За паступленне ў маскоўскую ВНУ беларусу далі 20 мільёнаў штрафу

Еўрарадыё працягвае адсочваць казусы размеркавання маладых спецыялістаў у Беларусі.  Сумная гісторыя здарылася з выпускніком Гродзенскага каледжа мастацтваў. Замест таго, каб адпрацаваць на размеркаванні ці паступіць у беларускае ВНУ, ён падаўся ў Маскву. Там здолеў паступіць у суперпрэстыжную Дзяржаўную акадэмію музыкі імя Майманіда. 

За гэта родны каледж хоча спагнаць са свайго выпускніка 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Бо з гэтага года пасля сканчэння беларускага каледжа выпускнік мае права паступаць выключна ў беларускія ВНУ. Ці адпрацаваць на размеркаванні, а потым паступаць за мяжу.  

"Усё згодна з афіцыйнай інструкцыяй. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь", - растлумачыла нам галоўная бухгалтарка каледжа Ала Пяцюшык.

"У нас рэальна ёсць такі выпадак: ён паступіў у Маскву, а мы цяпер яго судзім за тое, што ён туды паступіў, - дадае дырэктар каледжа Вадзім Буткевіч. - У першую чаргу пасля сканчэння каледжа ён павінен быў адпрацаваць па размеркаванню. Але замест гэтага паступіў у Маскву. Цяпер мы па законе павінны налічыць яму 20 мільёнаў беларускіх рублёў. Паўгода яму даецца на тое, каб добраахвотна разлічыцца. Калі гэтага не здарыцца, то мы звернемся ў суд і атрымаем грошы праз судовых выканаўцаў."

Такія жорсткія штрафы дазваляе пастанова Савету міністраў №1813 ад 24 снежня 2007 года. Згодна з прававым дакументам, студэнты, якія не адпрацавалі па размеркаванні, мусяць унесці кампенсацыю ў дзяржбюджэт. Вядома, першыя, хто сутыкнуўся з новым законам, гэта выпускнікі-2008.

"Хто выпусціўся ў 2007 годзе, ехалі і паступалі ў Маскву, -  кажа дырэктар каледжа Вадзім Будкевіч. - І мы імі ганарыліся. Сярод лепшых нашых выпускнікоў раней была нават такая традыцыя - паступаць у Расію. Але зараз усё змянілася".

Цікава, што платнае навучанне ў Гродзенскім каледжы мастацтваў складае максімум 6 мільёнаў 200 тысячаў рублёў. Выходзіць, ўхіленне ад размеркавання абыдзецца выпускніку прыкладна ўтрая больш за платнае навучанне. 

Яшчэ адна недарэчная гісторыя здарылася з выпускніком сталічнага педуніверсітэта. Хлопца размеркавалі ў Баранавіцкі раён настаўнікам. Але працы ў адной школе не знайшлося. Малады спецыяліст мусіў за 250 тысячаў заробку разрывацца паміж дзвюма вясковымі школамі. Прытым ездзіць з адной школы да другой трэба было за 30 км. А гэта дзве аўтобусныя перасадкі, 60 тысячаў рублёў штомесяц на білеты. І як у такіх умовах выжыць?

Са слязьмі на вачах малады спецыяліст паскардзіўся на сітуацыю Святлане Сямёнавай, дырэктару ліцэя №1 горада Брэста. 

"Справа ў тым, што калі іх размяркоўваюць, то ў інстытуце тлумачаць іхныя правы. Але гэта яшчэ дзеці, яны прыязджаюць на месца і не могуць яшчэ сказаць слова "не" альбо "не маеце права", - расказала заслужаны настаўнік Беларусі Святлана Сямёнава пра цяжкасці, з якімі сутыкнуўся бядак.  

Малады настаўнік змог дабіцца справядлівасці, дзякуючы падказцы вопытнай калегі.

"Я лічу, што калі хочаш мець добрага спецыяліста, трэба стварыць яму ўмовы. Я падказала гэтаму хлопцу ягоныя правы, растлумачыла, што яны не маюць права так, што ёсць рашэнне мясцовых уладаў аб кампенсацыі жылля, і ён мае права папрасіць гэтую кампенсацыю. А калі яму гэтую кампенсацыю не даюць, то абавязаны выдзяліць жыллё. Хлопец паслухаўся, і яму адразу ж далі кватэру, забяспечылі працай у адным месцы, карацей, усё зрабілі па найвышэйшым разрадзе", - працягвае Святлана Сямёнава.

Такім чынам, варта заўсёды змагацца за свае правы.

Еўрарадыё і далей будзе сачыць за казусамі беларускага размеркавання.

Слухайце і чытайце на Еўрарадыё мінулыя матэрыялы на тэму размеркавання http://www.euroradio.fm/by/633/reports/24589/
Калі вы сутыкнуліся з цяжкасцямі размеркавання, дасылайце свае гісторыі на скрыню [email protected]

Фота — speak-russian.cie.ru