"А я не думаю, што яна такая таленавітая, што грэбуе статусам раённай газеты"

Рэдактар валожынскай газеты "Працоўная слава" Алена Пашкевіч распавяла Еўрарадыё, чаму іх “раёнка” так прагне займець у сваім штаце Ксенію Авімаву, якая нядаўна была названая найлепшым блогерам у свеце. Пазаштатны карэспандэнт недзяржаўнай газеты "Беларусы і рынак" Ксенія Авімава павінна выплаціць дзяржаве 22 мільёны рублёў. Такую суму маладая журналістка, чый Інтэрнэт-дзённік у сярэдзіне лістапада перамог у міжнародным конкурсе блогераў, павінна заплаціць за адмову працаваць па размеркаванні.

Журналісцкі факультэт Белдзяржуніверсітэта накіраваў выпускніцу ў валожынскую раённую газету "Працоўная слава". Як распавяла Ксенія ў інтэрв’ю “Салідарнасці”, кіраўніцтва штотыднёвіка “Белорусы и рынок” своечасова напісала запыт на факультэт з просьбай размеркаваць яе працаваць у сталічнай газеце.

Аднак камісія палічыла, што багаты недзяржаўны штотыднёвік яшчэ выхавае для сябе новыя кадры, а Авімава павінна адпрацаваць па дзяржзамове. Як даведалася Еўрарадыё, у Валожыне месца Авімавай дагэтуль застаецца вакантным. Пра гэта паведаміла Алена Пашкевіч, якая выконвае абавязкі галоўнага рэдактара “раёнкі”:

“Маладыя спецыялісты нам патрэбныя, таму мы і напісалі заяўку на факультэт. Яна не прыбыла на месца. Яе дзяржаўная камісія размеркавала. Рашэнне дзяржкамісіі яна павінна выконваць”.

Алена Пашкевіч адмовілася назваць, якія заробкі атрымліваюць журналісты “Працоўнай славы”. Што датычыцца Ксеніі Авімавай, то кіраўніцтва газеты абяцае ёй роўныя з усімі ўмовы працы, а таксама інтэрнат. Рэдактар абураецца, што выпускніца дагэтуль не прыехала ў рэдакцыю:

“Я яе ніколі не бачыла. Пяты месяц, як яе размеркавалі да нас, а яна нават не зрабіла ласкі, каб прыехаць сустрэцца з рэдактарам. А я не думаю, што яна такая таленавітая, што пагрэбавала статусам раённай газеты. Хацелася б пачытаць яе матэрыялы, паглядзець наколькі яна прафесійная. Патрабаванням дзяржавы яна павінна падпарадкавацца”.

Калі рэдактар газеты даведалася ад Еўрарадыё, што Ксенія Авімава нядаўна была прызнана найлепшым блогерам у свеце, то цікаўнасць да маладога спецыяліста толькі павялічылася.

“Калі яна выйграла конкурс, то такія спецыялісты нам тым больш патрэбныя. Тым больш мы яе будзем з рукамі-нагамі сюды, каб яна нам падняла статус газеты, паказала, як трэба ў духу сучасных патрабаванняў працаваць, як пісаць. Мы будзем рады ў раённай газеце мець такога спецыяліста. Газета павінна развівацца!”

У сваю чаргу Ксенія ехаць у Валожын не збіраецца і шукае неабходную суму, каб адкупіцца ад размеркавання.

Фота — "Салідарнасць"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі