Вы тут

Ёсць тыя, хто на гэтым заробіць. Як дзяржСМІ ўгаворваюць беларусаў не баставаць

Рабочыя Беларуськалія абмяркоўваюць страйк, жнівень 2020 года / Еўрарадыё

"Народны ультыматум", аб'яўлены Святланай Ціханоўскай, заканчваецца 25 кастрычніка. Ужо з панядзелка лідары пратэсту заклікаюць прадпрыемствы і арганізацыі распачаць шырокамаштабны страйк. І хоць праўладныя "палітолагі" сцвярджаюць, што гэтая ідэя нікім не будзе падтрымана, дзяржаўныя СМІ апошнія дні вядуць актыўную "апрацоўку" грамадзянаў, даказваючы ім, што прыслухоўвацца да заклікаў страйкаваць не варта.

Еўрарадыё вывучыла, якія аргументы супраць забастовак выкарыстоўвае дзяржаўная прапаганда.

"Месца будзе занятае"

Наратыў, які актыўна які выкарыстоўваецца ў дзяржСМІ — страйкі прывядуць ледзь не да поўнага эканамічнага калапсу.

"Некаторыя наіўна задаюцца пытаннем: што тут такога страшнага? Пабастуем тыдзень-другі, а затым, калі што, вернемся на працу. Але вось праблема: ці стануць нашы замежныя партнёры супрацоўнічаць з ненадзейнымі прадпрыемствамі, якія на цэлыя тыдні пратэрмінавалі пастаўкі сваёй прадукцыі. Вярнуўшыся на рынак пасля забастоўкі, можна выявіць, што тваё месца занятае. У гэтым выпадку прадпрыемству пагражае банкруцтва, яго работнікам — беспрацоўе, а іх дзецям — беднасць і нават голад ", сцвярджае ў інтэрвʼю прафесар БДУ Валерый Байнеў.

Хоць Байнеў і падаецца як эксперт і мае ступень доктара эканамічных навук, адукацыя ў яго тэхнічная, а тэма доктарскай дысертацыі яго гучыць як "Навукова-тэхнічны прагрэс і энергазберажэнне: спажывакаштоўны аналіз". Вядомы ён і як аўтар блога "Беларускія навукоўцы-патрыёты за інтэграцыю ў меажах былога СССР", дзе піша ў тым ліку аб "пагібельным уздзеянні на ўсіх нас банкаўска-растаўшчыцкай сістэмы, метадычна знішчаючай эканоміку Беларусі, Расіі і ўсіх іншых перыферыйных краін". Вось такі вось эксперт!

Аналагічныя развагі пра "страты рынкаў" транслююць у заявах і кіраўнікі прадпрыемстваў.

"Не будзем працаваць — не заробім, не выканаем кантракты з партнёрамі — страцім іх і рынкі ў цэлым. Каму гэта будзе выгадна? Дакладна не нам", заяўляе намеснік старшыні Беллесбумпраму Аляксандр Пшонны. 

Дырэктар "Красного пищевика", па сумяшчальніцтве сенатар Сяргей Анюхоўскі таксама пераконвае супрацоўнікаў, што выйграюць толькі канкурэнты.

"Страйкі заўсёды накіраваны на дэстабілізацыю абстаноўкі. Заводы не працуюць, не вырабляюць прадукцыю, не атрымліваюць выручку. Спажыўцы застаюцца без неабходных ім тавараў. Губляецца давер у партнёраў, бо не выконваюцца замовы. Усё гэта ідзе на шкоду і прадпрыемству, і эканоміцы краіны ў цэлым. У выйгрышы застаюцца толькі канкурэнты", кажа Анюхоўскі.

Характэрна, што цэлая серыя падобных каментароў пра шкоду забастовак пачала выходзіць у дзяржаўныя СМІ з 23 кастрычніка.

"Нам няма калі страйкаваць"

Яшчэ дзяржСМІ спрабуюць пераканаць беларусаў у тым, што ідэю забастовак ніхто не падтрымлівае, а змяняць краіну трэба толькі працай.

"Нам няма калі думаць пра забастоўкі. Мы прывыклі працаваць, прывыклі зарабляць на жыццё сваімі рукамі", заявіла ў каментары для дзяржагенцтва супрацоўніца фабрыкі "Славянка" Раіса Кашалёва.

Па выпадковым супадзенні гэтая ж супрацоўніца раней узначальвала на прадпрыемстве ячэйку БРСМ, а на прэзідэнцкіх выбарах была сябрам выбарчай камісіі.

супрацоўнік "Нафтана" Уладзімір Бедунько / кадр з сюжэту дзяржканала

"У мяне няма такіх калегаў, якія заклікаюць да забастовак. Я лічу, што іх меншасць. У нас такое пытанне нават не разглядаецца ў вытворчасці, у нас шмат моладзі — усе працуюць", — пераконвае супрацоўнік "Нафтана" Уладзімір Бедунько.

У эфіры "Беларусь 1" выходзіла і "народнае апытанне", удзельнікі якога асуджалі акцыі пратэсту і заклікі да забастовак. Зноў жа, зусім выпадкова адзін з траіх спікераў апынуўся сакратаром БРСМ ў адным з універсітэтаў Мінска, а другі вельмі падобны на супрацоўніка сакратарыята Палаты прадстаўнікоў.

Падтасаваныя факты

Для ўзмацнення эмацыйнага складніка можна і трохі сказіць факты ці будаваць зусім ужо мудрагелістыя лагічныя сувязі.

"Слесару-рамонтніку, які за "20 гадоў на адным заводзе" стаў дасведчаным слесарам-рамонтнікам, не працягнулі кантракт. Мабыць, знайшлі яшчэ больш дасведчанага: ну бо 20 гадоў прайшло, а чалавек не расце над сабой. Нават членам прафсаюза за гэтыя два дзясяткі гадоў стаць не зрабіў ласку", кпіць у адной з калонак Музавозчык.

А вось прыклад адкрытай няпраўды. "Нягледзячы на вялікую долю ў ВУП малых і сярэдніх кампаній у развітых краінах, хрыбтом іх эканомік зʼяўляюцца буйныя", сцвярджае яшчэ адзін калумністаў "Беларусь сегодня".

Нюанс у тым, што прамысловасць забяспечвае менш 27% ад ВУП Германіі, а ў Вялікабрытаніі — 17,5%. У Беларусі ж на вытворчасць прыходзіцца 31,3% ВУП. Асноўнай часткай эканомікі даўно стала сфера паслуг.

У эфіры АНТ вырашылі трохі перабольшыць фонд аплаты працы "Беларуськалія": вядоўца сцвярджала, што месячны фот складае 50 мільёнаў долараў, хоць яшчэ ў жніўні называлася колькасць амаль у паўтара разы менш: 36 мільёнаў. Але яно гучыць, напэўна, не так значна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.