці нейкія кантралюючыя органы. Больш за тое, нехта прыходзіў у студыю, калі мяне і майго напарніка і сябра там не было. Няцяжка здагадацца, хто гэта мог быць. Праўда, адразу здавалася, што, можа, мы памыляемся і нам нешта падалося. Але існуюць розныя спосабы гэта праверыць. 

Напрыклад, мы нацягвалі ля дзвярэй нітачку. Прыходзім — нітачка парваная. Дзверы таксама можна замкнуць па-рознаму. Дамовіліся, як зачыняць. Калі прыходзілі, бачылі, што яны зачыненыя па-іншаму. 

Шчыра кажучы, гэта ўсё дадавала нам страху. Мы баяліся, што могуць падкінуць нейкія рэчы, якія знаходзяцца па-за законам, таму кожны раз перад тым, як пачаць працаваць, мы ўважліва аглядалі памяшканне. 

Акрамя таго, Беразіно — невялічкі горад, амаль усе адно аднаго ведаюць. Ёсць людзі, якія добра ставяцца да нас, у тым ліку тыя, што працуюць у міліцыі. З таго, што нам казалі, можна было зразумець, што яны валодаюць нейкай інфармацыяй, пра ўсё распавесці не могуць, але даюць сігналы берагчыся. 

Мы працавалі да таго часу, пакуль мне не прыйшлося з’ехаць у Польшчу. Працавалі і пасля жнівеньскіх падзей. Было ўсялякае, але неяк трымаліся.  

За працай / архіў

Еўрарадыё: Але ўсё ж студыя працавала больш за два гады. Няўжо вас раней не чапалі?

Віктар Цыркуновіч: Я б не сказаў, што нам моцна перашкаджалі, але, звяртаючыся па сваіх справах у нейкія дзяржаўныя ўстановы, мы бачылі, што стаўленне да нас не зусім і не заўсёды добрае. Менавіта з-за нашай дзейнасці.

Натуральна, канцэпцыя студыі была ўсім зразумелая. Мы вельмі танна рабілі нацыянальныя татуіроўкі. Гэта быў такі ўнёсак не толькі для папулярызацыі нацыянальнай культуры, хай сабе і праз такую спецыфічную дзейнасць, але і нейкая ўзнагарода смелым вольным беларусам. 

Усім зразумела, што цяпер насіць на сабе выяву пагоні рызыкоўна, але людзі прыходзілі, прасілі — і мы рабілі. Па сутнасці, чалавек аплочваў толькі матэрыялы на татуіроўку. Гэта вельмі не падабалася міліцыі. Я ведаю, што яны неаднаразова выказваліся, маўляў: “Што, яны яшчэ і бяплатна гэта робяць? Зусім ужо экстрэмізм!”

Жыве Беларусь! / архіў
Беларусь перадусім! / архіў
Беларускі арнамент на скуры дзяўчыны / архіў
На маршы ў Мінску ў 2020-м / архіў

Еўрарадыё: Ты кажаш, што вас затрымлівалі. Як паводзілі сябе супрацоўнікі?

Віктар Цыркуновіч: Па-рознаму. Для іх мы былі не зусім звычайныя. Калі яны затрымлівалі беларусаў, у якіх была, напрыклад, адна невялікая пагонька на скуры, маглі біць. Калі распрануліся мы, у іх павылазілі вочы, бо на нас, як яны самі казалі, “няма дзе і штампік паставіць”

Як большасць татуіроўшчыкаў, мы маем шмат татуіровак, і ўсе яны нацыянальныя: ад пагоні і арнаментаў да ўрыўкаў з вершаў нашых пісьменнікаў. Напрыклад, у мяне не спіне ёсць урывачак з верша Ларысы Геніюш:

Урывачак з верша Ларысы Геніюш / архіў

Разглядаючы маю спіну, адзін з супрацоўнікаў прачытаў яго і раптам кажа: “О, Геніюш!” Я інтуітыўна паспрабаваў павярнуцца, каб паглядзець яму ў твар, але мне не далі. Бачыце, і сярод іх ёсць, або, спадзяюся, ужо былі, адукаваныя добрыя людзі. Гэта цудоўна.

У Жодзіне шмат хто шкадаваў, што мы там сядзім. Я адчуваў гэта. Таксама, перад тым як нас адвезлі туды, мы пасядзелі ў Бярэзіне. На жаль, я куру. Цыгарэты і запальнічкі былі забароненыя ў камеры. І вось адзін з хлопцаў насіў мне цыгарэты. Разумею, што калі б даведалася кіраўніцтва, то былі б праблемы. Тым не менш дапамагаў. 

Я ведаў ускосна чалавека, які гэта робіць. Калі выйшаў на волю, выпадкова сустрэў яго ў краме. Ён стаяў побач у чарзе і набываў цыгарэты ўжо сабе. Кажу: “Зараз аплачу”. Ён упіраўся, не хацеў, казаў, што не трэба. Але я ўсё ж заплаціў.  

Татуіроўкі беларусаў / архіў
Пагоні ад студыі "1863" / архіў

Еўрарадыё: Калі ты кажаш, што сярод сілавікоў ёсць добрыя людзі, адразу ўзгадваецца булгакаўскі Іешуа, які называў добрым чалавекам Понція Пілата…

Віктар Цыркуновіч: Я б не параўноўваў сябе з ім, бо дастаткова рэалістычна гляджу на свет. Калі чалавек робіць добрую справу і не рызыкуе, гэта проста закладзена ў ягонай прыродзе. Калі рызыкуе, тое самае датычыцца людзей, што робяць зараз нацыянальныя татуіроўкі з выявамі, якія нашыя ўлады лічуць экстрэмісцкімі, — гэта праяўленне смеласці, выклік. 

 

Еўрарадыё: Беразіно — невялікі горад, і шмат людзей знаёмыя адно з адным. Ці вядома табе, колькі мясцовых супрацоўнікаў сілавых структур звольнілася з працы?

Віктар Цыркуновіч: Мне цяжка назваць дакладныя лічбы, але гэтых людзей дастаткова шмат для такога горада, як Беразіно. Шмат міліцыянераў хацела звольніцца да выбараў, але іх не адпусцілі. Шмат звальнялася пасля і зараз. Я ведаю, што ў некаторых гэта атрымліваецца. 

Я не ведаю сярод чарговых супрацоўнікаў міліцыі людзей, якія б казалі, што тое, што робяць беларускія ўлады, правільна. Яны ўсе падтрымліваюць, наколькі могуць, толькі вось сыходзяць не ўсе. 

Тыя, што застаюцца, шукаюць сабе нейкае апраўданне: жонка, дзеці, крэдыты, грошы… Ці разумею іх? Не разумею і не хачу разумець, бо нам усім прыйшлося для таго, каб у нашай краіне ўсё было добра, ад нечага адмаўляцца, нечым рызыкаваць. Яны не хочуць гэтага рабіць, таму тых, хто застаўся, я апраўдваць не хачу. 

Затое я дакладна ведаю, што некаторыя нашыя міліцыянеры сыходзяць нават тады, калі іх папярэджваюць, што прыйдзецца заплаціць. Бяруць крэдыты, выплачваюць.

Валошкі і беларускі арнамент на дзяўчыне / архіў
Беларускія валошкі / архіў

Еўрарадыё: Сапраўды, усім прыходзіцца нечым рызыкаваць. Табе, як і шмат каму з беларусаў, прыйшлося з’ехаць у Варшаву, пакінуўшы на радзіме сям’ю. Наколькі цяжкім было гэтае рашэнне?

Віктар Цыркуновіч: Было цяжка. У мяне была магчымасць легальна пераехаць яшчэ год таму, але я не хацеў з’язджаць адзін, кідаць сваіх каханых-родных. Там мая радзіма, там маё ўсё. Таксама мне хацелася працягваць барацьбу — я яе і працягваў, пакуль не зразумеў, што заставацца нельга, бо пасадзяць. Мо я і памыляюся, калі кажу, што нашая барацьба ў Беразіне на нешта паўплывала, але лічу — паўплывала. Наколькі маглі — паказвалі: а не баімся мы вас — ні я, ні мае сябры, ні аднадумцы. 

Бярэзінцы, нягледзячы на тое, што жывуць у маленькім горадзе, вельмі актыўна змагаліся і працягваюць гэта рабіць. І будуць змагацца далей. Яны кажуць: “Мы не з’едзем, бо будзем змагацца далей”. Так, яны і зараз існуюць. Улады таксама ведаюць пра гэта, але ў Беразіне “Жыве Беларусь”, як і па ўсёй Беларусі. 

Пратэстны сцяг горада Беразіно

Еўрарадыё: Як адрэагавалі сябры і родныя на тваё рашэнне пераехаць у Варшаву?

Віктар Цыркуновіч: Я не адчуў, каб нехта з сяброў ці проста знаёмых мяне асуджаў за гэта. Цалкам падтрымлівалі і казалі, што трэба з’язджаць, бо скончыцца ўсё вельмі кепска. Казалі нават год таму. Папярэджвалі, што трэба ехаць, пакуль ёсць магчымасць, бо ў апошні вагон не заскочыш.

Родныя таксама падтрымалі. Ім важна, каб я быў хай і далёка, але на волі — жывы і здаровы. І гэта лепш, чым побач у Беларусі, але за кратамі. 

 

Еўрарадыё: Што ты рабіў у апошнія дні перад ад’ездам у Варшаву? Можа, шукаў нейкай падтрымкі? І ці знайшоў?

Віктар Цыркуновіч: Я цалкам разумею, што новая краіна — іншая мова, іншае стаўленне людзей да жыцця, і мне неяк трэба жыць сярод іх.

Напісаў пост у суполцы “Беларусы ў Варшаве”: “Ці патрэбна беларуская татуіроўка ў Варшаве?” Стаўленне людзей да тату рознае, таму і рэакцыя была рознай. Сярод тых, хто адгукнуўся, знайшоўся чалавек, які станоўча адрэагаваў. 

Кажа: “Я цябе сустрэну, прыязджай, усё будзе добра”. Ён настолькі ўпэўнена гаварыў, што ў мяне не засталося сумневаў, што дапаможа. Ад гэтага павявала сапраўдным беларускім братэрствам. Мы стэлефанаваліся. Карацей кажучы, зараз я знаходжуся ў яго дома. 

Яны разам з жонкай далі мне пакой, дапамагаюць мне парадамі, цалкам узялі мяне на парукі. Гэта цудоўна. Я раней не шмат падарожнічаў, і для мяне гэта нязвыкла. Такія цудоўныя людзі — і ўсё наладжваецца менавіта дзякуючы ім. Гэта той выпадак, калі кажуць: “Я ніколі не забуду”. Буду ўдзячны ім усё жыццё не толькі за дапамогу, але і за тое, што яны такія… што чалавек можа так ставіцца да іншага! Гэта вельмі прыемна.

Званок на Радзіму / Еўрарадыё

Еўрарадыё: На Радзіме была свая студыя, свая сапраўдная і любімая справа. Што думаеш рабіць зараз?

Віктар Цыркуновіч: Зразумела, што я і далей хацеў бы займацца татуіроўкамі. Я ведаю, што гэта вельмі блізкая магчымасць. Ёсць пытанні, але яны вырашальныя. Пакуль трэба зарабляць на хлеб і на сваё жытло. Я не цураюся любой працы: фізічнай, цяжкай. 

Я нарадзіўся і жыў амаль што ў сельскай мясцовасці. Шмат чаго магу рабіць, за што не будзе сорамна. Праўда, ёсць маленькі нюанс: мае рукі — мой інструмент. 

Тату-абсталяванне — гэта тое, што мне проста дапамагае. Калі мае рукі будуць пашкоджаны, я не змагу так моцна адчуваць скуру чалавека, якому я буду рабіць татуіроўку. 

Таму, на жаль, калі б у мяне не было мэты займацца татуіроўкай у Польшчы, я б пайшоў на любую працу. А зараз мне прыходзіцца выбіраць і, на жаль, адкідваць нейкую працу, якая будзе не вельмі добра адбівацца на якасці маіх рук, калі можна так сказаць. Шукаю, нешта падказваюць, нейкія варыянты ёсць. Калі будзе больш — будзе лепш. 

Беларускі арнамент / архіў
Жыве Вечна! / архіў

Еўрарадыё: Ты разумееш, што можаш застацца ў Польшчы надоўга? Можа, ёсць думкі адкрыць тут тую ж студыю “1863”?

Віктар Цыркуновіч: Так, безумоўна. Студыя нацыянальнай татуірокі “1863” будзе працаваць і далей. І безумоўна, мая справа будзе запатрабавана і ў Варшаве, бо за кароткі час, які я тут знаходжуся, ужо многія знаёмыя беларусы выказалі жаданне рабіць у мяне татуіроўкі. У мяне няма ніякіх сумневаў, што трэба адчыняць студыю ў Польшчы. Паглядзім, як яно будзе, але я не сумняюся, што без працы не застануся. Галоўнае абсталяванне я прывёз з сабою.

Еўрарадыё: Як, на тваю думку, будуць складвацца падзеі ў Беларусі далей?

Віктар Цыркуновіч: Пытанне хутчэй да экспертаў, але асабістае меркаванне ў мяне ёсць. На сёння сітуацыя складвалася такім чынам, што калі ён (усе разумеюць, пра каго я кажу) страляў сабе ў нагу, то цяпер страляе сабе ў галаву. І калі-небудзь ён у яе ўсё ж трапіць. Я думаю, што ўжо хутка, бо прыцэльвацца стаў больш дакладна. Можа, са мною нехта паспрачаецца, але лічу, што зроблена дастаткова шмат для таго, каб Беларусь стала вольнай, а людзі змаглі выбіраць таго, каго хочуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.