За якія канкрэтна тэксты заблакавалі kyky.org, у Мінінфарме не кажуць

Міністэрства інфармацыі не паведамяе, за якія менавіта матэрыялы заблакавалі сайт kyky.org. З пытаннем, якія парушэнні дапусціла выданне і як яно можа дамагчыся разблакіроўкі, Еўрарадыё звярнулася да начальніка ўпраўлення прававой і кадравай працы Мінінфармацыі Вікторыі Мялешка. Спецыяліст спаслалася на адпаведную пастанову Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі і Мінінфармацыі.

Вікторыя Мялешка: “Глядзіце Пастанову “Аб зацвержанні Палажэння аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў, размешчаных у глабальным сеціве Інтэрнэт”. Там уся працэдура распісаная — хто, як і куды падае заяву, у якія тэрміны разглядаецца”.

У Пастанове прапісана, што пасля выпраўлення знойдзеных парушэнняў заканадаўства ўладальнік рэсурсу мае права пісьмова звярнуцца ў Мінінфармацыі з заявай аб аднаўленні доступу. Цягам месяца гэтая заява вывучаецца, факт выпраўлення парушэнняў правяраецца і прымаецца рашэнне па заяве. Калі яно станоўчае, то цягам трох дзён адпаведную паперу накіроўваюць з Мінінфарма ў Дзяржаўную інспекцыю, каб сайт выкраслілі са спісу рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны. У дзень атрымання копіі рашэння Мінінфарма Дзяржінспекцыя выкрэслівае сайт з “чорнага спісу”, а правайдэры аднаўляюць да старонкі доступ цягам сутак пасля гэтага.

Нагадаю, прэтэнзіі чыноўнікаў палягаюць у тым, што ў матэрыялах kyky.org ёсць "зняважлівыя выказванні" наконт дзяржаўнага свята — Дня Перамогі, грамадзян краіны, якія ўдзельнічалі ў яго святкаванні. Па версіі Мінінфармацыі, журналісты рэсурсу аспрэчваюць "значнасць гэтай падзеі ў гісторыі дзяржавы" і такім чынам "скажаецца гістарычная праўда пра Вялікую Айчынную вайну". Але называць той артыкул, які выклікаў незадаволенасць Мінінфарма, супрацоўніца ўпраўлення прававой і кадравай працы адмаўляецца. Кажа толькі, што гэта не адзін матэрыял.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі