Ясін: Скарачэнне паставак нафты і праблемы з малаком — гэта толькі пачатак

Еўрарадыё: З пункту гледжання эканаміста, канфлікт паміж “Беларуськаліем” і “Уралкаліем”, затрыманне ў Мінску гендырэктара Уладзіслава Баўмгертнера — гэта “спрэчка двух гаспадарчых суб’ектаў” ці нешта большае?

Яўген Ясін: На мой погляд, гэта канфлікт увогуле нічога эканамічнага не ўтрымлівае. Дакладней — падаплёка ў яго эканамічная, бо для Беларусі, наколькі я разумею, гэтыя аперацыі з каліем надзвычайна важныя. Але метады, якімі спрабуюць адстойваць свае інтарэсы, ні ў якія вароты не лезуць. Таму, у выніку, былі прынятыя чыста палітычныя крокі. І зыходзілі яны нават не з эканамічнага становішча Беларусі, а з таго, як выглядае палітычны імідж вашага прэзідэнта. У выніку гэта ўсё вылілася ў міжнародны скандал толькі таму, што сам падыход характарызуе дэспатычны метад кіравання і больш нічога. Калі ж казаць, што гэта прыкрываецца эканамічнымі матывамі, то гэта ж у нас у традыцыі! І вы, і мы так робім: калі трэба пазбавіцца ад палітычнага канкурэнта — аб’яўляюць, што ён нешта скраў. Адразу вакол гэтага шмат размоў з прыцягненнем падатковай службы — падатковая служба заўсёды нешта знойдзе. Але ва ўзаемаадносінах паміж дзвюма краінамі гэта немагчыма ўявіць. Нават цяжка сабе ўявіць, што нешта такога кшталту магло б здарыцца паміж дзвюма нармальнымі краінамі. Але ў нас абедзве дзяржавы з не зусім нармальнымі, сфармаванымі “густамі”. Праўда, паколькі вы свайго трымаеце даўжэй, то ў яго разуменне таго, што ён можа зайсці далей, чым іншыя, відаць, зайшло далей, чым у нашага (прэзідэнта. — заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Цяжка сабе ўявіць гендырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера палітычным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі…

Яўген Ясін: Не, натуральна! Але ў дадзеным выпадку гэта зручна: хапаеце Баўмгертнера, а за ім стаіць Пуцін! І яму нібыта кажуць: “З тваімі дырэктарамі будуць рабіць гэтак жа!” А як інакш гэта сабе ўявіць? Прыехаў генеральны дырэктар, яго запрасілі на перамовы, ён вядзе размову з прэм’ер-міністрам, а пасля гэтага яго арыштоўваюць — ну што гэта такое?! Гэта азначае, што нашы лідары могуць сабе дазволіць спасылацца на эканамічныя матывы ў рэчах, якія ніякага дачынення да гэтага не маюць. Гэта вельмі дрэнна, вельмі.

Еўрарадыё: Калі гэты ўдар накіраваны на Пуціна, то якія мэты ён можа мець?

Яўген Ясін: У тым і рэч, што ніякія! Там чыстыя эмоцыі — Аляксандр Рыгоравіч зарваўся. Вось і ўсё. Калі б там былі нейкія разумныя рэчы — можна было б пра нешта казаць. Але калі б яны былі разумнымі, то яны б не былі такімі, як мы маем цяпер.

Еўрарадыё: На ваш погляд, ніякай спробы рэйдарскага захопу “Беларуськалія” не было?

Яўген Ясін: Не было. А які такі рэйдарскі захоп? Ёсць прапанова Расіі: гэты ваш “Беларуськалій” самастойна працаваць не можа, не можа працаваць чыста эканамічна, то давайце арганізуем канцэрн. Гэта будзе сур’ёзная кампанія, міжнародны канцэрн, ён будзе працаваць больш эфектыўна і вы будзеце атрымліваць сваё. Але так зрабіць, каб, выкарыстоўваючы нашы палітычныя сістэмы, устанавіць такія кошты, якія задаволяць вас і задаволяць нас, каб вы зараблялі не таму, што вы атрымліваеце сваю долю, а таму, што праз кошты ці нейкія нарматывы атрымліваюцца вашы ўяўныя прыбыткі — мы не можам. І не хочам.

Скажу шчыра: я ў дэталях узаемаадносінах гэтых дзвюх кампаній не разбіраўся. Але калі нават там ёсць прыкметы эканамічнага рэйдарскага захопу, то я сабе не ўяўляю Баўмгертнера ў ролі Аля Капоне. Калі гэта і спроба, то яна не першая — былі такія ж размовы ў дачыненні да чыгункі і гэтак далей.

Еўрарадыё: Эксперты сцвярджаюць, што новаму беларуска-расійскаму канфлікту Пуцін не надасць шмат увагі — яго больш турбуюць Украіна, Сірыя…

Яўген Ясін: Тыя, хто так гаворыць — яны не ведаюць Пуціна. Пуціна менш прыцягваюць вялікія стратэгічныя праблемы, але ён не прапускае магчымасці разабрацца ў такога кшталту праблемах, дзе, і гэта асабліва, закранаецца яго прэстыж. Так што — на гэты конт не трэба памыляцца. І таму я кажу: Аляксандр Рыгоравіч зарваўся! Гэта рашэнне відавочна было прынята на эмоцыях, ён не падумаў як след — здаецца, ён увогуле не слухае таго, хто і што яму кажа. Ён прыняў рашэнне: “Я буду рабіць усё, што хачу!” Але цяпер вельмі моцная страта прэстыжу ідзе ў яго! Так што — думайце.

Еўрарадыё: Запрашэнне прыехаць у Мінск атрымаў не толькі Баўмгертнер, але і трое іншых высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў — ці маглі іх затрымаць разам з гендырэктарам “Уралкалія”?

Яўген Ясін: Можа быць і не. Можа быць, яго ганарлівасць была б задаволеная, калі б прыехалі ўсе разам. Але яны не змаглі альбо не захацелі. Спачатку я падазраваў, што яны нешта ведалі, а Баўмгертнеру не сказалі. Канчаткова гэта я і цяпер не выключаю, але ўсё ж — гэта малаверагодна. А навошта ўсім ехаць, калі такія перамовы — я не разумею!

Еўрарадыё: Ужо цяпер акцыі і “Беларуськалія”, і “Уралкалія” знізіліся ў коштах — як далей будзе развівацца эканамічная сітуацыя на гэтых прадпрыемствах?

Яўген Ясін: Я б сёння памяняў кіраўніцтва — паўсюль. Праўда, змена кіраўніцтва толькі ў кампаніі — у выпадку з Беларуссю гэтага недастаткова. Але ў кожным разе паставіў бы іншага чалавека, і былі б прынятыя пэўныя рэгламенты адносна таго, якім чынам вядуцца перамовы. Але капітальна можна ўзняць акцыі, і то — не хутка, толькі ў тым выпадку, калі будзе поўная змена на самым версе. Гэта немагчыма, але ў такім выпадку неабходна упэўніць усіх, што яны больш умешвацца ў гэтыя справы не будуць. Ну, вось наш не ўмешваецца — і не ўмешваецца. Хаця, можа быць, штодня займаецца “справай Аляксандра Рыгоравіча” — а гэта без сумневаў яго справа. 

Еўрарадыё: Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук падлічыў, што з-за калійнага канфлікту беларускі бюджэт будзе губляць ад 1 да 1,5 мільярда долараў у год пэўны час — вы з ім згодны?

Яўген Ясін: Такое цалкам магчыма. За тое, што ваш кіраўнік дазваляе сабе кіравацца эмоцыямі замест розуму, — за гэта трэба плаціць. Да гэтага ўся справа ішла. Даўно.

Еўрарадыё: Ужо заяўлена пра зніжэнне паставак нафты ў наступным квартале, Расспажыўнагляд раптоўна займеў прэтэнзіі да беларускіх малочных прадуктаў — гэтым рэакцыя Крамля абмяжуецца ці будзе працяг?

Яўген Ясін: Думаю, што гэта толькі пачатак — гэта не адэкватны адказ. Гэта проста дае беларускаму боку інфармацыю пра тое, што расійскі бок можа рабіць далей, што ён не будзе мірыцца з такімі дзеяннямі. Як яно пойдзе далей, я не магу сказаць. Але час ужо спыніцца і падумаць, як і што рабіць далей. Я б на месцы Лукашэнкі паклікаў дарадцаў разбірацца і сам не лез ні ўва што. Нават, магчыма, вы не разумееце — якая гэта знявага для Беларусі! Гэта дэманстрацыя таго, што дзелавыя адносіны з кіраўніцтвам Беларусі мець нельга. І толькі Расія, якой патрэбна Беларусь, якая хоча наладжвання адносінаў праз Мытны саюз і гэтак далей, яна такія крокі робіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі