Як “Гарызонт” будзе прадаваць тэлевізары Sony?

Тэлевізары, пральныя машыны ды іншую тэхніку ў Беларусь павязуць айчынныя заводы, калі праект указа “Аб спецімпарцёрах” усё ж прымуць. Манаполію на імпарт шэрагу тэхнікі на паўгода аддадуць 12 прадпрыемствам.

“Гэты праект яшчэ не падпісаны і не прыняты, таму рана казаць, што чагосьці стане болей ці меней. Але гэта змяняе структуру імпарту. Нашая бытавая тэхніка і радыёэлектронныя прылады не горшыя за сусветныя аналагі. Гэта плануецца зрабіць на паўгода. А па выніках ужо будуць прымаць рашэнне”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Міністэрстве прамысловасці. Тут супакойваюць, што менш бытавой тэхнікі не стане.

Чыноўнікі мяркуюць, што для спажыўца праблемы выбару не будзе, а заводы наладзяць кантакты з сусветна вядомымі вытворцамі. Вось толькі навошта заводу “Атлант” прывозіць лядоўні, аналагі якіх ён сам вырабляе?

“У нас яшчэ няма ніякіх дакументаў. Няма ніякіх указанняў да дзейнасці”, — гавораць Еўрарадыё на “Атланце”, які паводле праекта закона — адзін з імпарцёраў лядоўняў ды пральных машын.

Нават аддзел, які будзе займацца гэтым самым імпартам, пакуль не стваралі. На Мінскім аўтамабільным заводзе таксама пакуль не ведаюць, як будуць займацца імпартам.

“Пакуль у нас ціха і інфармацыі ніякай не маем”, — адказваюць на заводзе.

Выгадаў ад указа на заводзе “Гарызонт” пакуль не падлічвалі. Тут чакаюць указанняў.

“Зверху, ад адпаведных органаў няма распараджэнняў, калі будзе канкрэтна зразумела ўсё, тады звяртайцеся”, — гавораць на заводзе. Незразумела толькі, навошта “Гарызонту” ўвозіць у Беларусь канкурэнта —  тэлевізар Sony, напрыклад.

Сённяшнія імпарцёры прадказваюць дэфіцыт тэхнікі і спадзяюцца, што ўказ не прымуць. Бо ў заводаў пакуль няма каналаў паставак.

“Мы чакаем, што пасля прыняцця на квартал можа здарыцца дэфіцыт замежнай тэхнікі па той групе тавараў, якая прапісаная ў дакуменце. Бо няма непасрэдных кантрактаў, няма каналаў паставак — гэта пакуль сыра вельмі. Пакуль не заключацца кантракты, не выбудуецца лагістыка, гэта квартал як мінімум”, — тлумачаць у сетцы крамаў “Пяты элемент”, адным з буйных імпарцёраў.

І дадаюць, што сярод айчыннай тэхнікі робяць шмат аналагаў сусветна вядомых брэндаў:

“У цэнавай нішы аналагі заўжды ёсць, але ёсць пытанні, у некаторых вытворцаў асартымент вузейшы, чым у сусветных брэндаў, не такія шырокія мадэльныя шэрагі”.

У першым квартале 2014 года, напрыклад, прадалі 60 тысяч тэлевізараў. Айчынных з іх — 12%. Пральных машын за гэты час прадалі 34 тысячы штук, з іх айчынных — 36%, падлічвае Белстат.

Фота: virtual.brest.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі