Вы тут

“Яна бачыла, што бярэ”: пасля дзетдома дзяржава пасяліла сірату ў развалюху

Дом Алены Буяк у Наваколасаве / Еўрарадыё 

Алена Буяк жыве ў пасёлку Наваколасава Стаўбцоўскага раёна. Дзяўчына — сацыяльная сірата: бацька амаль не выходзіў з турмы, маці пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Як сірата, Алена мела права атрымаць дзяржаўнае жыллё. З 2007 года яна стаяла ў чарзе. Але замест утульнай кватэры дзяўчына апынулася ў шчытавым вясковым доме, дзе няма нават душа.

Часовы дом 1955 года

З Аленай мы сустракаемся на станцыі Коласава за 65 км ад Мінска. Дзяўчына працуе дворнікам і ходзіць у службовым адзенні нават у выхадны дзень. Яна тлумачыць, што беражэ сваю адзіную зімовую куртку: апранае яе толькі па важных справах.

Дзяўчына скончыла Слуцкі сельскагаспадарчы ліцэй, вучылася на агародніка-садавода. Але працаваць па спецыяльнасці пакуль не атрымліваецца. У вольны час ці ў адпачынак Алена ездзіць з Наваколасава ў Мінск прыбіраць туалеты. Гэта дае невялікую прыбаўку да сціплага заробку.

— Па размеркаванні я мусіла трапіць у Стоўбцы, — расказвае Еўрарадыё Алена Буяк. — Але там прапанавалі яшчэ горшае жыллё, чым у Наваколасаве. Прапанавалі хату, якую трэба было самастойна ацяпляць. Тут хаця б ацяпленне ёсць. А іншага жылля мне ўвогуле не прапаноўвалі.

Дом, у якім жыве Алена, пабудаваны 65 гадоў таму. Гэтае жыллё часова будавалі для афіцэраў, якія прыязджалі служыць у ваенны гародок. Але, як кажуць, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.

Дзяўчына згадвае, што, калі ўехала сюды, у дзіркі ў сценах можна было прасоўваць рукі, а дах цёк кожны раз, калі ішоў дождж. У доме яна жыве не адна: суседні пакой займае мужчына. Па словах Алены, час ад часу ён можа добра выпіць.

Як сірата апынулася ў такім доме?

Алена разам з братам Максімам усё дзяцінства правялі доме-інтэрнаце. Калі бацька вызваляўся з-за кратаў, дык забіраў дзяцей да сябе. Але праз некаторы час зноў трапляў у турму, а Алену з братам вярталі ў інтэрнат у Гарадзею.

Алена Буяк / Еўрарадыё

Дом яна, як сірата, атрымала ад дзяржавы пасля вучобы. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 16 снежня 2013 года №563, асобам з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у карыстанне даецца сацыяльнае жыллё ў выглядзе аднапакаёвай кватэры.

— Яна прыехала гадоў восем таму ў Наваколасава, — расказвае Лідзія Лешчанка, суседка Алены Буяк. — Адна хадзіла тут у спадніцы, вопраткі няма, куртку нехта з людзей аддаў. Чым магла, стала дапамагаць ёй, каб хоць крыху ў доме зрабіць умовы. Што людзі аддавалі, нешта Алена сама набывала.

Алена згадвае, што доўга не хацела прапісвацца ў доме, які ёй прапанавалі, і да апошняга спадзявалася на нармальнае жыллё. Але аднойчы прыехалі раённыя чыноўнікі і прыгразілі, што яна можа пазбавіцца і гэтага дома.

Прыбіральня ў доме Алены

— Потым усе разам пайшлі глядзець гэты дом, — расказвае Лідзія Лешчанка. — Прыехалі са Стаўбцоўскага райвыканкама, з органаў апекі. Маўляў, якія жудасныя ўмовы! А потым высветлілі, што адзін з пакояў прыватызаваны былым жыхаром. І знесці гэты дом нельга. Адзін з кіраўнікоў АКБ [аддзел капітальнага будаўніцтва. — Еўрарадыё] Стоўбцаў прапанаваў Алене зрабіць рамонт за свой кошт. Купі, маўляў, бляшанку фарбы і адрамантуй.

“Яна бачыла, што бярэ”

— Рамонт у гэтым доме быў, — кажа Еўрарадыё старшыня Наваколасаўскага сельсавета Дзмітрый Каршункоў. — Я думаю, што можна дапамагчы ёй [Алене Буяк. — Еўрарадыё], але для гэтага вам трэба звярнуцца ў Стаўбцоўскі райвыканкам, таму што размеркаваннем сельсавет не займаецца. У дадзены момант пытанне не кранулася з месца ў большай ступені праз яе стаўленне. Вы ж бачыце, што яна крыху не ў сабе?!

— Здаецца, няма ў яе медыцынскіх дыягназаў

— Калі ёй гавораць, што трэба прыйсці на пасяджэнне райвыканкама, сабраць паперы, яна не рэагуе на гэта. А праз паўгода яна прыходзіць зноў.

Але ў Стаўбцоўскім райвыканкаме Еўрарадыё адказваюць, што разлічваць на паляпшэнне жыллёвых умоў за дзяржаўны кошт Алена Буяк не можа, бо ўжо скарысталася сваім правам на сацыяльнае жыллё.

— Яна стаяла ў чарзе, ёй далі сацыяльнае жыллё. Яна сваім правам скарысталася, — кажа намесніца старшыні аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Стаўбцоўскага райвыканкама Любоў Жыбуль. — Паўторна [сацыяльнае жыллё] не прапаноўваецца. Ёй далі сацыяльнае жыллё. А далей думайце самі, як паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы, калі сацыяльнае жыллё не задавальняе.

— А вы самі бачылі гэты дом?

— Нармальныя шчытавыя домікі. Калі гэта тая сітуацыя, дык мы выязджалі. 

— Дому больш за 60 гадоў…

— Ну і нічога. Ведаеце, колькі ў раёне такіх домікаў, якім больш за 60 гадоў. Наколькі памятаю, бягучы рамонт там рабіўся. Я ж вам адказваю, яна [Алена Буяк. —  Еўрарадыё] бачыла, што бярэ. Сацыяльнае жыллё не прадугледжвае абмену. 

Яна заключыла дамову, прыняла гэтае сацыяльнае жыллё. Яна мела права адмовіцца і стаць далей у чарзе і чакаць. Можна спрабаваць працаўладкоўвацца туды, дзе ёсць інтэрнат.       

Ёсць святло і ацяпленне — значыць, усё добра

З дапамогай Лідзіі Лешчанка і іншых суседзяў у пакоі Алены з’явіліся ложак, шафа, шпалеры, стол, на якім стаіць старэнькі камп’ютар. На тэлевізар і пластыкавыя вокны Алена аформіла растэрміноўку, за якую аддае амаль увесь свой заробак. Працуючы дворнікам, дзяўчына атрымлівае 380-400 рублёў.

Алена з суседкай Лідзіяй Лешчанка / Еўрарадыё

З Аленай і Лідзіяй мы выходзім на вуліцу. Яны кажуць, што, акрамя вядра цэменту, якім залілі дзіркі ў сценах, і кавалка шыферу, які паклалі на дах, камунальнікі дзяўчыне больш нічым не дапамаглі. 

Усе спробы Алены і Лідзіі “выбіць” для дзяўчыны новую кватэру засталіся безвыніковымі.

— Алена мае права на сацыяльнае жыллё, — расказвае Еўрарадыё Лідзія Лешчанка. — У Стоўбцах будуецца дом. І ёй абяцалі даць кватэру, але потым усё змянілася. Алена атрымала ліст, маўляў, у доме, дзе яна цяпер жыве, ёсць святло, ацяпленне. А гэта значыць, што ўсё добра.

Адказ чыноўнікаў, што дом адпавядае нормам / Еўрарадыё

Тое, што ў доме няма магчымасці прыняць душ, чыноўнікам не перашкодзіла прызнаць будынак прыдатным да жыцця. Мыцца Алена ходзіць у кацельную ЖКГ, дзе працуе, ці карыстаецца тазікамі. 

— Але вы б бачылі, які дом далі брату, — у адзін голас кажуць Лідзія і Алена. — Той дом у вёсцы. Каб яму на працу [у Стоўбцы. — Еўрарадыё] трапіць, дык трэба паднімацца ў тры гадзіны ночы. Інвалід трэцяй групы. Нават домам складана назваць. Адна назва…

Дом, які атрымаў Максім

Еўрарадыё працягне сачыць за лёсам Алены і Максіма Буякоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.