За верасень заробак шахцёра скараціўся на 6 мільёнаў

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, сярэдні заробак, які беларусы атрымалі ў пачатку кастрычніка, скараціўся на 3,1% ці прыкладна на 200 тысяч рублёў.

Пры гэтым, у некаторых прафесіях (напрыклад, у будаўнікоў) заробак за верасень скараціўся на 300 тысяч! Фінансісты з сярэднім заробкам 7,9 мільёнаў недаатрымалі па 800 тысяч, а работнікі горназдабыўной прамысловасці ў сярэднім — каля 2 мільёнаў афіцыйна!

У Белстаце тлумачаць, што пры разліку сярэдніх заробкаў улетку ўлічваюцца адпускныя. Адпаведна, калі сезон адпачынкаў заканчваецца, заробкі змяншаюцца.

“Мы не можам дакладна сказаць, з-за чаго зменшыліся заробкі, бо атрымліваем толькі лічбы, алё сярэдні заробак лічыцца з адпускнымі — мо таму і знізіліся заробкі”, — мяркуюць у Белстаце.

Шахцёр з 22-гадовым стажам Валерый з Салігорска адзначае, што яго асабісты заробак зменшыўся ледзь не напалову. І нават тлумачыць, што не атрымлівае грошы з-за “калійнай вайны” і праблем са збытам:

“Цяпер меней, было 16 мільёнаў, стала 9. Мы ж здзельна працуем. Калі прадаецца прадукцыя — значыць, мы атрымліваем, калі не — усё!”

Валерый кажа, што заробку на сям’ю з чатырох чалавек хапае, нават з крэдытам на аўтамабіль. Але шахцёр заўважае, што яго больш маладык калегам прыходзіцца несалодка.  

“Я з крэдытам на жыллё раней расплаціўся. А вось хлопцы маладыя, у якіх крэдыты вісяць, ім складана. Яны аддалі працэнты і жывуць на тое, што застаецца”, — кажа Валерый.

Але больш за ўсё афіцыйным лічбам здзіўляецца медсястра дзіцячага садка з Барысава Вольга. Афіцыйна па яе прафесіі заробак — 3,9 мільёнаў. У рэальнасці яе персанальны заробак — меней за 1,5 мільёна.

“Пра што вы кажаце? Мільён дзвесце, мільён сто! Нянечка таксама атрымлівае мільён дзвесце. Майго заробку хапае на аплату камунальных плацяжоў, на што жывём? Ёсць муж, ён працуе сам на сябе”.

Меней за барысаўчанку Вольгу атрымліваюць толькі сацыяльныя работнікі (на 0,25 стаўкі), дворнікі, вартаўнікі ды прыбіральшчыцы.

Еўрарадыё таксама паглядзела самыя дарагія прапановы на сайце Мінпрацы. За два тыдні дадаліся 74 вакансіі на 237 чалавек з заробкам ад 9 мільёнаў. Самая дарагая вакансія, якую прапаноўвае Мінпрацы за апошнія пяць дзён — месца спецыяліста па працы з кліентамі ад “Еўрастэпгруп” з вышэйшай адукацыяй і заробкам 31 мільён.

“Насамрэч, у нас ёсць чалавек, які займае гэтую пасаду. Але ў яго заканчваецца кантракт, і таму, па правілах, мы павінны размясціць вакансію. Ужо 5 чалавек адгукнуліся”, — тлумачаць у кампаніі пра “смачную”, але ўжо занятую вакансію.

А вось на вакансію дырэктара па развіцці і прасоўванні новых прадуктаў на барысаўскім прадпрыемстве “ААЗІС ГРУП” за 27 мільёнаў пакуль жадаючых няма. Што праўда, размясцілі яе толькі ўчора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі