Якія патрабаванні міліцыі законныя, а якія — не?

У пратаколах і на судах можна пачуць фразу "не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". Еўрарадыё вырашыла даведацца, якія патрабаванні міліцыі абавязкова трэба выконваць, а якія — незаконныя.


У акадэміі МУС нам патлумачылі, што такое паняцце нідзе не прапісана.


"Нідзе гэта не замацавана нарматыўна. Гэта навуковыя распрацоўкі, але сцісла можна сфармуляваць так: гэта патрабаванні супрацоўніка міліцыі, аддадзеныя ў межах яго кампетэнцыі, вызначаныя адпаведнымі нарматыўна-прававымі актамі. Але калі браць супрацоўніка ДАІ ці крымінальна-выканаўчай інспекцыі, то ў яго будуць больш вузкія патрабаванні, якія будуць адлюстраваныя ў інструкцыях і іншых нарматыўных актах. Але ў цэлым ёсць закон пра УУС, кодэксы крымінальна-працэсуальны ды іншыя".


Галоўнае, кажуць у Акадэміі міліцыі, каб патрабаванні грунтаваліся на законе.


"Ёсць Закон аб міліцыі, там ёсць правы супрацоўніка, даволі шырокія", — кажа выкладчык Акадэміі.


"Законнае патрабаванне супрацоўніка міліцыі да правапарушальніка ці іншага грамадзяніна павінна быць абгрунтаванае на законе", — пацвярджае генерал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.


Калі чалавек ідзе па вуліцы і нічога не парушае, то яго могуць папрасіць паказаць дакументы.


"Калі ён паказаў дакумент, то пытанняў да гэтага чалавека не мусіць быць. Калі дакументаў не аказалася, то супрацоўнік можа западозрыць у ім правапарушальніка, які знаходзіцца ў вышуку, і прапанаваць яму прайсці у аддзел міліцыі, каб высветліць яго асобу і ўсё на гэтым", — кажа Мечыслаў Грыб.


Генерал міліцыі ў адстаўцы Мікалай Чаргінец кажа, што супрацоўнік можа таксама правесці дагляд.


"Супрацоўнік можа папрасіць дакументы ці правесці дагляд, калі ёсць падазрэнні, што перад ім злачынца. Можа даставіць у аддзяленне, калі чалавек не падпарадкоўваецца".


Калі ж праваахоўнік патрабуе нешта незаконна, то можна не падпарадкоўвацца гэтаму. Мікалай Чаргінец раіць скардзіцца кіраўніцтву міліцыянера ці вышэй. За гэта супрацоўнік можа атрымаць пакаранне.


"Калі незаконныя патрабаванні не былі звязаныя з гвалтам, то супрацоўнік можа атрымаць вымову, заўвагу ці паніжэнне па службе і ў званні, — кажа Чаргінец. — Калі ж патрабаванні мяжуюць з прыкметамі злачынства, то супрацоўнік будзе адказваць паводле закону, як любы грамадзянін".


З тым, што трэба скардзіцца на незаконныя патрабаванні супрацоўніка міліцыі, пагаджаецца і Мечыслаў Грыб. Але часта перад тым як паскардзіцца даводзіцца іх выканаць.


"Да гэтага ён вымушаны падпарадкавацца гэтым, хаця і не законным, патрабаванням. Бо потым могуць абвінаваціць і гэта выльецца ў непрыемнае здарэнне".


Не з усімі патрабаваннямі трэба згаджацца, кажа Мечыслаў Грыб. Максімум, што можа патрабаваць супрацоўнік міліцыі ад чалавека, — гэта прайсці ў пастарунак.


"Трэба паводзіць сябе спакойна. Патрабаванні могуць быць розныя. Напрыклад, патрабуе, каб ты яму аддаў грошы ці адзенне — гэта ж не значыць, што ты павінен згаджацца. Самыя вялікія патрабаванні, якія трэба выконваць, — гэта "пройдзем са мной у аддзел міліцыі для разбору". А больш ніякіх патрабаванняў не можа быць. І спыніце злачынства, спыніце правапарушэнне".


Калі чалавека даставілі ў аддзяленне неабгрунтавана, то ў яго мусяць, як мінімум, папрасіць прабачэння, дадае Мікалай Чаргінец.


"Калі чалавек паказаў дакументы, а супрацоўнік міліцыі кажа, што "я вас павяду на экспертызу, каб праверыць, ці не п’яны вы"... На якой падставе, калі чалавек нічога не парушаў, ідзе спакойна, дакумент паказаў?! Якая падстава цягнуць яго на агляд? Няма такіх падставаў. Жыццё падказвае, дзе правільна, а дзе няправільна і незаконныя дзеянні міліцыі. А дастаўленне ў міліцыю чалавека, абвінавачванні якога аказаліся неабгрунтаванымі, цягне за сабой, як мінімум, прабачэнні перад ім і супрацоўніка і яго кіраўніцтва".

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі