З выставы "Пагоні" знялі "Супраціў двухгаловаму мутанту" Марачкіна
24 лістапада ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася юбілейная выстава мастацкай суполкі "Пагоня", прымеркаваная да яе 25-годдзя.
Як паведамляе Радыё "Свабода", перад самым адкрыццём выставы, калі карціны ўжо былі развешаныя, арганізатарм затэлефанавалі з Міністэрства культуры і загадалі зняць дзве працы Аляксея Марачкіна. Незадавальненне Мінкульта выклікалі творы "Двубой, альбо Супраціў дзвюхгаловаму мутанту" і "Маці Божая Нябеснай сотні".
Па словах Марачкіна, карціну "Маці Божая Нябеснай сотні" ўдалося адстаяць. Мастак спаслаўся на афіцыйную пазіцыю Беларусі наконт Украіны. А карціну "Двубой" давялося зняць, бо пад пагрозай была сама выстава.
Таксама з выставы знялі карціну Алеся Пушкіна "Памяці беларусаў, загінулых за Украіну".
Фота: svaboda.org