Як Мікола Аўрамчык Барадуліна ў ваенкамат выклікаў

Старэйшына беларускай літаратуры, 90-гадовы паэт Мікола Аўрамчык памятае многіх — ад Купалы і Бядулі да Караткевіча з Барадуліным. Апошнія — для нас класікі — прыходзілі да Аўрамчыка ў часопіс “Маладосць” дваццацігадовымі, прыносілі свае першыя творы. Асаблівасць Аўрамчыка — жартаваць і кпіць усё жыццё, як з іншых, гэтак і з сябе. Цяпер Аўрамчык працуе над мемуарамі, якія назваў “Бывальшчына”. Еўрарадыё папрасіла паэта згадаць колькі вясёлых момантаў і розыгрышаў з жыцця нашых класікаў.


Аркадзь Куляшоў

Мікола Аўрамчык:
“Самы смешны розыгрыш… Калі Аркадзь Куляшоў, бывала званіў мне чаго-небудзь, дык ён першым чынам гаварыў: “Гэта таварыш Аўрамчык?.. Вас ваенкамат выклікае!” Я адказваў яму: “Аркадзь, не дуры галаву, у ваенкамаце ж не гавораць па-беларуску!..”

Рыгора Барадуліна Мікола Аўрамчык памятае яшчэ з часоў студэнцтва. На той час цяперашні народны паэт працаваў у часопісе “Бярозка”, а Мікола Аўрамчык паверхам вышэй быў загадчыкам аддзела часопіса “Маладосць”.



Мікола Аўрамчык: “У свой час я вельмі разыграў Рыгора Барадуліна. Ён працаваў у “Бярозцы”, а я ў “Маладосці”. “Бярозка” змяшчалася на першым паверсе пад маім пакоем, а я на другім. Барадулін на працягу кожнага дня прыбягаў да мяне і што-небудзь расказваў, цікавае альбо смешнае, альбо раіўся са мной — што яму зрабіць жыццёвае. Вось прыбягае аднойчы: “Якаўлевіч, вы ведаеце што… Не ўзлюбіў мяне загадчык ваеннай кафедры ва ўніверсітэце генерал Кірсанаў. Пайшоў да рэктара скардзіцца, што я разгільдзяй, што трэба мяне выгнаць. А рэктар кажа яму: “Таварыш Кірсанаў, ну што вы гаворыце вось жа ў мяне кніжачка яго першая стаіць з вершамі”. Дык генерал разгублена, праслязіўся нават: “Товарищ ректор, я вам о деле говорю, а вы мне о каких-то стишках!..”


Мікола Аўрамчык, сакавік 2010

Слухаючы скаргі малодшага сябра на ваенкамат, Аўрамчык — вялікі майстар розыгрышаў — вырашыў сам падкалоць Грышку.

Мікола Аўрамчык: “Ну я адзін раз тэлефаную яму ў рэдакцыю, на рускай мове гавару: “Товарищ Бородулин? Здравия желаю, капитан Перепелицын из третьего отделения военкомата. Слушайте, мы связались с генералом Кирсановым — он нелестно о вас отзывается… Мы хотели вас переводить в политсостав, а теперь я сомневаюсь… И потом, слушайте, где вы прописаны? На военном учете у нас… Вы пойдете сейчас на сборы месячные!”. Ён ажно заікацца пачаў: “Дак надо же… Т-т-товарищ к-капитан, работать же надо в редакции!..” “Что – работать, Родине надо тоже служить!.. Товарищ Бородулин, так… Товарищ Иванова, на три месяца у нас есть что-нибудь из повесток? Есть?.. А потом вернетесь – и еще на три месяца пойдете по адресу этому, где вы прописаны!.. Завтра позвоните по телефону… (і даю свой кватэрны нумар)”. Я думаў, як ён пазвоніць мне, дык я скажу: “Таварыш Барадулін, гэта кватэра Броўкі, чым вы займаецеся?!”. У панядзелак, чую, ён зайшоў у “Маладосць” у суседні пакой і кажа: “Таварыш Юрэвіч, нейкі дурань мяне так рызыграў… Я пайшоў у ваенкамат — а там мяне выгналі. Сказалі, ваенкамат павесткі прысылае, а не па тэлефоне звоніць!...”



Рыгор Барадулін, 1968 год, фота Сяргея Панізьніка


Мікола Аўрамчык добра запомніў Купалу — вялікі Пясняр некалі слухаў першыя вершы Аўрамчыка на вечарыне ў педінстытуце, пасля неаднойчы прысутнічаў на абмеркаваннях і сустрэчах у Саюзе пісьменнікаў. Пасля Купалавай гібелі Аўрамчык падтрымліваў стасункі з сям'ёй Купалы. Бывалі там і кур'ёзныя выпадкі…

Мікола Аўрамчык: “Гэта быў дзень нараджэння Купалы, мы ўскладвалі кветкі на могілках на Купалаву магілу. Усклалі кветкі, выходзім — і павінны ісці на кватэру да Купалавай сястры Леакадзіі Дамінікаўны. Нам насустрач ідуць Барадулін і Караткевіч з кветкамі. Ну, сястра іх спыніла, узяла з сабой. Пайшлі мы на кватэру, застолле, узялі па шкляначцы… Раптам навуковы супрацоўнік музея кажа мне: “Мікола, ты ж помніш, што табе трэба ісці?” Караткевіч з Барадуліным пытаюць: “А куды?” Я кажу: “Сёння дзень нараджэння Глебкі, я іду на вечар яго — вітаць яго ад імя свайго пакалення. Табе, Рыгор, таксама раіў бы пайсці і прывітаць ад свайго пакалення. А то ў Броўкі быў юбілей, ты не пайшоў… Дык хоць цяпер апраўдайся”. Яны абодва набычыліся — і на мяне глядзяць з такім сур’ёзным выглядам. Выйшлі. А мне насамрэч трэба было ісці ў Купалаўскі тэатр і перад заслонай “Паўлінкі” чытаць вершы пра Купалу. Калі я сказаў, дык сталі рагатаць, абдымацца, цалавацца: “Вось разыграў нас, дык разыграў!..”



Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін на рыжскім узмор'і. Фота Сяргея Панізьніка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі