Як літоўскія лагістычныя кампаніі "ездзяць" на кіроўцах з Беларусі

Дальнабойшчыкі / АТИ
Дальнабойшчыкі / АТИ

У літоўскіх кампаніях працуе каля 77 тысяч дальнабойшчыкаў. Каля 90% з іх — прыезджыя з Украіны, Расіі, Беларусі, Таджыкістана і Узбекістана.

"Верачы абяцанням літоўскіх прадпрымальнікаў пра высокую заработную плату і добрыя ўмовы працы, гэтыя людзі збіраюць грошы і прыязджаюць у Літву. Але, уладкаваўшыся на працу, трапляюць у своеасаблівую пастку. Яны на ўласным досведзе даведваюцца, як працуюць схемы эксплуатацыі і ўхілення ад выплаты падаткаў, створаныя літоўскімі перавозчыкамі", — сцвярджаюць журналісты Laisvės TV. Яны правялі расследаванне пра "рабскую працу мігрантаў-кіроўцаў". Сваімі гісторыямі з літоўскімі журналістамі падзяліліся і беларусы.

Адзін з найважнейшых бізнесаў

Бізнес грузаперавозак — адзін з найважнейшых у літоўскай эканоміцы. У ім вырабляецца каля 8% ВУП. Літоўскія кампаніі зазываюць замежнікаў на працу, прапаноўваючы сацыяльныя гарантыі і заработную плату каля 2000 еўра на рукі.

Але на справе выходзіць усё не зусім так. Тэлеканал пералічвае самыя распаўсюджаныя схемы, якія выкарыстоўваюцца літоўскімі перавозчыкамі для таго, каб не выконваць абяцаных умоў. Сярод іх памяншэнне сутачных, аднабаковае зніжэнне заработнай платы і яе ўтрыманні, выплата заробку наяўнымі, незаконныя дарожныя зборы, парушэнне і падробка працоўнага часу і часу адпачынку, бясплатны адпачынак.

Как литовские логистические компании “ездят” на водителях из Беларуси
Самыя распаўсюджаныя схемы / YouTube

Падман, штрафы, выплаты наяўнымі

Атрымаць абяцаныя 2000 еўра аказваецца не так проста. Кіроўцы расказваюць, што, здаралася, за паўтара месяца працы ў цяжкіх умовах зараблялі толькі па 600 еўра. Напрыклад, дзеля эканоміі літоўскія перавозчыкі пракладваюць кіроўцам маршруты па вёсках, пазбягаючы дарагіх аўтамагістраляў. Калі на тое, гэта парушэнне правілаў дарожнага руху. Але за адхіленне ад пракладзенага маршруту працадаўца адразу ж штрафуе кіроўцу. Беларускі дальнабойшчык расказвае, як, сутыкнуўшыся з рамонтам дарогі ў Партугаліі, выбраў іншы шлях і пазбавіўся адразу 100 еўра.

Таксама кіроўцы скардзяцца, што кампаніі караюць тых, хто адпачывае па правілах — 45 гадзін па-за аўтамабілем не радзей за раз на тыдзень. "Мінус 50 еўра за выкананне закона! Калі не хочаш рабіць, як ім трэба, то кажуць: "Ідзі пешшу цяпер з Італіі", — кажа ўкраінец. Мігрантам робяць падробленыя дакументы, не дапамагаюць пры праблемах са здароўем, не выплачваюць заробак своечасова, не аддаюць дакументы для паездкі дадому. Але на месца незадаволеных хутка знаходзяць новых прыезджых.

Яшчэ адна праблема — заробкі ў канвертах, але — у адваротны бок! Звычайна "ў канверце" чалавек атрымлівае нелегальны "дадатак" да афіцыйнага заробку. А тут па паперах кіроўцам налічваюць адны сумы, а на справе атрымліваецца нашмат менш! "Мы папраўдзе краіна зладзеяў", — заяўляе на відэа кіраўнік літоўскага прафсаюза.


"Мы гэтым жывём"

Што рабіць падманутым кіроўцам? Некаторыя вяртаюцца дадому, некаторыя працягваюць працаваць у ранейшых умовах, іншыя звяртаюцца ў Камісію па працоўных справах Літвы. За мінулы год яна прыняла больш за 1000 скаргаў ад дальнабойшчыкаў. Але мігрантам звычайна складана аформіць скаргу на літоўскай мове і адстаяць свае інтарэсы перад буйнымі кампаніямі.

Кампаніі, якія не выконваюць правілаў, могуць перавозіць значна больш грузаў, чым тыя, якія сумленна працуюць, канстатуюць журналісты. Сейм ўжо не раз прапаноўваў адмовіцца ад выплат наяўнымі, пераводзіць заробак толькі на рахункі. Аднак да гэтага часу сітуацыя прынцыпова не змянілася. Адзінае, чаго ўдалося дамагчыся, — невялікага павышэння афіцыйных заробкаў кіроўцаў, а дакладней, каэфіцыента.

— Міністры кажуць, што гэты бізнес вырабляе вельмі высокі працэнт ВУП, — кажа сябра парламента. — Калі мы нешта зменім, наша канкурэнтаздольнасць упадзе. А мы гэтым жывём.
 

Нават з улікам усіх штрафаў у Беларусі такога заробку не знайсці

Расследаванне ўжо "разварушыла інфармацыйнае і палітычнае асяроддзе ў Літве", кажуць літоўцы. Сейм ініцыяваў неадкладныя змены ў працоўным заканадаўстве.

Тым часам кожны з апытаных на відэа дальнабойшчыкаў, якія сутыкнуліся з падманамі і нявыплатамі, сказаў, што ўсё роўна працягне працаваць у гэтай сферы. Нават з улікам усіх штрафаў, кажуць расіяне і беларусы, у сваіх краінах яны не знойдуць працу з такім заробкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі