Яўген Булка: Беларускія зоркі не маюць унутранай свабоды

120402 Bulka_site.mp3

Еўрарадыё: Як з вас пажартавалі першага красавіка?


Яўген Булка: Найлепшы жарт, якім цяпер усе захапляюцца – гэта жарт прыроды. Першага красавіка – сумёты да калена.

Еўрарадыё: А людзі з вас не жартавалі? Толькі прырода?


Яўген Булка: Тут мне трошачкі пашчасціла, бо ніякіх кепікаў з мяне першага красавіка ніхто не строіў. Можа, людзі гэтак разняволіліся, ці, можа, наадварот непакояцца з-за таго, што цяпер адбываюцца ў Беларусі, што спрабуюць ужо не жартаваць.

Еўрарадыё: Можа, беларусам ужо не да смеху?..


Яўген Булка: Хутчэй, так. Я схільны так думаць.

Еўрарадыё: Можа, не захацелі больш з вас жартаваць. Памятаючы, што Міця Тарпішчаў пажартаваў з вас наконт вашага прыватнага жыцця, і вам гэты жарт не спадабаўся.


Яўген Булка: Мне вельмі “падабаюцца” розныя прачытанні таго што там адбылося... Ні ў каго дакладнай інфармацыі няма, але ёсць шмат версій таго, што там адбылося. Мусіць, спрацаваў “чорны піяр”...

Еўрарадыё: А што ж тады адбылося?.. Мы так здзівіліся, бо вы чалавек – жартаўнік, які сам у бізнэсе гумару, і тут раптам гумару не адчуў...


Яўген Булка: Кажуць, што нельга жартаваць на рэлігійныя тэмы ды на тэмы сям’і. Сам я гэтага ніколі не рабіў, таму тое, што я пачуў ад пана N. (за N. хаваецца слова “нікчэмнасць”) – выклікала нармальную рэакцыю мужчыны, чыю сям’ю абразілі.

Еўрарадыё: А ці успрымалі калі-небудзь вашы жарты як абразу?


Яўген Булка: Ну, а як жа. Вядома, было, але гэта ніколі не тычылася чагосьці вельмі асабістага. Тое, што не выклікае грамадскую рэакцыю. Пра асабістае я не жартую.

Еўрарадыё: А як у беларусаў з пачуццём гумару?


Яўген Булка: У беларусаў спецыфічнае пачуццё гумару. Беларусы ўспрымаюць жарты ад суседзяў (нават калі яны не надта якасныя), але не хочуць успрымаць жартаў пра сябе ад сваіх суайчыннікаў.

Еўрарадыё: А як беларускія зоркі рэагуюць на жарты? Здаецца, што не заўсёды ўспрымаюць...

Яўген Булка: Крыўдна, што ў нас няма свабоды, якую часта вызначае эканамічны складнік жыцця. Няма і ўнутранай свабоды. На жаль, і ў медыя-персон асабліва. Калі няма ўнутранай свабоды, то і гумар успрымаецца цераз прызму сваёй псеўда- ці рэальнай “зорнасці”.

Еўрарадыё: А што значыць, “унутраная свабода”?


Яўген Булка: Для мяне свабода...  Напрыклад, грошы – гэта мера свабоды. Дарма, што “зоркі” ў нас ёсць, але пра іх эканамічную свабоду няма што казаць. Таму, калі спадар Кіркораў слухае пра сябе ўсё што заўгодна і ўсміхаецца – у яго ёсць мільён долараў, што дазваляе тую ўсмешку захаваць.

Еўрарадыё: Ну, ён не заўжды ўспрымае...

Яўген Булка: Усе маюць розныя станы. Кажуць, што паводзіць трэба сябе дыпламатычна.

Еўрарадыё: Але ж бедныя людзі таксама могуць разумець самаіронію...


Яўген Булка: Мой погляд на гэта вельмі просты. Чалавек найлепей жартуе, калі ён безнадзейна бедны.  Тады пачуццё гумару зашкальвае, яно тады шыкоўнае. Або наадварот. Калі ён вельмі багаты і настолькі багаты, што дазваляе сабе быць арыстакратам – тады пачуццё гумару далікатнае. Сярэдні стан беларускага грамадства не дазваляе нам быць зусім беднымі і жартаваць з сябе (бо няма чаго губляць), а з іншага боку – мы не багатыя, таму тут няма і вытанчанага гумару. Найлепей жартуюць габрэі, бо ў свой час яны былі даведзеныя да галечы, але сярод іх з’явіліся вельмі багатыя людзі. Таму габрэйскае пачуццё гумару найлепшае, над усім светам.

Еўрарадыё: Вам падабалася перадача “Comedy Club” на беларускім тэлебачанні?

Яўген Булка: Так, вядома ж.

Еўрарадыё: То бок, тыя, хто кажа, што было не смешна – проста не разумеюць гумару?..


Яўген Булка: Тыя, хто кажа, што было не смешна – ніколі не былі на перадачы. Бо тыя, хто быў на перадачы пыталіся: “Чаму ў вас здымаюць так, што губляецца палова атмасферы, губляюцца твары і пантаміма?” Гэта праблема тэлевізійнага мантажу.

Еўрарадыё: А якое з шоў на тэлебачанні – самае смешнае?


Яўген Булка: Апроч беларускага футболу? :)

Еўрарадыё: Добра, прымаецца :) Ці ёсць яшчэ табу для жартаў, апроч сям’і і рэлігіі? Ці можна ў Беларусі пажартаваць пра палітыку на тэлебачанні?


Яўген Булка:  Паспрабуйце :)

Еўрарадыё: Зноў залік :) Ці ёсць рэцэпт, як прыдумаць добры жарт?


Яўген Булка: Чытайце разумныя кніжкі, размаўляйце з добрымі людзьмі, гаварыце шмат – рана ці позна вы скажаце нешта смешнае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі