Як выжывае моладзевая ініцыятыва ў Смалявічах

Маладыя людзі за свой час і грошы выдаюць мясцовы бюлетэнь і вядуць папулярны інтэрнэт-партал Смалявічы.бай, склалі прэзентацыі горада на розных мовах, зладзілі фотаконкурс "Твае Смалявічы праз аб'ектыў фотакамеры" і іншыя моладзевыя мерапрыемствы, пішуць у розныя інстанцыі аб вырашэнні мясцовых праблемаў...
Яўген Пугач – каардынатар ініцыятывы "За Новыя Смалявічы", працуе трэнерам і псіхолагам, мае навуковую ступень магістра палітычных навук. У адзін з травеньскіх дзён у яго кватэры правялі ператрус. Дэпартамент аховы адчыніў дзверы кватэры сілавікам, а пасля ператрусу зноў паставіў на сігналізацыю, нічога не паведаміўшы гаспадару.
Яўген Пугач: "Дзверы адчыняю, гляджу: нехта пахадзіў, пабралі рэчы, камп'ютара няма, мабілаў старых, што ляжалі на бачным месцы, няма, рэчы параскіданыя, як у фільме!.. Калі я ў нечым вінаваты, дык скажыце ў чым! А то дагэтуль мне ніхто не выстаўляў абвінавачанне. Не кажучы ўжо аб доказах маёй прыналежнасці да крымінальных спраў, ці то да кампаніі "Гавары праўду", ці то іншай нейкай. Проста пабралі рэчы і маўчаць. Хто я: злачынца, сведка, пацярпелы?"
Копію пратакола Яўген здолеў атрымаць толькі ў пачатку жніўня. Прычым у дакуменце адсутнічаў сістэмны блок камп'ютара. На заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце крадзяжу адмовілі, спаслаўшыся на тое, што капітан міліцыі забыўся "па ўласнай няўвазе" сістэмнік запісаць. 
Ані панятыя, ані сведкі, што прысутнічалі пры ператрусе і паставілі свае подпісы ў пратаколе, узяты сістэмнік таксама "не заўважылі"
Ператрус і пагэтуль не вернутыя Яўгену рэчы – толькі адзін з непрыемных момантаў, звязаных з грамадскай дзейнасцю. Мінулай восенню яго маці Таццяну Мікалаеўну звольнілі з працы ў мясцовай паліклініцы, нягледзячы на недахоп педыятраў.
Таццяна Мікалаеўна: "Мяне да сябе тэрмінова выклікаў галоўны ўрач і сказаў: "КДБ мяне даймае ўжо некалькі месяцаў і патрабуе, каб я цябе звольніў".
Таццяна Мікалаеўна ўжо была на пенсіі, але ўсё яшчэ працавала ў паліклініцы. Каб не ствараць праблемаў галоўнаму ўрачу, яна напісала заяву аб звальненні па ўласным жаданні. Але пайшла да старшыні райвыканкама Аляксандра Рулькевіча разабрацца, прычым тут КДБ.
Таццяна Мікалаеўна: "Ён спярша казаў: "Нічога не ведаю. Вы добра папрацавалі, хопіць, адпачывайце", нічога я ў яго не дабілася. Я пытаю: "Прычым тут КДБ?" І пасля ён сказаў: мне было б сорамна, што мой сын тунеядзец. Ну, тут усё стала ясна".
Яўген нагадвае, што два гады таму двум таленавітым настаўнікам гісторыі смалявіцкай школы, якія падтрымлівалі ініцыятыву "За Новыя Смалявічы!", проста не падоўжылі дзейнасць працоўных кантрактаў і, па чутках, быў неафіцыйны загад ад чыноўнікаў не браць іх на працу ў іншыя школы раёна.
Яўген Пугач паказвае перапіску з афіцыйнымі ўстановамі
Удзельнікі фотаконкурсу "Твае Смалявічы праз аб'ектыў фотакамеры" бавяцца ў арыентыршоў
Апрача адукацыйна-асветніцкай дзейнасці, "За Новыя Смалявічы" пішуць пра мясцовыя праблемы і спрабуюць іх вырашаць. Напрыклад, актывісты напісалі ў самыя розныя інстанцыі з просьбай ініцыяваць будаўніцтва пуцеправода альбо тунеля праз чыгунку, якая дзеліць горад. Будаўніцтва пуцеправода было запланавана яшчэ ў 1993 годзе, але з-за недахопу сродкаў перанесена чыноўнікамі на няпэўны час. 
Яўген Пугач: "Мы правялі апытанне, і выявілася, што шмат людзей наракаюць на адсутнасць моста. Той хто працуе, можа тры разы на дзень стаяць на пераездзе па 5-20, часам да 40 хвілін. Даехаць хуткай дапамозе альбо пажарным– кожная ж хвіліна вырашае жыццё чалавека".
Еўрарадыё запытала маладых людзей на вуліцах Смалявічаў, ці ведаюць яны пра дзейнасць ініцыятывы і як да яе ставяцца.
Вадзім: "Думаю, яны робяць добрую справу. Сярод моладзі яна даволі папулярная. Пра інфармацыю аб розных вечарынах можна даведацца на іх сайце www.Smaliavichy.by і ў газеце “Горад Наш"
Другі малады чалавек пацвярджае, што бюлетэнь "Горад наш" ведаюць і чытаюць, ніхто пра яго дрэнна не адгукаецца. Маўляў, ён як глыток свежага паветра сярод аднастайнай афіцыйнай інфармацыі. Еўрарадыё запытала, чаму ўлады ціснуць на актыўную моладзь, якая ладзіць цікавыя мерапрыемствы і займаецца вырашэннем мясцовым праблем.
Лёша: "Напэўна, сама па сабе сістэма такая, не любіць людзей, якія могуць сябе нечым выявіць, паказаць. Не дарма таленавітыя людзі, арганізатары едуць за мяжу і спрабуюць рэалізаваць сябе там".
Тым часам у Беларусі дзейнічае спецыяльная рэспубліканская праграма "Моладзь Беларусі" на 2006-2010 гады, на якую з бюджэту выдаткаваны не адзін мільярд рублёў.
"Асноўнай мэтай рэспубліканскай праграмы, - гаворыцца ў загадзе прэзідэнта аб яе зацвярджэнні, – з'яўляецца развіццё патэнцыялу маладых грамадзян для іх самарэалізацыі і ўдзелу ў стварэнні моцнай і квітнеючай Беларусі праз аптымальныя сацыяльна-эканамічныя, прававыя і арганізацыйныя ўмовы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі