Юрыстка-галадоўшчыца: Галадоўка Каваленкі гэта яго асабісты выбар самурая

Еўрарадыё: Вы не з чужых словаў ведаеце, што такое галадоўка. Што фізічна адбываецца з чалавекам, які галадае?

 

Таццяна Монцян: Я галадала супраць планаў урада і парламента, прыняць новы жыллёвы кодэкс, які стварыў бы ўмовы для поўнага развалу сістэмы ЖКГ.

Я галадала толькі 42 дні, таму дакладна не магу сказаць, што адбываецца на 70-ты дзень. Агулам пасля пары першых крызісаў на чацвёрты дзень і ў прамежку паміж дзявятым і чатырнаццатым днём, у залежнасці ад сілы арганізма, не адбываецца практычна нічога. Арганізм проста пераключаецца з харчавання праз рот на харчаванне ўнутранымі запасамі. Насамрэч, жахі галадоўкі моцна перабольшаныя. Нічога страшнага не адбываецца, калі рабіць гэта правільна. Самае галоўнае – чысціць арганізм, рабіць клізму кожныя 3-4 дні. Для мяне бяспечны максімум каля 50 дзён. Але 70 дзён - гэта ўжо занадта. Я думаю, што там ужо маглі пайсці змены ва ўнутраных органах і арганізм пачынае з’ядаць жыццёва важныя органы. Ніякі Лукашэнка не варты таго, каб з-за яго знішчаць сваё здароўе.

Еўрарадыё: Тым больш, гэта небяспечна, калі галадоўка адбываецца за кратамі.

 

Таццяна Монцян: Хутчэй за ўсё, гэта вельмі небяспечна і вельмі страшна. Добра рабіць усё гэта на свабодзе, калі можна ў любы момант выйсці правільным спосабам на соках. Я схіляюся перад мужнасцю гэтага чалавека, але лічу, што ён робіць гэта дарма, бо здароўе знішчаецца назаўсёды.

Еўрарадыё: Калі чалавек галадае так доўга, ці ўсведамляе ён, што адбываецца, ці адэкватна ён успрымае рэальнасць?

 

Таццяна Монцян: Я не ведаю, складана сказаць. Я ўсе 42 дні працавала, ездзіла ў камандзіроўкі, удзельнічала ў судовых працэсах, у ток-шоў. Проста на нейкім этапе як у машыне заканчваецца бензін, гэтаксама ў арганізме заканчваюцца запасы тлушчу і іншыя бяспечныя рэзервы. Арганізм пачынае з’ядаць тое, што з’ядаць ужо нельга. Я не ведаю, калі гэта адбудзецца ў Сяргея Каваленкі, але па любых крытэрыях 70 дзён гэта вельмі небяспечна. Праблема яшчэ і ў тым, што нельга перарываць галадоўку такімі метадамі, якімі гэта робіць наша пенітэнцыярная сістэма. Я думаю, што яго здароўе незваротна загубленае ўжо зараз і калі ён хоча выжыць, а выжыць – гэта галоўная мэта для любога чалавека, які патрапіў у абцугі сістэмы, ён павінен зараз жа перастаць гэтым займацца.

Еўрарадыё: Як можна паўплываць на чалавека, каб ён перапыніў галадоўку?

 

Таццяна Монцян: Гэта ўжо яго асабістае рашэнне, ніхто не можа прыняць рашэнне за іншага чалавека. Калі ён мэтанакіравана вырашыў памерці і гэта яго спосаб самазабойства – гэта яго права. Па-мойму гэта неразумна, але лёгка разважаць, калі ты сядзіш дома і даеш інтэрв’ю па тэлефоне.

Еўрарадыё: А наколькі, увогуле, эфектыўны такі сродак пратэсту. як галадоўка?

 

Таццяна Монцян: Выключна з мэтай піяру, а таксама для ўласнага здароўя і ачысткі арганізма. Нікому не будзе лепш ад таго, што ён памрэ. Гэта яго асабісты выбар самурая. Калі ён лічыць, што такое жыццё, якое яму навязваюць, для яго непрымальнае, то яго асабісты выбар – памерці. Наўрад ці хтосьці на гэта паўплывае. Я думаю, што зараз ён не перапыняе галадоўку толькі таму, што не хоча каб на яго паказвалі пальцам і гаварылі, што ён не вытрымаў і спалохаўся. Але ўсе гэтыя людзі не вартыя яго мезенца. Калі б я магла да яго звярнуцца, я б яму гэта сказала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі