Як Дэкрэт №7 змяніў прыбытковасць укладаў (лічбы)

Як Дэкрэт №7 змяніў прыбытковасць укладаў (лічбы)

У банках кажуць, што пасля прыняцця гэтага дакумента працэнты па валютных укладах знізіліся прыкладна на 2 пункты, па рублёвых — на пяць.

 

Валютныя ўклады

Новыя прапановы па валютных укладах банкі пачынаюць рабіць ужо на наступны дзень пасля навінаў пра Дэкрэт №7 і працягваюць дагэтуль. У “Беларусбанку” Еўрарадыё паведамляюць, што спіс прапанаваных укладаў дагэтуль абнаўляецца, але ў цэлым можна сказаць, што працэнты знізіліся.

“Прапановы пастаянна з’яўляюцца. Вы можаце сачыць за імі на нашым сайце — там усе аператыўныя навіны. Але ў цэлым можна адзначыць, што працэнтныя стаўкі зніжаюцца. На валютныя ўклады зніжэнне прыкладна роўнае 2%”, — паведамляюць у банку.

Іншымі словамі, калі да падпісання Дэкрэта №7 у “Беларусбанк” можна было пакласці 5000 долараў прыкладна пад 6%, то цяпер толькі пад 4% (з магчымасцю зняць свае грошы ў любы момант, без магчымасці — пад 5%).

То бок раней, маючы 5000 долараў, у “Беларусбанку” за год можна было зарабіць на дэпазіце 300 “зялёных”. Цяпер — толькі 200, з якіх 26 прыйдзецца аддаць дзяржаве ў выглядзе падаткаў. У выніку застаецца толькі 174. На 126 долараў менш, чым да Дэкрэта №7.

Выйсце — несці долары ў банк як мінімум на два гады без магчымасці датэрмінова іх зняць. У беларускіх умовах гэта варыянт альбо для людзей з жалезнымі нервамі, альбо для сапраўды багатых.

 

Рублёвыя ўклады

Тут крыху складаней. Некаторыя банкі нават прыпынілі заключэнне дамоваў па рублях на некаторы час. Напрыклад, “Белаграпрамбанк” па папулярнай прапанове “Лінія росту 2.0” зрабіў гэта з 12 лістапада. У прэс-службе банка кажуць, што спецыялісты працуюць над удакладненнямі новых ўмоваў укладаў. І адзначаюць, што працэнты, хутчэй за ўсё, знізяцца:

“Верагодна, зніжэнне працэнтных ставак па рублёвым ўкладам складзе каля 5%. Гэта агульная сітуацыя на рынку банкаўскіх паслуг”.

Прычым, стаўкі знізіліся нават па ўкладах, зробленых да падпісання нашумелага дэкрэта. Лічым. Новы уклад “Стандарт” таго ж “Белаграпрамбанка” прапаноўвае 26% па рублёвых дэпазітах. Кладзем 10 мільёнаў, у выніку праз год будзем мець 2 мільёны 600 тысяч чыстага прыбытку — падатак плаціць не трэба, нашы грошы ляжалі ў банку дастаткова працяглы тэрмін.

Аднак, калі б мы мелі магчымасць, як раней, пакласці грошы пад 31%, то са сваіх 10 мільёнаў зарабілі б 3 мільёны 100 тысяч — на 500 тысяч больш. Не крытычна. Але калі перавесці ў рублі нашы 5000 долараў (па курсе на 16 лістапада гэта будзе каля 90 мільёнаў), то розніца ў прыбытках складзе ўжо 4,5 мільёна. То бок укладчык заробіць на 250 долараў менш.

Як Дэкрэт №7 змяніў прыбытковасць укладаў (лічбы)

На працэнтныя стаўкі па крэдытах больш уплывае існаванне ў Беларусі льготнага крэдытавання па дзяржаўных праграмах. Калі б яго не было, тады банкі маглі б зніжаць стаўкі па крэдытах

Вадзім Іосуб

Ці знізяцца працэнты па крэдытах

Старшы аналітык “Альпары” у Мінску, эканаміст Вадзім Іосуб называе тры варыянты развіцця падзей у бліжэйшыя месяцы:

1. Людзі пакінуць свае грошы на кароткатэрміновых укладах, пагаджаючыся на зніжэнне працэнтаў і выплату падаткаў.

2. Перавядуць свае грошы з кароткатэрміновых укладаў на доўгатэрміновыя (на год і больш).

3. Укладчыкі пачнуць здымаць свае грошы з рублёвых укладаў і набываць валюту ў абменніках.

Трэці варыянт, відаць, найменш прыемны для ўладаў. “Гэта будзе азначаць рост попыту на валюту і, адпаведна, росту курса долара… даць прагноз, у якой прапорцыі укладчыкі размяркуюцца па гэтых групах, пакуль даволі складана”, — гаворыць Іосуб.

Адначасова аналітык крытычна ставіцца да магчымасці зніжэння працэнтаў па крэдытах, чаго так чакае пасля падпісання дэкрэта №7 Нацбанк. “На працэнтныя стаўкі па крэдытах больш уплывае існаванне ў Беларусі льготнага крэдытавання па дзяржаўных праграмах. Калі б яго не было, тады банкі маглі б зніжаць стаўкі па крэдытах”, — перакананы Вадзім Іосуб.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі