Вы тут

За 5 гадоў заробак Лукашэнкі вырас амаль удвая

Заробак Аляксандра Лукашэнкі за 2019 год — 117 тысяч рублёў

За 5 гадоў, якія прайшлі з мінулых прэзідэнцкіх выбараў, рублёвы заробак кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вырас амаль удвая. Калі ж пералічыць у долары, дык рост вельмі сціплы — усяго-та на нейкія $169.
 

Глядзіце самі

15 ліпеня газета "Беларусь Сегодня" апублікавала дэкларацыі аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты за 2014 год. Аляксандр Лукашэнка задэклараваў BYN 117068 заробку, то бок у сярэднім па BYN 9755 за месяц.

Сярэднегадавы курс долара ЗША ў 2019 годзе быў 2,0914 рубля за долар. Атрымліваецца, што як кіраўнік Беларусі, Лукашэнка атрымліваў у мінулым годзе $4664 за месяц.

А што было пяць гадоў таму?

У дэкларацыі Аляксандра Лукашэнкі за 2014 год, пададзенай да мінулых выбараў, задэклараваны заробак у 551 млн рублёў. Такая агромная лічба — таму, што гэта было яшчэ да дэнамінацыі. Атрымліваецца прыкладна BYN 45,9 млн за месяц. Каб параўнаць з цяперашнім заробкам, аднімайце чатыры нулі.

Пераводзім у долары па сярэднегадавым курсе за 2014 год — 10215 рублёў за долар. І атрымліваем, што прэзідэнцкі заробак Лукашэнкі ў 2014-м быў — $4495.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.