За тэхабслугоўванне аднаго ліфта пад’езд заплаціць 1,1 мільёна рублёў

За тэхабслугоўванне аднаго ліфта пад’езд заплаціць 1,1 мільёна рублёў

З 1 студзеня паслугі за карыстанне ліфтам налічваюцца па новай сістэме. Цяпер у жыроўках гэты радок будзе разбіты на дзве часткі: тэхнічнае абслугоўванне і электрычнасць, затрачаная на працу ліфта.

"Нават, калі ваш ліфт працуе без пытанняў, механікі да вас прыходзяць раз на месяц. Але вы можаце іх не бачыць, бо комплекс работ праводзіцца ў асноўным у машынным памяшканні, толькі невялікая яго частка звязаная з рэгуліроўкай і аглядам шахты", — тлумачыць намеснік галоўнага інжынера “БелліфтАлег Дубавец. — Ну, і раз на год больш сур’ёзныя работы”.

Тэхнічнае абслугоўванне будзе вылічвацца па тарыфе 617 рублёў за квадратны метр кватэры. Па дадзеных Белстата сярэдні метраж жылля — 57,5 квадратных метраў, то бок з кватэры атрымліваецца 35 470 рублёў. За месяц з аднаго пад’езда стандартнага дзевяціпавярховіка з чатырма кватэрамі на паверсе набягае 1 135 264 рублі. Жыхары першага паверха за ліфт па-ранейшаму плаціць не будуць.

“Усё залежыць ад канкрэтнай мадэлі ліфта, яго года вытворчасці, у якім будынку усталяваны, — разважае, ці пакрыюць месячнае абслугоўванне ліфта гэтыя грошы, Алег Дубавец. — Для аднаго ліфта трэба набываць толькі расходнікі кшталту масла ці лямпачак, выдаткі — невялікія, іншы ліфт патрабуе замену рэдуктара — асноўнага механізма, які і перасоўвае ліфт уверх—уніз…”

Генеральны дырэктар “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркіВіталь Смірноў падчас прамой тэлефоннай лініі паведаміў, што “паламаны ліфт, будзе рамантавацца за кошт бюджэту”. Маўляў, тарыф 617 рублёў за квадратны метр жылля заніжаны. Бо эканамічна абгрунтаваныя затраты складаюць 908 рублёў! То бок дзяржава штомесяц будзе даплачваць 500 тысяч рублёў на пад’езд.

Як даведалася Еўрарадыё, кожныя 200-300 ліфтаў в Мінску абслугоўвае адна(!) брыгада дыспетчараў, наладчыкаў, механікаў. Атрымліваем больш за дзесяць ліфтаў у працоўны дзень. З дзяржаўнымі даплатамі на адну брыгаду у месяц збіраецца 417, 6 мільёнаў рублёў, каля 20 000 долараў… Гэта і ёсць эканамічна абгрунтаваныя затраты на тэхнічнае абслугоўванне і працу адной брыгады ў месяц.

Асобна беларусам цяпер давядзецца плаціць і за электрычнасць, затрачаную на працу ліфта па тарыфе 1188 рублёў за 1 кВт/г.

Такім чынам, у жыроўцы за студзень карыстанне ліфтам для кватэры ў 57,5 квадратных метраў абыдзецца ў 35 470 рублёў, плюс электрычнасць на кожнага зарэгістраванага ў ёй жыхара. Яшчэ ў снежні тарыф на аднаго чалавека быў 6 658 рублёў пры эканамічна абгрунтаваных затратах у 13100.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі