Як беларуская фатаграфія выратуе сацыялогію?

У Мінску прайшоў конкурс дакументальнай фатаграфіі, пасля якога фатографам прапанавалі супрацоўнічаць з беларускімі сацыёлагамі Фотавыстава “Архіў часу”, стала вынікам тэматычнага конкурсу і спробай стварэння беларускай дакументальнай фатаграфіі. Канкурсантам былі прапанаваны чатыры тэмы: “Жыццё маленькай вёскі”, “Партрэт сыходзячага пакалення”, “Сямейныя звычаі, святы, рытуалы” і аўтарскі праект на іншыя сацыяльныя тэмы.


Фота: Сяргей Навіцкі.

Адзін з арганізатараў конкурсу, дырэктар Цэнтра фатаграфіі Аляксей Шынкарэнка, лічыць, што дакументальнай і сацыяльнай фатаграфіі ў Беларусі пакуль не існуе. Менавіта таму падобныя выставы могуць фармаваць стаўленне да дакументалістыкі:

"У Беларусі ніхто не суадносіць сябе з сацыяльнай фатаграфіяй, —
кажа Аляксей. — Паўгода назад, калі мы абмяркоўвалі ідэю конкурсу, мы задаліся пытаннем, а хто наогул у Беларусі гатовы адрэагаваць на такую прапанову? Вось, мы заявім: мы шукаем дакументальную фатаграфію! Бо большасць людзей у нас вузка разумеюць гэты тэрмін. А "сацыяльна-дакументальная фатаграфія" (social documentary) — гэта тэрмін, якога тут папросту няма. Але гэта пакуль".

Нягледзячы на тое, што адкрыццё выставы было запланавана на 18.30, людзі пачалі прыходзіць ужо ў тры гадзіны дня, што кажа пра папулярнасць не толькі фатаграфіі як жанру мастацтва, але і пра актуальнасць дакументальнай фатаграфіі, хай пакуль і не такую вялікую, як у краінах Еўропы і ЗША.

"Мы хочам звярнуць увагу людзей на дакументальную прыроду фатаграфіі. Бо адна з галоўных задач фатаграфіі — гэта даследаванне. Фатограф — гэта даследчык. За кошт яго грамадства можа атрымліваць пра сябе інфармацыю. Мы павінны здабываць максімум са здольнасці фатаграфіі кантактаваць з часам, з момантам. Вось, што трэба выкарыстоўваць!


Фота:  Аляксандр Стрыжонак

У нас няма візуальнага архіва, наша грамадства не пакідае сведчанняў пра сваё існаванне ў фатаграфічнай форме. Вядома ж, акрамя паштовак і дамашніх фотаальбомаў. А тое, што пасярэдзіне, паміж імі — гэта рэдкія, асобныя успышкі дакументальнай фатаграфіі. Трэба запаўняць гэту сярэдзіну. Таму, мы і заняліся гэтым конкурсам", —
кажа Аляксей Шынкарэнка.

У наступным годзе, паралельна з конкурсам фотаработ, арганізатары плануюць заснаваць прэмію. Такой прэміяй арганізатары хочуць падтрымаць асобнага аўтара, дапамагчы яму ў развіцці, надрукаваць кнігу ці часопіс з яго фота-праектам.

На пытанне, чаму сёння так важна для фатографа думаць менавіта праектамі, Аляксей Шынкарэнка адказаў, што сама па сабе фатаграфія сёння не абароненая:

"Калі фатаграфія выходзіць у публічную прастору ў адзіночку, яна падвяргаецца мноству тлумачэнняў. Сёння можна прычапіцца нават да цвіка, роўна, як і да любой асобнай фатаграфіі, абвінаваціўшы яе ў абразе гледача, папулярызацыі непажаданых ідэй і г.д. Для таго каб не было такога непаразумення, і патрэбныя праекты, некалькі фатаграфій, аб'яднаных адзіным кантэкстам. Менавіта агульны кантэкст абараняе фатаграфію, звужаючы кола магчымых тлумачэнняў".

Дакументальная фатаграфія ўжо знаходзіць сябе ў навуковым ўжытку. Беларускіх сацыёлагаў зацікавіла магчымасць сацыяльна-дакументальнай фатаграфіі дапамагаць у сацыяльнай работы. Удзельнікі выставы "Архіў часу" будуць запрошаны ў БДПУ, дзе яны правядуць шэраг семінараў, прысвечаных сацыяльнай фатаграфіі.

"Мы плануем уключаць нашых фатографаў у сацыяльныя праекты. Нам цікавая візуалізацыя сацыяльнай работы. Разам мы хутчэй звернем ўвагу грамадства на сацыяльныя праблемы. Зарплата ў сацыяльных работнікаў вельмі маленькая, і таму мы хочам прыцягваць іншых людзей для аказання сацыяльнай дапамогі.



Фота: Андрэй Давыдчык

Нам падаецца, што фатаграфія можа нам дапамагчы. Вядома ж, яшчэ трэба будзе даследаваць фатаграфію і тыя ўяўленні, якія яна фармуе ў людзей, як яна ўплывае на іх светапогляд, на гатовасць дапамагчы тым людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі"
, — кажа старэйшы выкладчык кафедры сацыяльнай працы ў БДПУ, кандыдат навук, Святлана Ярмоліч.


Фота: Юрый Горыд

Па выніках галасавання журы, ніводнаму з фота-праектаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, не быў прысуджаны галоўны грашовы прыз. Аргкамітэт вырашыў выдаткаваць гэтыя грошы на выданне выніковага каталога конкурсу "Архіў часу". Так што, у хуткай будучыні мы зможам стаць сведкамі таго, як нараджаецца дакументальная беларуская фатаграфія.

Пакуль жа працы фіналістаў конкурса можна ўбачыць у кінатэатры "Перамога". Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 20. Выстава працуе да 9 снежня.


Фота: Аляксей Бібікаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі