Януш Анышкевіч: "Нам не ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі"

Януш Анышкевіч, дэпутат Еўрапейскага парламенту, да нядаўняга часу адзін з яго віцэ-старшыняў. Сёння – віцэ-старшыня камісіі замежных справаў Еўрапарламенту. Перад тым – дэпутат польскага Сейму, міністр грамадскай бяспекі, адзін з лідэраў польскай “Салідарнасці”.

- Еўрапейскае радыё цікавіць, дзеля чаго Вы прыехалі ў Беларусь?

- Прыехаў сюда, па-першае, таму, што нас усіх у Польшчы вельмі хвалюе тое, што адбываецца ў Беларусі, бо маем вялікі кавалак агульнай гісторыі з вамі, мы суседзі, лічым беларусаў не толькі суседзямі, але і братамі. Таму нам не ўсё роўна, што адбываецца ў Беларусі. Таксама для нас палякаў падзеі ў Беларусі, змаганне за дэмакратыю, вельмі нагадваюць нашае ўласнае змаганне ў 70-80-х гадах. Сённяшні мітынг нагадаў мне дэманстрацыі ў часах “Салідарнасці”. Але павінен адзначыць, што тады рэакцыя нашых уладаў на такія дэманстрацыі была больш вострай, чым у вас у Беларусі. Гэта, праўда, не азначае, што я не разумею нестандартнасць сённяшняй сітуацыі. Я ведаю, што сённяшняя беларуская ўлада можа рэагаваць таксама востра і брутальна, як і польская ў 70-х. але прыехаў не толькі для таго. Хацеў перадаць і меркаванне Еўрапейскага Парламенту, які займаўся Беларуссю, відаць, часцей за іншыя краіны; які вельмі крытычна і ў вельмі вострых словах асуджаў існую беларускую ўладу, і які не толькі выражаў салідарнасць з беларусамі, але і надзею на тое, што вельмі хута беларусы змогуць цешыцца вольнасцю і дэмакратыяй. Для нас усіх у Еўропе абсалютна недапушчальна, каб у цэнтры Еўропы існавала такая палітычная анамалія, якой сёння ёсць Беларусь.

- А што Вы на свае вочы пабачылі сёння?

- Перадусім, пабачыў шмат людзей. У сувязі з гэтым калі хтосьці ў Еўропе будзе казаць, што рашучасць беларусаў у барацьбе за свабоду знізілася, што беларусы – апатычныя, пасіўныя, я змагу сказаць, што гэта не праўда. Беларусы вельмі падобныя да палякаў, што і ня дзіўна, бо ў нас тысяча гадоў супольнай гісторыі за плячыма.

- Ці будзеце Вы рабіць даклад у Еўрапарламенце пра сённяшнія падзеі і пра Беларусь наогул?

- Я мяркую падрыхтаваць інфармацыю пра сённяшнія падзеі і прадставіць яе на паседжанні палітычнай камісіі Еўрапарламенту па справах Беларусі, а таксама на камісіі па замежных справах. Калі не тое ні другое мне не ўдасца, то гэта даклдана ўдасца на нефармальнай сустрэчы групы па супрацоўніцтве з Беларуссю. Апроч таго я змагу разаслаць гэтую інфармацыю электроннай поштай усім еўрадэпутатам. Зрэшты я заўжды гэта раблю. На маёй персанальнай старонцы ў інтэрнэце www.januszonyszkiewicz.pl ёсць спецыяльны раздзел пра Беларусь, і там гэтая інфармацыя таксама з’явіцца.

- Ці бачыце Вы тэндэнцыі набліжэння Беларусі да Еўропы?

- Еўрасаюз мае цэлы шэраг прапановаў для Беларусі. Усе яны змешчаныя ў межах праграмы суседскага супрацоўніцтва (магчыма, гэта добрасуседства лепш напісаць!!!). На гэтую праграму выдзеленыя істотныя фінансавыя сродкі. Калі вядзецца пра саму Беларусь, то за некалькі апошніх гадоў істотна змянілася бачанне Беларусі ў Еўропе. Яна ўжо досыць вядомая ў Еўропе. Еўропа заўважыла Беларусь, заклапацілася ёю. За апошнія некалькі гадоў хіба ні пра адну іншую краіну так шмат не гаварылася ў Еўрапарламенце, як пра Беларусь. Еўропа адкрытая да супрацоўніцтва, гатовая выдзеліць сродкі на разнастайныя праграмы, але пры ўмове, што Беларусь выйдзе на шлях дэмакратызацыі сістэмы. Рэалізацыя такіх праграмаў павінна адбывацца ў супрацы з беларускімі ўладамі. Але Еўрасаюз не збіраецца падтрымліваць такую беларускую ўладу як яна ёсьць.

- Якая роля можа належаць Польшчы ў набліжэнні Беларусі да Еўропы?

- Мяркую, Польшча можа далей старацца быць адвакатам Беларусі ў Еўропе. Таксама сама, незалежна ад таго, што будзе Еўрасаюз рабіць для Беларусі, з улікам на гістарычную, геаграфічную, культурную і моўную блізкасць, аказваць дапамогу. Бо няма моўнага бар’еру, таму беларусам, якіх тут могуць рэпрэсаваць, было б лягчэй вучыцца ў Польшчы. Значна прасцей беларусам разумець тэксты па-польску, чым па-літоўску (кажу гэта, не прыніжаючы гонару і Літвы – нашага вялікага прыяцеля). Таму Польшчы ёсць што рабіць. Мы разумеем беларусаў, іх памкненні, памятаем уласнае змаганне за дэмакратыю, таму мы можам быць голасам Беларусі ў Еўрасаюзе і ў свеце.

- Якія падабенствы паміж сучаснымі падзеямі ў Беларусі і часамі “Салідарнсці” у Польшчы?

- Ёсць некаторыя адрозненні, бо ў Польшчы ўвесь дэмакратычны рух аб’яднаўся вакол “Салідарнасці”. І “Салідарнасць” дастаткова працяглы час існавала легальна, тады да яе далучылася больш 10 мільёнаў людзей. Больш запісацца не магло, бо “Салідарнасць” была прафсаюзам, да яе маглі далучацца толькі працоўныя. Гэтае аб’яднанне дало пачуцце еднасці і сілы, людзі перасталі баяцца. Таму нават у часе ваеннага становічша, нягледзячы на пераслед і шматлікія драматычныя сітуацыі, якія мы перажывалі, было нам лягчэй. Бо нават у той час выдавалася некалькі соцень падпольных газет, а іх наклады сягалі соцень тысячаў. Наколькі ведаю, у Беларусі незалежная сістэма распасюду інфармацыі застаецца тым, што трэба будаваць, бо без незалежнай інфармацыі цяжка будзе будаваць дэмакратычны рух і весці барацьбу за свабоду.

- Як еўрадэпутат ад Польшчы, як вы ставіцеся да падвышэння коштаў на польскія візы для беларусаў?

- Мы ў Польшчы зараз знаходзімся ў вельмі складаным становішчы, бо хочам як хутчэй далучыцца да шэнгенскай зоны, то бок да краінаў, якія не маюць унутраных межаў, дазваляюць іх перасячэнне без памежнага і іншага кантролю, што азначае, што мы павінны дастасавацца ў візавым рэжыме з Беларуссю і Украінай да агульных патрабаванняў. Польская віза будзе дазваляць падарожнічаць па ўсёй Еўропе да Партугаліі і Шатландыі ўключна. Такія візы, нажаль, павінныя каштаваць досыць дорага – 65 еўра. І адтуль ініцыятыва, падтрымку якой мы шукаем у польскіх уладаў, па вызваленні беларусаў ад усіх аплатаў за візы, але не зніжаючы патрабаванняў на атрыманне візы. Гэта робіцца, каб супрацьпставіць лукашэнкаўскай ізаляцыі Беларусі адкрытасць Еўрасаюзу для беларусаў. Што праўда, не для ўсіх, бо Еўрасаюз не хоча бачыць у сябе тых, хто парушае правы чалавека і парушае агульнапрынятыя дэмакратычныя прынцыпы. Іх не будуць упускаць ні за якія грошы. Усе астатнія павінны мець магчымасць уяжджаць бесплатна, але гэта - доўгі шлях, за які мы будзем змагацца. Не ведаю, ці нам гэта ўдасца. І калі Польшча ўжо гатовая гэта зрабіць, то іншыя краіны-чальцы Еўрасаюзу пакуль да гэтага ставяцца досыць прахалодна. Мы пастараемся, каб іхныя сэрцы растаялі.

- Па Вашым меркаванні, калі гэта можа здарыцца?

- Гэта пытанне некалькіх гадоў. Але маю надзею, што гэта супадзе з нашым далучэннем да зоны шэнген, каб не здарылася так, што хаця б нейкі час беларусам будзе цяжка, у тым ліку фінансава, уяжджаць у Польшчу. І тут справа не толькі ў беларусах, але і ў нас – хацелі б мы бачыць як мага больш беларусаў у нас у Польшчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі