За тры тыдні ў Літву з Беларусі вярнуліся 826 фураў

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота

За амаль тры тыдні з Беларусі ў Літву вярнуліся агулам 826 літоўскіх фур, затрыманых некалькі месяцаў таму.

Праз памежны пункт Медзінікай, як кажа прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс, да паўночы аўторка вярнулася 412 затрыманых фур, а праз Шальчынінкай — 414. За апошнія суткі праз пункт Шальчынінкай вярнулася 10 фур, а праз Медзінінкай – 4, перадае DELFI.

Прэзідэнт асацыяцыі перавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас кажа, што невялікая частка перавозчыкаў накіроўваецца праз Латвію. А некаторыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Літве але прыналежныя польскім перавозчыкам, выехалі з краіны праз беларуска-польскую мяжу. Але, дадае ён, канкрэтныя лічбы невядомыя.

"Ёсць магчымасць вярнуцца праз Расію, Беларусь у Латвію, праз Латвію, таму мы не ведаем дакладную лічбу, але іх няшмат. Таксама польскія перавозчыкі, у якіх былі паўпрычэпы з літоўскімі нумарамі, вярталіся праз беларуска-польскую мяжу, для іх было зроблена выключэнне. Арандаваныя імі паўпрычэпы мелі літоўскую рэгістрацыю, яны вярталіся праз Брэст", — падзяліўся ён падрабязнасцямі.

Першыя фуры з Беларусі вярнуліся ў Літву раніцай 24 сакавіка.

У Беларусі яны правялі некалькі месяцаў — з лістапада 2025 года. Пасля гібрыдных атак метэазондамі з Беларусі ў бок віленскага аэрапорта літоўскія ўлады зачынілі мяжу. У адказ афіцыйны Мінск забараніў фурам з літоўскімі нумарамі выязджаць праз іншыя ўчасткі мяжы. І нават пасля адкрыцця мяжы ўлады не дазвалялі літоўскім грузавікам выехаць, настойваючы на палітычных кансультацыях з Літвой. Праблему ўдалося развязаць толькі пасля ўмяшання спецпрадстаўніка ЗША Джона Коўла, які наведаў Мінск. Рэжым Лукашэнкі дазволіў выезд літоўскім фурам, але спаганяе з іх грошы за знаходжанне на спецстаянках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.