Вы тут

Юрыю Чыжу на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Буйны бізнэсмен Юрый Чыж застанецца пад вартай яшчэ на два месяцы. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам kp.by паведаміў старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерый Вакульчык. Па яго словах, Чыж застаецца ў СІЗА КДБ, следства па яго справе працягваецца, інтарэсы арыштаванага прадстаўляе адзін адвакат.

Нагадаем, што ўладальнік групы кампаній “Трайпл” Юрый Чыж быў затрыманы 11 сакавіка. Разам з Чыжом затрыманы яшчэ шэраг асобаў, падазраваных у здзяйсненні і саўдзеле ў гэтым злачынстве, сказаў прадстаўнік КДБ. Дзеянні бізнэсмена падпадаюць пад ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі “Ухіленне ад уплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, а таксама пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю.

Асабліва буйным памерам лічыцца сума, якая ў 2500 разоў перавышае базавую велічыню — на сёння гэта 525 мільёнаў рублёў.

Таксама Вакульчык згадаў пра затрыманне намесніка старшыні “Беларусбанка” Генадзя Гаспадарыка. Кіраўнік ведамства адзначыў, што падставай для затрымання быў “кантраляваны хабар”. “Па сутнасці, гэта быў хабар, але мы ўмяшаліся”, — сказаў Вакульчык. Ён таксама паведаміў, што хоць банкіра затрымалі з 14 тысячамі долараў, рэальная сума была большай.