З Віцебскага ўнівера размяркоўваюць ва Ушачы на заробак 185 долараў

Цікавімся, як размеркавалі іншыя ВНУ, дзе ёсць спецыяльнасці з навучаннем ў 4,5 гады.

Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава размеркаваў выпускнікоў-гісторыкаў, якія вучыліся 4,5 гады.

“У нас там 8 чалавек размяркоўваліся. У асноўным яны размеркаваліся па месцы жыхарства, некаторыя уладкаваліся самастойна”, — даюць справаздачу Еўрарадыё ў адміністрацыі ўніверсітэта.

Але, як высвятляецца, пашанцавала не ўсім. Менеджара па гісторыка-культурнай спадчыне Юлю, якая заканчвае ўніверсітэт з чырвоным дыпломам размяркоўваць ва Ушачы, падымаць музей!

“Мяне размеркавалі ва Ушацкі музей народнай славы імя Лабанка. Гэта трэба ехаць за 160 кіламетраў, чыгункі там няма, толькі на аўтобусе. Наконт інтэрнату нічога не сказалі, нічога не напісана пра гэта ў дакументах. Ужо ў канцы лютага там трэба быць”, — распавядае Юля пра сваю першую працу пасля ўніверсітэта.

Давядзецца пераязджаць.

На размеркаванні ёй прапанавалі два варыянты: другі – у Бягомлі.

“У Бягомль трэба ехаць у іншы бок і на два кіламетры далей. Таму абрала Ушачы, гэта ўсё ж райцэнтр. Пра заробак, калі размяркоўвалі нават нічога не сказалі. Я спрабавала сваё размеркаванне знайсці, шукала па турфірмах, але без досведу працы не бяруць і не хочуць звязвацца з маладымі спецыялістамі”, — тлумачыць менеджар па гісторыка-культурнай спадчыне. І прыгадвае, што ў Бягомль паедзе яе аднакурсніца, таксама з чырвоным дыпломам.

“Заробак у нас нізкі 1,8 мільёна. Жыллё ёсць, але ад яго звычайна адмаўляюцца. Адпрацоўваюць два гады, як салдаты ў войску і назад едуць”, — расказваюць пра ўмовы працы ва Ушацкім музеі імя Лабанка. І гэта пры сярэднім заробку па краіне ў 5 мільёнаў!

У музеі ўжо чакаюць маладую спецыялістку і пералічваюць яе абавязкі на 1,8 мільёна.

“У нас навуковы супрацоўнік мае экскурсійную нагрузку, вядзе і навуковую працу і фондавую”.

Цікавімся, як размеркавалі іншыя ВНУ, дзе ёсць спецыяльнасці з навучаннем ў 4,5 гады.

“Па спецыяльнасці “сацыяльная праца” у нас выпусціліся ўжо. Там 100% размеркаванне адбылося. Па гэтай спецыяльнасці выпускнікі запатрабаваныя. Частка ў Брэсце засталася, многія прывезлі свае запыты з раёнаў”, — расказваюць пра выпускнікоў у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна. І не прыгадваюць тых, хто адмовіўся ад размеркавання і вырашыў заплаціць за ўсе пяць год вучобы.

Размяркоўваў выпускнікоў і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт  у Мінску, тут каротка гавораць, што “Усіх стоадсоткава размеркавалі, ніхто не адкупляўся”.

Сёлета вышэйшую адукацыю бясплатна атрымалі 20 тысяч чалавек, з іх накіраваны на працу 19 тысяч, паведамляе Белстат. Маладымі спецыялістамі сталі толькі 18 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі