Як таргі на біржы ўплываюць на курсы валют?

Валютная біржа для "чайнікаў”: як курс долара змяняецца на біржавых таргах

У чацвер, 15 студзеня, на Беларускай валютна-фондавай біржы прайшлі чарговыя таргі. Па іх выніках, курс долара знізіўся на 50 рублёў і складае цяпер 14960, курс еўра знізіўся на 90 — да 17620 рублёў, курс расійскага рубля вырас з 228,5 да 230 беларускіх рублёў.

Пры гэтым прапанова па долары ($82,37 мільёна) перавысіла попыт ($68,27 мільёнаў) больш чым на 14 мільёнаў. Па еўра прапанова была большай на 11 мільёнаў. У выніку ўсе заяўкі былі задаволеныя. І замежная валюта патаннела.

У сераду, 14 студзеня, купіць амерыканскую валюту хацелі амаль на 64,5 мільёны долараў, але прапаноўвалі набыць толькі 13,65 мільёнаў. Адмоўнае сальда склала амаль $51 мільён. У выніку курс долара вырас адразу на 680 рублёў, а еўра — на 750.

Як праходзілі таргі ў папярэднія дні можна паглядзець у табліцы:

Згодна з вынікамі таргоў валютна-фонжавай біржы асноўныя пікі росту курса долара адбываліся 29.12, 05.01, 08.01, 14.01, але калі праглядзець усю табліцу, бачна, што суадносіны попыту і прапановы мала ўплывалі на рост долара.

З табліцы вынікае, што ў снежні мінулага года вельмі адрозніваецца велічыня попыту і прапановы, але курс працягвае стабільна расці кожны дзень на 10 рублёў да 18 снежня 2014.

Эканаміст Вадзім Іосуб мяркуе, што любыя ваганні на біржы да адмены 30% збору на пакупку валюты не мелі ніякага дачынення да курсаўтварэння. Курс тады падтрымлівалі адміністратыўна. Рыначны біржавы механізм пачаў працаваць толькі ў апошні час, пасля адмены гэтай камісіі.

“Раней даражэў на 10 рублёў, потым кошт валюты падганялі пад адзіны курс, а вось цяпер пачалася зусім іншая гісторыя. Калі паводзіны валюты залежаць ад попыту і прапановы”.

Эканаміст Сяргей Жбанаў таксама мяркуе, што валютна-фондавая біржа мала ўплывае на фармаванне курса валют. І рэзкае павышэнне курса долара 14 студзеня на думку эксперта таксама не звязанае з таргамі на біржы:

“Забудзьцеся пра суадносіны попыту і прапановы! Проста, відаць, быў вызначальны дзень. Напэўна, прымалася рашэнне, ці даваць гэтаму курсу падаць, і да якіх межаў. Відаць, санкцыя была атрыманая. Вось гэта прынцыповы момант”.

Эксперт лічыць, што сапраўдны рыначны курс можна падлічыць з дапамогай усім вядомай формулы: усю грашовую масу падзяліць на аб’ём залатавалютных рэзерваў.
 

“Дык вось суадносіны гэтай грашовай масы і гэтых рэзерваў складае 17 820 рублёў на 1 долар”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі