За распаўсюд “рэцэпту” па вырабе бомбы міліцыянтаў не пакараюць

У Беларусі міліцыянты беспакарана распаўсюджваюць інфармацыю пра тое, як і з чаго можна вырабіць бомбу. Як даведалася Еўрарадыё, прымаць меры да супрацоўніка слуцкага РУУС, па ініцыятыве якога такія аб’явы паразвешвалі па ўсім горадзе, ніхто не збіраецца. Нагадаем, больш за месяц на дзвярах слуцкага аўтавакзала правісеў “рэцэпт” па вырабе бомбы. Нядаўна выявілася, што ініцыятарам такога рашэння аказаўся супрацоўнік мясцовага РУУС. Да фотаробата “галоўнага сведкі” па справе аб выбуху ў Мінску 4 ліпеня ён прымацаваў падрабязнае апісанне элементаў, з якіх была зроблена бомба.

Як нечакана выявілася, з распаўсюднікам грамадска-небяспечнай інфармацыі разбірацца ніхто і не думае. Так, старшы следчы пракуратуры Слуцка пра аб’яву ўпершыню даведаўся ад нас, хаця пра гэта пісала нават афіцыйная “Народная газета”:

“Зразумейце, я абсалютна не валодаю інфармацыяй. Нічым вам не змагу дапамагчы. Нам нічога не перадавалі. Вам трэба лепш патэлефанаваць у Слуцкі РУУС. Мне няма чаго сказаць, шчыра кажучы. Я ўпершыню ад вас пра гэта чую...”

У Слуцкім РУУС нам адразу сказалі, што ніякіх праверак праводзіць не будуць. Начальнік упраўлення Аляксандр Астрэйка кажа, што, магчыма, гэтым зоймуцца вышэйшыя органы:

“Гэта вам трэба ў абласное ўпраўленне званіць. Яны ж кіруюць нашым райаддзелам. Калі што і будзе, калі будуць якія меры прымацца, дык гэта яны”.

Еўрарадыё патэлефанавала ў прэс-службу УУС Мінаблвыканкама. “Я чытала навіны пра аўтавакзал, і мяркую, што таго чалавека ўжо пакаралі”, - сказала нам прэс-сакратар. Але калі Еўрарадыё патэлефанавала ёй пазней, адказ быў іншым:

“Я тэлефанавала ў Слуцкі РУУС. І там сказалі, што такіх праверак праводзіцца не будзе”.

Прэс-сакратар сказала, што наўрад ці будзе ладзіць праверку і УУС Мінаблвыканкама.

Мяркуючы па ўсім, міліцыянт-парушальнік так і застанецца беспакараным. Бо і ў Міністэрстве інфармацыі нам сказалі, што займацца гэтай справай не будуць:

“Гэтым праваахоўныя органы павінны займацца, а не міністэрства інфармацыі. Мы сочым за выкананнем заканадаўства ў сродках масавай інфармацыі, якія мы рэгіструем. А ўсялякія аб’явы, якія вывешваюцца, гэта праваахоўныя органы павінны...”

Як паведаміў Еўрарадыё юрыст Алег Воўчак, слуцкі міліцыянт як мінімум павінен панесці дысцыплінарную адказнасць.

Але падобна на тое, што на міліцыю законы не распаўсюджваюцца.


Фота — газета "Інфа-Кур'ер"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі