Вы тут

Як праходзяць антыкарупцыйныя рэформы ва Украіне

Кіраўніца аддзела міжнародных сувязяў ГА “Рэанімацыйны пакет Рэформ” Аленай Пракапенка. Фота з сацыяльных сетак

Пасля Рэвалюцыі Годнасці ў 2014 годзе ва ўкраінскім грамадстве пачаліся грунтоўныя рэформы. Сёння, праз чатыры з паловай гады пасля тых падзей, ужо можна ацаніць, наколькі яны апынуліся паспяховымі. Еўрарадыё абмеркавала гэта з кіраўніцай аддзела міжнародных сувязяў ГА “Рэанімацыйны пакет Рэформ” Аленай Пракапенка.

Еўрарадыё: Першы тэрмін Парашэнкі заканчваецца. Давайце абмяркуем поспехі і паразы ў рэформах.

Алена Пракапенка: Мы пачалі будаваць антыкарупцыйныя ўстановы. Ужо маем Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро, спецыяльную Антыкарупцыйную пракуратуру, а цяпер ствараецца Антыкарупцыйны суд, які, мы спадзяемся, запрацуе ў красавіку-траўні наступнага года. Пры адборы суддзяў атрымалася забяспечыць вырашальную ролю міжнароднай супольнасці, што, як мы спадзяемся, павялічыць празрыстасць працэсу. 
Украіна ўвяла адну з самых прагрэсіўных сістэм электроннага дэкларавання для чыноўнікаў. Амаль 2 мільёны дэкларацый было пададзена, што дазволіла грамадскаму сектару і журналістам маніторыць даходы і актывы чыноўнікаў. Спадзяемся, што пасля верыфікацыі дэкларацый мы здолеем праз Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро аказаць уплыў і пазбегнуць карупцыі ў будучыні.

Таксама мы лічым даволі паспяховай дэцэнтралізацыю, якая ўжо цяпер дазволіла 730 органам самакіравання атрымаць аўтаномію ў адміністраванні, больш бюджэтнай аўтаноміі, больш сродкаў на мясцовым узроўні. Вынікі наступных выбараў, прэзідэнцкіх і парламенцкіх, цяжка спрагназаваць, таму цяпер важна рабіць рэформы, якія павысяць незалежнасць рэгіёнаў ад цэнтральнай улады. Дэцэнтралізацыя акурат гэтаму працэсу і спрыяе.

Паспяхова ідзе рэформа аховы здароўя. Асноўнае, чаго мы дасягнулі, — лекары знаходзяцца ў даволі жорсткай канкурэнцыі за пацыентаў. Іх даход залежыць ад таго, наколькі ўдаецца прыцягнуць пацыентаў да свайго участка, кожны можа падпісаць да дзвюх тысяч дамоваў. У сваю чаргу, пацыенты маюць магчымасць выбіраць і паміж лекарамі, і паміж установамі аховы здароўя. Ствараецца рынкавы механізм і спрацоўвае прынцып: грошы ідуць за пацыентам.

Алена Пракапенка. Фота з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: Але ж магчымыя прыпіскі з боку лекараў, яны могуць пазначаць сабе большую колькасць пацыентаў.

Алена Пракапенка: Пацыент у любы момант можа змяніць лекара. Інфармацыя пра тое, хто абслугоўвае якасна, а хто — не, будзе ў адкрытым доступе. Забеспячэнне зваротнай сувязі на вэб-старонках будзе залежыць ад паліклінік і бальніц, але, так ці інакш, пацыент, які будзе незадаволены лекарам, можа лёгка сысці ад яго не толькі ў межах адной паліклінікі, але фактычна ў межах усёй краіны.

Еўрарадыё: Калі Парашэнка не ўтрымаецца пры ўладзе і будзе абраны іншы курс, антыкарупцыйныя ўстановы апынуцца пад ударам?

Алена Пракапенка: На жаль, нават дзеючая ўлада спрабуе аказаць ціск на антыкарупцыйныя ўстановы, хаця дэкларуе антыкарупцыйны вектар. На ўзроўні заканадаўчых ініцыятыў спрабуюць абмежаваць паўнамоцтвы антыкарупцыйнага бюро і яго дырэктара, наняць лаяльных аўдытараў: цяпер ёсць тры аўдытары, і мінімум адзін з іх вельмі блізкі да прэзідэнта. Рызыкі захаваюцца і пасля выбараў. Але незалежна ад таго, хто стане прэзідэнтам, сацыялогія паказвае, што 2/3 украінцаў за еўраінтэграцыю, таму рэалізоўваць супрацьлеглы вектар не ўдасца нікому.

Еўрарадыё: Хто прыйшоў з пакетам гэтых рэформаў? Гэта была грамадзянская супольнасць, палітычныя сілы ці заходнія партнёры?

Алена Пракапенка: Грамадзянская супольнасць у першую чаргу. Пасля Рэвалюцыі годнасці ў 2014 годзе стала магчымым прыняць гэтыя заканадаўчыя ініцыятывы ў якасці законаў, папярэднія напрацоўкі ўжо былі. Іншая справа, што заходніх партнёраў давялося пераконваць у неабходнасці стварэння новых устаноў, а не рэфармавання старых. Гэтая ініцыятыва ўспрымалася неадназначна, бо традыцыйны падыход у тым, што рэфармуюцца органы, якія ўжо працуюць. Таму ініцыятыва спачатку ішла ад грамадзянскай супольнасці, а потым была шырока падтрыманая Захадам — Еўрапейскім Саюзам, ЗША і краінамі Вялікай сямёркі. І цяпер антыкарупцыйныя прыярытэты ўключаныя ў спісы ўмоваў усіх асноўных донараў Украіны.

Алена Пракапенка на Tbilisi Transformational Leadership Forum. Фота з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: Былы мэр Глухава Мішэль Цярэшчанка, які заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, кажа, што асноўны пункт яго выбарчай праграмы — рэформа судовай сістэмы. Сапраўды ў гэтай сферы няма істотных дасягненняў?

Алена Пракапенка: Нешта атрымалася, але поспехі прамежкавыя. Грамадзянская супольнасць атрымала заканадаўча замацаваную ролю ў працэсе адбору суддзяў, у прыватнасці, Вярхоўнага суда. З экспертаў, журналістаў, практыкуючых юрыстаў была створаная Грамадзянская рада добрасумленнасці. І яна працуе на працягу ўсяго конкурсу па адборы суддзяў Вярхоўнага суда. Сябры рады манітораць дасье кандыдатаў, вывучаюць іх бэкграунд, правяраюць, ці ёсць у іх нейкі карупцыйны шлейф, ці былі ў іх судовай практыцы выпадкі, калі іх рашэнні былі адмененыя Еўрапейскім судом па правах чалавека. 

Іншая справа, што пакуль няма абавязковай умовы ўлічваць прапановы рады. На жаль, дагэтуль магчыма працягнуць “патрэбнага” кандыдата па пасаду суддзі, нават калі ў яго біяграфіі прысутнічаюць усе пералічаныя засцярогі. Але, дзякуючы таму, што грамадзянская супольнасць удзельнічала ў працэсе адбору суддзяў ВС, толькі 20% суддзяў, як мы лічым, маюць за сабой негатыўны шлейф. У папярэднія часы ў Вярхоўным судзе, скажам так, заплямленных суддзяў было 100%.

Еўрарадыё: Калі б рэформа дэцэнтралізацыі была здзейсненая раней, у Міхаіла Саакашвілі і Мішэля Цярэшчанкі атрымалася б зрабіць болей?

Алена Пракапенка: Хутчэй за ўсё, так. Я думаю, што без каманды, якая гатовая падтрымаць непапулярныя рэформы, складана іх рэалізоўваць, і на мясцовым узроўні кланавыя інтарэсы найбольш кансалідаваныя. Медыя на месцах як мінімум непразрыстыя і залежныя. Таму лідарам, якія робяць рэформы на мясцовым узроўні, складаней, чым нам на нацыянальным. Мы прынамсі маем выхады на медыярэсурсы. Яны часцяком і гэтага не маюць. Таму — так, вынікі менавіта такія.