Юлія Фарботка: Ідэя рабіць сумкі пачалася са смалявіцкіх валёнак

120605 Farbotka s.mp3

Еўрарадыё: Што цябе натхніла?

Юлія Фарботка: Я была ў Беларусі ў бабулі, і мы паехалі ў фабрыку ў Смалявіцкім раёне, якая робіць валёнкі. Мне вельмі спадабаўся матэрыял фетр (лепшы гатунак лямцу). Прыехала я ў Польшчу і пачала думаць, як бы яго выкарыстаць. Вось гэтак і прыдумала добры аксэсуар для жанчын — сумкі. Потым пачала на іх вышываць — так усё памалу пайшло, і цяпер з'явіласяла шмат розных мадэляў прыгожых сумак.

Еўрарадыё: Думаю, што валёнкі таксама папулярныя ўзімку ў Польшчы…

Юлія Фарботка: Так, палякі любяць, адно ж тут такіх зімаў няма, каб хадзіць у валёнках.

Еўрарадыё: Ці робішся ты больш папулярнай?

Юлія Фарботка: Так. Кожны дзень стараюся, многа працую: лісты, інфармацыя розныя інтэрнэт-старонкі — і так з кожным разам больш людзей даведваюцца пра марку Farbotka.

Еўрарадыё: Ты працуеш на польскі рынак? Ці хочаш вярнуцца ў Беларусь?

Юлія Фарботка: Я працую ў Польшчы, бо тут я жыву, у мяне тут сям’я, таму найперш я буду развіваць марку ў сябе ў Польшчы, у Любліне. Сумкі прадаюцца ўжо па ўсёй Польшчы, і пакрысе я планую выйсці на наш беларускі рынак. Гэта крыху цяжкавата, таму пакуль праз інтэрнэт-краму можна заказаць сумкі таксама і ў Мінск.

Дызайнерка Юлія Фарботка

Еўрарадыё: Узоры, якія ты выкарыстоўваеш — гэта беларускі арнамент?

Юлія Фарботка: Я іх змешваю, каб не было аднастайна. Польскі ўзор у мяне толькі адзін — гэта “ловіч”, кветкі. Гэты ўзор я выкарыстоўвала на пачатку, але ж потым падумала раскручваць Беларусь, Украіну ды Расію. Так выйшаў такі славянскі мікс: крыху з таго, крыху з іншага… Такім чынам ўзнікаюць новыя малюнкі ды ўзоры, але больш я стараюся браць беларускія варыянты.

Еўрарадыё: Ці суадносяць кліенты твае тавары з Беларуссю?

Юлія Фарботка: Так, так. Я ўсюды падкрэсліваю, што выкарыстоўваю нашы беларускія арнаменты, і кожны ўзор, які з'яўляецца, мае сваю гісторыю: як ён узнік, што натхніла, што гэта, напрыклад, беларускія валошкі…  Таму інфармацыя ёсць, што гэта беларускія ўзоры.

Еўрарадыё: А што наконт коштаў? Ці прымальныя яны для беларускага спажыўца?

Юлія Фарботка: Цэны ў мяне ў злотых. Цэны розныя. Сумкі ад 80 да 250 злотых (190 – 600 тысяч рублёў). Цэны розныя, але гэта ручная работа, таму і цэны адпаведныя. Я стараюся выбіраць матэрыялы добрыя, але не надта дарагія, бо добра разумею, што хочацца мець некалькі сумак, а не адну.

Еўрарадыё: Ты ўсё робіш сама або нехта табе дапамагае?

Юлія Фарботка: Адразу я шыла сама (начамі даводзілася сядзець), а цяпер ёсць ужо тры чалавекі, якія мне дапамагаюць, штодня прыходзяць да мяне і шыюць. Я ўжо займаюся збольшага дызайнерскай працай, і кожная сумка праходзіць праз мае рукі. Няма такога, каб выраб пайшаў у свет, і я на яго не паглядзела.

Еўрарадыё: Якія далейшыя планы? Можа, варта ўжо ў Парыж з сумкамі?

Юлія Фарботка: Пакуль я планую адкрыць у Любліне сваё атэлье. Ездзім мы на розныя паказы моды. Цяпер лета — добрыя месяцы, каб рабіць выставы на розных кірмашах, паказах.

Еўрарадыё: А ты выстаўляешся ад Польшчы ці ад Беларусі?

Юлія Фарботка: Я нібыта польская вытворца. Я шыю ў Польшчы і ўся вытворчасць у мяне польская. Але акцэнты раблю беларускія. Націск ідзе на “славянскі” дызайн.

Фотаздымкі з афіцыйнай інтэрнэт-старонкі farbotka.pl



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі