Як літоўцы адстаялі незалежнасць. Відэа

13 студзеня Літоўская Рэспубліка адзначыла Дзень абаронцаў свабоды. 18 год таму, у студзені 1991-га, супрацівячыся аднаўленню савецкай улады, у Літве загінулі 14 чалавек. Былі параненыя і знявечаныя каля 600 чалавек. Каля 30 чалавек зніклі без вестак. 12 студзеня 2009 года ў Вільнюсе ля будынку парламента, тэлебачання, Дому друку сотні людзей палілі вогнішча ў памяць пра тыя падзеі.

Супрацоўнікі пасольства, што сабраліся ў Амбасадзе Рэспублікі Літва ў Беларусі ўвечар 13 студзеня, прадстаўнікі літоўскай суполкі, сябры Літвы і журналісты пабачылі кадры хронікі 18-летняй даўнасці, знятыя аматарскімі відэакамерамі ў надзвычай складаных умовах. Камеры непрадузята зафіксавалі твары ўдзельнікаў ваеннай аперацыі, якой кіраваў былы намеснік міністра абароны Беларусі Ўладзімір Усхопчык, пашкоджаныя танкамі машыны на вуліцах горада, бяззбройных людзей на дахах дамоў і на плошчы каля парламента, якія, узяўшыся за рукі, спяваюць літоўскія народныя песні…

- Здаецца, што гэта было так даўно і немагчыма было падумаць, што такое калісьці ў пэўнай ступені дзе-небудзь можа паўтарыцца… Страшная рэч — нашая гісторыя, і мы гэта ўзгадваем. Але сёння хто на 100% можа гарантаваць, што такое не паўторыцца? Ніхто! Вось у чым праблема, — сказаў пасля прагляду гэтых дакументальных кадраў Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас.

… У памяць пра трагічныя і гераічныя падзеі 13 студзеня 1991 года ў дворыку амбасады Літвы запалілі сімвалічны агонь і свечкі.

Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь просіць адгукнуцца грамадзянаў Беларусі, якія прымалі ўдзел у падзеях 12-13 студзеня 1991 года ў Літве і могуць падзяліцца сваімі ўспамінамі. Звярнуцца ў пасольства можна па e-mail: [email protected]

Урокі гісторыі: Як гэта было 13 студзеня 1991 года


Кіраўніцтва СССР тады было катэгарычна супраць незалежнасці Літвы і дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці, якую ў Вільнюсе 11 сакавіка 1990 года прыняў Літоўскі Парламент.

12 студзеня 1991 года пасля апоўначы з ваеннага гарадка ў Вільні зрушыліся танкі. Калона пачала манеўраваць у тэлевежы і будынкі Літоўскага радыё і тэлебачання. Бяззбройныя людзі ахоўвалі не толькі парламент і ўрад, але і найбольш важныя стратэгічныя аб'екты. Да другой гадзіны ночы працаўнікі тэлебачання транслявалі тое, што адбываецца ў краіне, пасля вайскоўцы занялі будынак і тэлевежу.

Ля тэлевізійнага комплексу і вежы загінула 14 грамадзянаў Літвы. Былі параненыя і скалечаныя каля 600 чалавек. Каля 30 чалавек зніклі без вестак.

Штурм будынка парламента так і не быў распачаты. На яго абарону сталі сотні тысяч патрыётаў, якія прыехалі з усіх куткоў Літвы. Путч быў спынены.

16 студзеня хавалі тых, хто загінуў. Вуліцы Літвы былі запоўненыя сотнямі тысячаў жыхароў Літвы.

9 лютага падчас апытання-плебісцыту каля 85% жыхароў Літвы прагаласавалі за тое, каб Літва была незалежнай дэмакратычнай дзяржавай.

Савецкія войскі пакінулі тэрыторыю Літвы 31 жніўня 1993 года.

Студзеньскія падзеі радыкальным чынам змянілі меркаванне сусветнай грамадскасці і палітыкаў – Літва самавызначылася і абрала еўрапейскую арыентацыю.

29 сакавіка 2004 года Літва стала чальцом НАТО, а 1 траўня 2004 года – чальцом ЕС.



Завтра твоей страны

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі