Ярашук пра “антысанкцыйную пазіцію”: адбываецца гульня ўдоўгую

Ярашук пра “антысанкцыйную пазіцію”: адбываецца гульня ўдоўгую

Нарвежская кампанія Yara так ускладняе жыццё гендырэктару “Беларуськалія” Івану Галаватаму, што ён сам з радасцю разарваў бы з ёй адносіны, кажа ў эфіры Еўрарадыё старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Але ўсё не разрывае і не разрывае.

Раней Ярашук, вядомы сваёй пазіцыяй супраць санкцый, казаў, што работнікі Белкалія хацелі б захаваць "Яру" у якасці кліента. Нарвежскую кампанію ён апісаў як надзейнага партнёра, што дапамагае беларусам змагацца за паляпшэнне ўмоў працы.

Топ-менеджар “Яры” Гейр Сундбё ў каментарах да гэтага допісу ў фэйсбуку назваў Ярашука героем, спытаўся ў яго крытыкаў, што яны самі зрабілі для Беларусі, і параіў не шукаць усюды ворагаў.

У эфіры Еўрарадыё Ярашук растлумачыў, што “Яра” працягвае ціск на кіраўніцтва “Беларуськалія”. Сярод патрабаванняў: узнаўленне на працы сябраў стачкама, прыняцце захадаў па паляпшэнні ўмоваў працы на прадпрыемстве.

— Што мы прапануем замест эканамічных санкцый? Мы распрацавалі зварот да міжнароднага бізнесу, які працуе на Беларусі, каб яны кіраваліся кодексам этыкі бізнесу. То-бок не павінна быць парушэння правоў працоўных, сябраў прафсаюзаў. Сітуацыя крытычная, і яна ўскладнілася пры Галаватым, які любіць мільёны скіроўваць на футбол і хакей.

Бяспека працы патрабуе велізарных сродкаў. Трэба рабіць выбар: ці футбол-хакей, ці бяспека. У кожным голе “Шахцёра” — крывавы след загінулых шахцёраў. З дапамогай “Яры” мы арганізоўваем ціск.

Ярашук кажа, што ў кангрэса ў такім падыходзе ёсць паразуменне з эканамічным блокам Ціханоўскай.
 

Чаму кангрэс апынуўся ў цэнтры ўвагі?

Ярашук сутыкнуўся з крытыкай пасля таго, як ён выступіў супраць прымянення ў дачыненні да Беларусі 33-га параграфа МАП [Міжнародная арганізацыя працы. — Еўрарадыё]. За ўсю гісторыю МАП гэты параграф прымяняўся толькі да адной краіны — М’янмы. Гэта выключная мера рэкамендавала б ад імя МАП спыніць усе адносіны з краінай.

Ярашук сваю пазіцыю матываваў так: усе наступствы санкцый лягуць на плечы простых беларусаў.

— Мы зыходзім з таго, што у нас не атрымалася сходу прывесці да перамогі краіну. Цяпер адбываецца гульня ўдоўгую. І ў такім выпадку выключную ролю будуць граць не стачкамы, а арганізацыі, якія функцыянуюць законна. Можа, улады і шкадуюць, што да канца нас не зачысцілі.

Ярашук распавёў, чаму лічыць, што Яра павінная застацца

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі